Данілаў нагадаў, што адказнасьць за пашкоджаньне самалёта ўзялі на сябе беларускія партызаны, паведамляе «Zerkalo».
— У «Мачулішчах» адбылася «рэч» з самалётам РФ, які наводзіў на нашы гарады ракеты. Дзякуючы гэтаму самалёту яны забівалі нашых дзяцей, жанчын, атакавалі цывільнае насельніцтва. Паводле нашай інфармацыі, беларускія партызаны моцна пашкодзілі гэты самалёт, — дадаў ён.
Данілаў выказаў сумневы, што расейскія адмыслоўцы «хутка адрамантуюць» борт з прычыны санкцый.
— З улікам таго, што Расея пад санкцыямі, мы ня думаем, што ў іх гэта атрымаецца. Гэта выклікала такую неадэкватную рэакцыю ў Лукашэнкі. (...) Яго паводзіны пачынаюць зьдзіўляць. Як будуць разгортвацца падзеі — будзем глядзець. Мы гатовы да любога разьвіцьця сытуацыі. Гэта наша краіна, мы будзем яе абараняць.
Тэлевядучая папрасіла Данілава пракамэнтаваць рэзкія выказваньні Аляксандра Лукашэнкі ў адрас прэзыдэнта Украіны Уладзіміра Зяленскага.
— Гэта нэрвы. Нэрвы не вытрымліваюць ня толькі ў Лукашэнкі, але і ў Расеі. (...) З кожным днём праблем усё больш і больш ня толькі ў Расеі, але і ў Беларусі. Тое, што тычыцца народа Беларусі — вы ведаеце, што вялікая колькасьць беларусаў дапамагае нам змагацца з ворагам на нашай тэрыторыі. Мы ім за гэта ўдзячныя. Сёньня тая гістэрыка, якая ёсьць у Беларусі і Расеі будзе толькі ўзмацняцца, — сказаў сакратар РНБА.
7 сакавіка Аляксандр Лукашэнка прызнаў, што расейскі ваенны самалёт А-50 атрымаў пашкоджаньні падчас інцыдэнту на ваенным аэрадроме ў Мачулішчах. Віну за гэта ён усклаў на ўкраінскія спэцслужбы. Кіеў гэтыя абвінавачваньні адпрэчыў.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: МЗС Украіны пра абразу Зяленскага: «Пакінем гэты акт бясьсільля без адказу». Як яшчэ адрэагавалі ў Кіеве на заявы ЛукашэнкіПрэс-сакратар МЗС Украіны Алег Ніколенка пракамэнтаваў заявы Аляксандра Лукашэнкі пра ініцыдэнт у Мачулішчах і прэзыдэнта Зяленскага.
— Мы катэгарычна адхіляем інсынуацыі Аляксандра Лукашэнкі пра нібыта датычнасьць украінскага боку да падзей на аэрадроме Мачулішчы. Відавочна, што гэта чарговая спроба стварыць штучную пагрозу з боку Ўкраіны, каб абгрунтаваць падтрымку расейскай агрэсіі.
Пагрозу трэба шукаць не ва Ўкраіне, якая змагаецца за сябе і шукае міру. Яна ў Расеі, якая ўсімі сродкамі спрабуе яшчэ больш уцягнуць Беларусь у вайну, канчаткова пазбавіць яе незалежнасьці і сувэрэнітэту. Аляксандар Лукашэнка таксама дазволіў сабе грубы асабісты выпад на адрас прэзыдэнта Ўкраіны. Мы пакінем гэты акт бясьсільля без адказу.