Экспэрты амэрыканскага Інстытуту вывучэньня вайны (ISW) перакананыя, што расейскім войскам не хапае магчымасьцяў выкарыстаць тактычны захоп Бахмуту для атрыманьня апэратыўнага эфэкту.
«Пасьля захопу Бахмуту расейскім войскам давядзецца выбіраць паміж дзьвюма лініямі наступу, якія разыходзяцца. Яны могуць паспрабаваць прасунуцца на захад у кірунку Канстанцінаўкі (прыкладна 20 кілямэтраў ад Бахмуту) або могуць на паўночны захад у кірунку Славянск — Краматорск (прыкладна 40 кілямэтраў ад Бахмуту). Гэтыя два патэнцыяльныя кірункі не падтрымліваюць адзін аднаго, і зьнясіленым расейскім войскам, хутчэй за ўсё, давядзецца аддаць перавагу толькі аднаму, каб мець нейкія шанцы на посьпех», — адзначаецца ў справаздачы інстытуту.
Паводле экспэртаў ISW, украінскія сілы таксама моцна ўмацавалі абодва гэтыя маршруты, якія забясьпечваюцца шматлікімі наземнымі лініямі сувязі, што праходзяць глыбока ва ўкраінскі тыл, і любая спроба Расеі прасунуцца па гэтых кірунках прывядзе да вялікіх страт.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Ва ўкраінскім войску назвалі імя палоннага ўкраінца, якога, як мяркуецца, расстралялі расейцы ў адказ на словы «Слава Ўкраіне»«Апроч таго, расейцам, пэўна, не стае мэханізаваных сілаў, неабходных для наступу за Бахмут, а тактычныя „штурмавыя атрады“, якія выкарыстоўваюцца ў штурмах Бахмуту, падобна, ня здольныя весьці манэўравую вайну. Апошнія расейскія наступы ў гарадзкіх раёнах Бахмута дэманструюць, што расейскія войскі могуць забясьпечыць абмежаваныя тактычныя посьпехі з дапамогай франтальных нападаў пад кіраўніцтвам пяхоты», — мяркуюць у Інстытуце вывучэньня вайны.
Выведка Вялікай Брытаніі: перад Расеяй паўстала вялікая праблема выбару кірункаў наступу
У выведцы Міністэрства абароны Вялікай Брытаніі зьвяртаюць увагу на абвастрэньне канкурэнцыі паміж міністрам абароны Сяргеям Шайгу і ўласьнікам прыватнай вайсковай кампаніі «Вагнэр» Яўгеніем Прыгожыным.
Менавіта з гэтым брытанскія выведнікі зьвязваюць візыт Сяргея Шайгу ў Марыюпаль, які, паводле іх, адбыўся 4 сакавіка.
Брытанскія выведнікі адзначылі правал расейскай кампаніі пад Вуглядарам, які расейская армія разглядала як як ключавы спосаб дасягнуць значнага ў апэратыўным пляне прарыву на фронце.
«Расея, імаверна, сутыкнуліся з дылемай: паспрабаваць яшчэ адзін штурм Вуглядара або падтрымаць інтэнсіўныя баі далей на поўнач каля Бахмуту і Крамянной», — мяркуюць брытанскія выведнікі.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Замежныя выведкі: страты Расеі пад Бахмутам у пяць разоў перавышаюць страты ЎкраіныГенштаб Украіны: колькасьць расейскіх атак павялічылася
У Генэральным штабе Ўзброеных сіл Украіны паведамілі, што за апошнія содні Расея сканцэнтравала свае намаганьні на пяці кірунках Харкаўскай, Луганскай і Данецкай абласьцей, у тым ліку пад Бахмутам. Там украінскія абаронцы адбілі больш як 100 атак расейцаў.
«На бахмуцкім кірунку праціўнік, нягледзячы на значныя страты, і далей штурмуе горад Бахмут», — адзначаецца ў паведамленьні ўкраінскага Генштабу.
У Міністэрстве абароны Расеі традыцыйна паведамляюць толькі пра страты ўкраінскага боку. Аднак названыя ім кірункі баёў супадаюць з тымі, якія называюць Украіна, брытанская выведка і Інстытут вывучэньня вайны.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Пэнтагон: падзеньне Бахмуту ня стала б прыкметай таго, што РФ дамаглася пералому падчас вайныВайна Расеі супраць Украіны
- А 5-й гадзіне раніцы 24 лютага 2022 году кіраўнік Расеі Ўладзімір Пуцін заявіў пра пачатак ваеннай апэрацыі супраць Украіны на Данбасе па просьбе груповак «ДНР» і «ЛНР». 21 лютага падчас тэлезвароту да расейцаў Пуцін назваў так званыя «ДНР» і «ЛНР» незалежнымі дзяржавамі ў межах абласьцей. 22 лютага Савет Фэдэрацыі ратыфікаваў гэтае рашэньне.
- Расейскія войскі атакавалі ў тым ліку з тэрыторыі Беларусі, выкарыстоўваючы лётнішчы, базы і дарогі. Прадстаўнікі рэжыму Лукашэнкі апраўдваюць вайну, яго праціўнікі лічаць тэрыторыю Беларусі акупаванай, многія заклікаюць да супраціву расейскім захопнікам.
