Генэральны сакратар ААН Антонію Гутэрыш абмеркаваў з прэзыдэнтам Украіны Ўладзімірам Зяленскім пытаньне аб неабходнасьці працягу збожжавай ініцыятывы, а таксама праблему дэпартацыі Расеяй украінскіх дзяцей з часова акупаваных тэрыторый.
«Мы зацікаўленыя ў тым, каб не было голаду ў сьвеце, і наша палітыка ў тым, каб прадоўжыць калідор збожжавай ініцыятывы, і мы таксама ўздымалі пытаньне аб магчымай пралянгацыі гэтай ініцыятывы і як яе можна пашырыць. І абавязкова абмяркуем пытаньне дэпартацыі дзяцей», — сказаў Уладзімір Зяленскі на сустрэчы з генэральным сакратаром ААН Антонію Гутэрышам.
У сваю чаргу, генэральны сакратар ААН заявіў пра надзвычайную важнасьць падоўжыць Чарнаморскую збожжавую ініцыятыву, паводле якой удалося вывезьці на зьнешні рынак 23 мільёны тон збожжа.
«Дзякуючы гэтаму ўдалося зьнізіць у сьвеце цэны на харчаваньне. Індэкс харчовых цэн ФАО зьнізіўся амаль на на 20%. Экспарт украінскага, расейскага збожжа і ўгнаеньняў неабходныя для глябальнай харчовай бясьпекі», — працытавала Гутэрыша інфармацыйнае агенцтва «Інтерфакс Україна».
Уладзімір Зяленскі таксама зьвярнуў увагу Антонію Гутэрыша на неабходнасьць спыніць ядзерны шантаж з боку Расеі.
«Абмеркавалі, у прыватнасьці, бясьпеку Запароскай АЭС, якая павінна перайсьці пад украінскі кантроль», — сказаў ён.
Генэральны сакратар ААН, са свайго боку, заявіў, што дэмілітарызацыя зоны вакол Запароскай АЭС — вельмі важны аспэкт. Антонію Гутэрыш падкрэсьліў, што ААН разглядае расейскае ўварваньне ва Ўкраіну як парушэньне статуту ААН і міжнароднага права.
«Сувэрэнітэт і тэрытарыяльная цэласнасьць Украіны павінны быць захаваныя ў міжнародна прызнаных межах. Пакуль гэтага не дасягнулі, мы будзем працаваць над зьмяншэньнем пакут людзей ва Ўкраіне», — дадаў ён.
Дзеяньне збожжавай дамовы, заключанай паміж Расеяй і Ўкраінай пры пасярэдніцтве ААН і Турэччыны летась 22 ліпеня, заканчваецца 18 сакавіка.
Раней яе дзеяньне працягвалі на 120 дзён. Апошнім часам Расея ўсё часьцей заяўляе, што лічыць немэтазгодным падаўжаць дамову ва ўмовах санкцый супраць Расеі і абмежаваньняў на пастаўкі мінэральных угнаеньняў. У сярэдзіне лютага з боку Расеі ў Басфоры ўтварылася чарга з больш як 140 сухагрузаў, і большая іх частка там ужо больш за месяц. Кіеў зьвязаў гэта з наўмыснымі дзеяньнямі расейскіх інспэктараў, якія правяраюць сухагрузы.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Кіеў абвінаваціў Маскву ў перашкодах «зялёнаму калідору» ў Чорным моры для вывазу ўкраінскага збожжаУкраіна — адзін з найбуйнейшых сусьветных экспартэраў збожжа. Летась з прычыны расейскага ваеннага ўварваньня ў заблякаваных чарнаморскіх партах назапасіліся мільёны тон харчаваньня. Кіеў абвінавачваў у гэтым Расею. Масква сьцьвярджала, што вадаплавы са збожжам ня могуць выйсьці з прычыны ўкраінскіх мінаў у акваторыі. ААН папярэджвала пра рызыку голаду — перш за ўсё ў бедных краінах Афрыкі і Азіі.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: У Турэччыне абвясьцілі аб падаўжэньні «збожжавай ініцыятывы» яшчэ на 3 месяцы. Украіна прапануе для яе порт у Мікалаеве ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Беларусь згодная на транзыт украінскага збожжа «без папярэдніх умоваў», але з адной просьбайВайна Расеі супраць Украіны
- А 5-й гадзіне раніцы 24 лютага 2022 году кіраўнік Расеі Ўладзімір Пуцін заявіў пра пачатак ваеннай апэрацыі супраць Украіны на Данбасе па просьбе груповак «ДНР» і «ЛНР». 21 лютага падчас тэлезвароту да расейцаў Пуцін назваў так званыя «ДНР» і «ЛНР» незалежнымі дзяржавамі ў межах абласьцей. 22 лютага Савет Фэдэрацыі ратыфікаваў гэтае рашэньне.
- Расейскія войскі атакавалі ў тым ліку з тэрыторыі Беларусі, выкарыстоўваючы лётнішчы, базы і дарогі. Прадстаўнікі рэжыму Лукашэнкі апраўдваюць вайну, яго праціўнікі лічаць тэрыторыю Беларусі акупаванай, многія заклікаюць да супраціву расейскім захопнікам.
