«Рэпартэры бязь межаў»: 73 жанчыны-журналісткі сустрэлі сьвята 8 сакавіка за кратамі. Беларусь на 3-м месцы

Палітзьняволеная журналістка тэлеканалу «Белсат» Кацярына Бахвалава (Андрэева) на судзе.

У Міжнародны жаночы дзень міжнародная арганізацыя «Рэпартэры бязь межаў» (RSF) заклікае да неадкладнага і безумоўнага вызваленьня жанчын-журналістак, якія знаходзяцца ў зьняволеньні па ўсім сьвеце.

Паводле баромэтра свабоды прэсы RSF, з 550 журналістаў і работнікаў СМІ, якія цяпер знаходзяцца ў зьняволеньні па ўсім сьвеце, 73 — больш за 13% — жанчыны, і гэтая доля падвоілася за апошнія пяць гадоў.

Жанчыны-журналісткі сталі ахвярамі перасьледу ў 14 краінах сьвету, асабліва ў Кітаі (21 журналістка знаходзіцца ў турме), Іране (12), Беларусі (10), Віетнаме (4) і Турэччыне (4).

Раней праваабарончы цэнтар «Вясна» прывёў статыстыку па беларускіх рэпрэсіях. Паводле інфармацыі праваабаронцаў, у Беларусі ў месцах няволі знаходзяцца 155 жанчын-палітвязьняў, 70 зь якіх перасьледуюць за ўдзел у акцыях пратэсту ў 2020 годзе. Агулам жа за пратэсты супраць Лукашэнкі і вайны ва Ўкраіне на пазбаўленьне і абмежаваньне волі асудзілі ня менш як 534 жанчын.

Рэжым Лукашэнкі, адзначае «Вясна», перасьледуе жанчын, утрымлівае іх у няволі за ўдзел у акцыях пратэсту, камэнтарыі ў інтэрнэце, выступы супраць вайны, інтэрвію СМІ, што прызнаныя экстрэмісцкімі, прафэсійную дзейнасьць, «акты тэрарызму, якіх не было».

Крымінальныя справы за ўдзел у акцыях пратэсту распачалі супраць 271 жанчыны. Па справе за нэгатыўныя камэнтары пра сьмерць супрацоўніка КДБ Дзьмітрыя Федасюка, застрэленага IT-спэцыялістам Андрэем Зельцарам, у дом якога ўварваліся сілавікі, асудзілі 15 жанчын (у зьняволеньні застаюцца 8). Жонцы Зельцара Марыі Ўсьпенскай, абвінавачанай у саўдзеле, прызначалі прымусовае лячэньне ў псыхіятрычным стацыянары і абавязалі яе сплаціць буйную суму на карысьць жонкі Федасюка.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Дар’ю Лосік пакаралі 2 гадамі калёніі за інтэрвію пра мужа-палітвязьня. Іхнай дачцэ 4 гады

За «сумленнае выкананьне сваёй працы» ўлады пакаралі вялікімі тэрмінамі супрацоўніц СМІ, адзначае «Вясна».

Галоўнага рэдактара і дырэктара інфармацыйнай кампаніі БелаПАН Ірыну Леўшыну прыгаварылі да 4 гадоў калёніі за «стварэньне экстрэмісцкага фармаваньня», журналістку Ірыну Слаўнікаву паводле таго ж артыкула — да 5.

Журналістка тэлеканалу «Белсат» Кацярына Бахвалава (Андрэева) асуджана агулам на 8 гадоў і 3 месяцы калёніі, у тым ліку за «здраду дзяржаве», былая журналістка Белтэлерадыёкампаніі Ксенія Луцкіна, якой інкрымінавалі «змову з мэтай захопу ўлады неканстытуцыйным шляхам», — на 8.

Фігурантак «справы Аўтуховіча» 61-гадовую Галіну Дзербыш і 56-гадовую Вольгу Маёраву прыгаварылі да 20 гадоў зьняволеньня фактычна «за акты тэрарызму, якіх не было», гаворыцца ў дакумэнце.

Днямі дэмакратычная лідэрка Сьвятлана Ціханоўская завочна асуджаная на 15 гадоў пазбаўленьня волі.

Аляксандар Лукашэнка неаднаразова заяўляў, што «з жанчынамі не ваюе».

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Прысуд Ціханоўскай: жорсткі, але завочны. Лукашэнка пралічыўся двойчы
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Палова „Валадаркі“ цяпер палітычная». Былая палітзьняволеная — пра мэтады КДБ і сустрэчы за кратамі зь Бяляцкім, Рабковай і Бабарыкам
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Навіны палітвязьняў: Паліну Шарэнду-Панасюк утрымліваюць у ШЫЗА