Інтарэс грамадзтва да таго, як абараніць жанчын ад хатняга гвалту ці як не дапусьціць нападаў на права на аборт, і так ня надта вялікі, а ў такіх умовах становіцца яшчэ меншым. Ну, а карэктная рэкляма і рэпрэзэнтацыя жанчын у мэдыя адыходзіць не на другі і нават не на дзясяты плян.
Якія аборты, якія фэмінітывы, калі тут людзей катуюць у турмах ці забіваюць ракетамі? Адчапіцеся вы са сваёй роўнасьцю, — кажуць людзі, якія нібыта надзвычай хвалююцца пра свабоду ў роднай краіне. Але гэта так не працуе.
Нельга будаваць пляны вызваленьня краіны, ігнаруючы пры гэтым палову (і нават троху больш) яе насельніцтва. Нельга казаць «спачатку пераможам Лукашэнку, а потым будзем думаць пра хатні гвалт». Дакладней, тэхнічна гэта ўсё рабіць, вядома ж, можна, але да пасьлядоўнасьці і каштоўнасьцяў ёсьць вялізныя пытаньні.
Правы жанчын — гэта тое, што заўжды адсоўваецца на потым. Але жывем мы ўжо цяпер! Мы ня можам самі сабе сказаць «ну, як Лукашэнку скінуць, так майго мужа/бацьку/сына і пасадзяць. А пакуль хай перасьледуе і б’е. Пакуль што ў грамадзтва іншыя прыярытэты». Гэта ж абсурд!
З аднаго боку, у праціўнікаў Лукашэнкі іншыя прыярытэты, а жанчыны хай чакаюць. Зь іншага — міліцыі таксама троху «не да таго», калі заходзіць гаворка пра абарону жанчын. Яны яшчэ ня ўсіх знайшлі і пасадзілі за камэнтары з крытыкай уладаў, так што няхай жанчыны разьбіраюцца, хто і чаму іх бʼе. Мо ўвогуле самі вінаватыя.
А сытуацыя з хатнім гвалтам апошнія гады толькі пагаршаецца — пра гэта кажуць і беларускія, і ўкраінскія праваабаронцы, і тыя, хто працуе з тэмай у краінах, папулярных сярод беларускіх уцекачоў і ўцякачак. Агульнае напружаньне ў грамадзтве вядзе да таго, што агрэсары даюць сабе дадатковы маральны дазвол на гвалт. І дапамога пацярпелым патрэбная ўжо цяпер. Бо да канца рэжыму Лукашэнкі так можна і не дажыць.
І трэба ж называць рэчы сваімі імёнамі: людзі, якія сёньня кажуць, што цяпер ня час для адстойваньня правоў жанчын, будуць тое ж самае казаць і пасьля руйнаваньня рэжыму Лукашэнкі. Тады таксама будуць «сапраўды важныя» праблемы, якія трэба вырашаць тут і цяпер, а жанчыны хай зноўку пачакаюць.
Але так быць не павінна! Вырашаць нашыя праблемы трэба ўжо цяпер. І ўвогуле, жаночы парадак дня нельга ўзяць і штучна адасобіць ад усіх астатніх, бо жанчын у Беларусі больш за 50 адсоткаў. Спэцыфічныя жаночыя пытаньні перасякаюцца з агульначалавечымі, і гэта немагчыма ігнараваць. Мы ня можам казаць, што вось спачатку разьбяромся з палітвязьнямі, а потым — з жанчынамі. Бо сярод палітзьняволеных ёсьць жанчыны, і іх вопыт у турме не такі ж самы, як у мужчын.
Нельга «спачатку пабудаваць дэмакратыю», а потым уключыцца ў жаночыя пытаньні. Жанчыны ўжо наеліся нібыта дэмакратый, пабудаваных бязь іх удзелу.
Вядома ж, цікавая ідэя — спачатку пабудаваць новую краіну, а потым сказаць: «Ну, цяпер можам падумаць і пра жаночае прадстаўніцтва».
Вось толькі давайце ўжо безь цікавых ідэй. Давайце рабіць усё банальна, занудна і правільна. Не ігнаруючы больш за палову насельніцтва толькі таму, што гістарычна так склалася.
Думкі, выказаныя ў блогах, перадаюць погляды саміх аўтараў і не абавязкова адлюстроўваюць пазыцыю рэдакцыі.