- Насуперак заявам Пуціна пра атакі выключна на вайсковыя аб'екты, расейцы бамбяць школы, дзіцячыя садкі і жылыя кварталы ўкраінскіх гарадоў.
- 2 красавіка 2022 году, пасьля вызваленьня гораду Буча пад Кіевам, фотакарэспандэнты апублікавалі дзясяткі фотаздымкаў, на якіх відаць сотні нябожчыкаў, ахвяр масавых забойстваў, учыненых расейскімі войскамі. Многія пахаваныя ў стыхійных брацкіх магілах. Вялікія разбурэньні прынесла расейская акупацыя і Барадзянцы.
- З 24 лютага Расея захапіла толькі адзін абласны цэнтар — Херсон. Расейскія войскі адступілі зь яго і з правабярэжнай часткі Херсонскай вобласьці ў лістападзе 2022 году. Горад быў акупаваны расейскімі войскамі ў першыя дні вайны фактычна без баёў. Увосень 2022 году ўкраінскія войскі правялі маштабны контранаступ, у выніку якога расейскія сілы пакінулі большасьць сваіх пазыцый у Харкаўскай вобласьці.
- Нягледзячы на першапачатковыя заявы Пуціна пра тое, што акупацыя ўкраінскіх тэрыторыяў не ўваходзіць у пляны ўварваньня, 30 верасьня 2022 году была абвешчана анэксія чатырох вобласьцяў Украіны (Данецкай, Запароскай, Луганскай і Херсонскай), у тым ліку і тэрыторыяў, якія Расея не кантралявала.
- 21 верасьня 2022 году Пуцін заявіў пра мабілізацыю ў Расеі. Пасьля гэтай заявы тысячы расейцаў накіраваліся на памежныя пункты і пачалі выяжджаць у Грузію, Казахстан, Армэнію, Манголію, Фінляндыю і іншыя краіны. У самой Расеі праціўнікі вайны падпалілі некалькі вайсковых камісарыятаў.
- У 2023 годзе Лукашэнка і Пуцін заявілі пра разьмяшчэньне ў Беларусі расейскай ядзернай зброі. 13 чэрвеня Лукашэнка сказаў, што частка ядзернай зброі ўжо дастаўлена з РФ у Беларусь. 16 чэрвеня Пуцін таксама заявіў, што першыя ядзерныя зарады ўжо дастаўленыя на тэрыторыю Беларусі, а астатнюю частку перамесьцяць «да канца лета або да канца году».
- 3 верасьня ўкраінскі брыгадны генэрал Аляксандар Тарнаўскі заявіў, што Ўзброеныя сілы Ўкраіны прарвалі першую лінію абароны на запароскім кірунку, на якую расейцы выдаткавалі больш за ўсё рэсурсаў.
- У канцы 2023 і на пачатку 2024 расейцы працягвалі масавыя абстрэлы ўкраінскіх гарадоў: Дніпры, Кіеве, Харкаве, Адэсе і іншых месцах дзясяткі людзей загінулі і атрымалі раненьні. Украінскі бок у адказ абстрэльваў расейскі Белгарад, некалькі чалавек загінулі. Узброеныя сілы дзьвюх краін рэгулярна атакуюць падкантрольныя адна адной тэрыторыі бесьпілётнікамі.
- Агулам з пачатку 2024 году ўкраінскія дроны пашкодзілі 18 расейскіх НПЗ, што прывяло да скарачэньня вытворчасьці амаль на 14%. У сакавіку былі атакаваныя такія абʼекты, як Разанскі НПЗ «Раснафты» і завод «Лукойла» ў Кстове ў Ніжагародскай вобласьці. Абодва ўваходзяць у топ-10 найбуйнейшых НПЗ Расеі і забясьпечваюць бэнзінам Маскву.
- 6 жніўня 2024 году Ўкраіна пачала апэрацыю ў Курскай вобласьці. 19 жніўня прэзыдэнт Украіны Ўладзімір Зяленскі заявіў, што пад кантролем Украіны ў ходзе апэрацыі Ўзброеных сілаў Украіны знаходзяцца 92 паселішчы Курскай вобласьці Расеі. Галоўнакамандуючы Ўзброенымі сіламі Ўкраіны Аляксандар Сырскі ўдакладніў, што такіх населеных пунктаў 82. Улады Ўкраіны заявілі пра стварэньне ваенных камэндатураў і арганізацыі перадачы «гуманітарнай дапамогі ў населеныя пункты, якія знаходзяцца пад кантролем Украіны». Экспэрты Інстытуту вывучэньня вайны, прааналізаваўшы заявы і відэаматэрыялы з геалякацыяй, выказалі меркаваньне, што Ўкраіна кантралюе ў Курскай вобласьці ня ўсю тэрыторыю ў заяўленых межах прасоўваньня.
- 16-18 жніўня ўкраінскія сілы падарвалі тры масты, якія мелі стратэгічнае значэньне для матэрыяльна-тэхнічнага забесьпячэньня групоўкі расейскіх войскаў ва Ўкраіне і вайсковай авіяцыі, якая базуецца ў Курскай вобласьці.
- Незалежная праверка інфармацыі пра ваенныя дзеяньні, якую даюць афіцыйныя асобы розных бакоў, не заўсёды магчымая.