- Насуперак заявам Пуціна пра атакі выключна на вайсковыя аб'екты, расейцы бамбяць школы, дзіцячыя садкі і жылыя кварталы ўкраінскіх гарадоў.
- 2 красавіка 2022 году, пасьля вызваленьня гораду Буча пад Кіевам, фотакарэспандэнты апублікавалі дзясяткі фотаздымкаў, на якіх відаць сотні нябожчыкаў, ахвяр масавых забойстваў, учыненых расейскімі войскамі. Многія пахаваныя ў стыхійных брацкіх магілах. Вялікія разбурэньні прынесла расейская акупацыя і Барадзянцы.
- З 24 лютага Расея захапіла толькі адзін абласны цэнтар — Херсон. Расейскія войскі адступілі зь яго і з правабярэжнай часткі Херсонскай вобласьці ў лістападзе 2022 году. Горад быў акупаваны расейскімі войскамі ў першыя дні вайны фактычна без баёў. Увосень 2022 году ўкраінскія войскі правялі маштабны контранаступ, у выніку якога расейскія сілы пакінулі большасьць сваіх пазыцый у Харкаўскай вобласьці.
- Нягледзячы на першапачатковыя заявы Пуціна пра тое, што акупацыя ўкраінскіх тэрыторыяў не ўваходзіць у пляны ўварваньня, 30 верасьня 2022 году была абвешчана анэксія чатырох вобласьцяў Украіны (Данецкай, Запароскай, Луганскай і Херсонскай), у тым ліку і тэрыторыяў, якія Расея не кантралявала.
- 21 верасьня 2022 году Пуцін заявіў пра мабілізацыю ў Расеі. Пасьля гэтай заявы тысячы расейцаў накіраваліся на памежныя пункты і пачалі выяжджаць у Грузію, Казахстан, Армэнію, Манголію, Фінляндыю і іншыя краіны. У самой Расеі праціўнікі вайны падпалілі некалькі вайсковых камісарыятаў.
- У 2023 годзе Лукашэнка і Пуцін заявілі пра разьмяшчэньне ў Беларусі расейскай ядзернай зброі. 13 чэрвеня Лукашэнка сказаў, што частка ядзернай зброі ўжо дастаўлена з РФ у Беларусь. 16 чэрвеня Пуцін таксама заявіў, што першыя ядзерныя зарады ўжо дастаўленыя на тэрыторыю Беларусі, а астатнюю частку перамесьцяць «да канца лета або да канца году».
- 3 верасьня ўкраінскі брыгадны генэрал Аляксандар Тарнаўскі заявіў, што Ўзброеныя сілы Ўкраіны прарвалі першую лінію абароны на запароскім кірунку, на якую расейцы выдаткавалі больш за ўсё рэсурсаў.
- У канцы 2023 і на пачатку 2024 расейцы працягвалі масавыя абстрэлы ўкраінскіх гарадоў: Дніпры, Кіеве, Харкаве, Адэсе і іншых месцах дзясяткі людзей загінулі і атрымалі раненьні. Украінскі бок у адказ абстрэльваў расейскі Белгарад, некалькі чалавек загінулі. Узброеныя сілы дзьвюх краін рэгулярна атакуюць падкантрольныя адна адной тэрыторыі бесьпілётнікамі.
- Агулам з пачатку 2024 году ўкраінскія дроны пашкодзілі 18 расейскіх НПЗ, што прывяло да скарачэньня вытворчасьці амаль на 14%. У сакавіку былі атакаваныя такія абʼекты, як Разанскі НПЗ «Раснафты» і завод «Лукойла» ў Кстове ў Ніжагародскай вобласьці. Абодва ўваходзяць у топ-10 найбуйнейшых НПЗ Расеі і забясьпечваюць бэнзінам Маскву.
- 6 жніўня 2024 году Ўкраіна пачала апэрацыю ў Курскай вобласьці. 19 жніўня прэзыдэнт Украіны Ўладзімір Зяленскі заявіў, што пад кантролем Украіны ў ходзе апэрацыі Ўзброеных сілаў Украіны знаходзяцца 92 паселішчы Курскай вобласьці Расеі. Галоўнакамандуючы Ўзброенымі сіламі Ўкраіны Аляксандар Сырскі ўдакладніў, што такіх населеных пунктаў 82. Улады Ўкраіны заявілі пра стварэньне ваенных камэндатураў і арганізацыі перадачы «гуманітарнай дапамогі ў населеныя пункты, якія знаходзяцца пад кантролем Украіны». Экспэрты Інстытуту вывучэньня вайны, прааналізаваўшы заявы і відэаматэрыялы з геалякацыяй, выказалі меркаваньне, што Ўкраіна кантралюе ў Курскай вобласьці ня ўсю тэрыторыю ў заяўленых межах прасоўваньня.
- 16-18 жніўня ўкраінскія сілы падарвалі тры масты, якія мелі стратэгічнае значэньне для матэрыяльна-тэхнічнага забесьпячэньня групоўкі расейскіх войскаў ва Ўкраіне і вайсковай авіяцыі, якая базуецца ў Курскай вобласьці.
- Незалежная праверка інфармацыі пра ваенныя дзеяньні, якую даюць афіцыйныя асобы розных бакоў, не заўсёды магчымая.