Намесьнік кіраўніка МУС Польшчы: Можам закрыць «акно Беларусі ў сьвет», калі Менск ня зробіць кроку насустрач

Сьцяг Польшчы. Ілюстрацыйнае фота

Намесьнік міністра ўнутраных спраў і адміністрацыі Польшчы Мацей Вонсік ня выключыў закрыцьця неўзабаве ўсіх памежных пераходаў зь Беларусьсю.

«Мы павінны супрацьдзейнічаць дзеяньням Аляксандра Лукашэнкі на польска-беларускай мяжы, а таксама яго адносінам да ўласнай апазыцыі і польскай меншасьці», — заявіў Мацей Вонсік 6 сакавіка ў інтэрвію Polsat.

Ён ня выключыў, што найбліжэйшым часам Польшча закрые ўсе памежныя пераходы зь Беларусьсю.

Вонсік нагадаў, што польскага журналіста Анджэя Пачобута суд у Горадні пакараў 8 гадамі строгага рэжыму.

«На некаторых могілках жаўнераў Арміі Краёвай зьявіліся бульдозэры. Мы ня можам дазволіць, каб за ўсходняй мяжоў сьпеў рэжым, які рэалізуе пляны Пуціна», — заключыў ён.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: 210 аўто на выезд у Польшчу ў Берасьці, праверкі мабільнікаў у Беняконях. Што робіцца на памежных пераходах

Паводле Вонсіка, урад у Варшаве «дзейнічае дастаткова жорстка ў адносінах да Беларусі» і без ваганьняў прыменіць іншыя інструмэнты.

«У разработцы ёсьць некалькі сотняў чалавек, якія павінны быць уключаныя ў санкцыйны сьпіс за вынясеньне такіх прысудаў, як Анджэю Пачобуту», — сказаў ён.

Паводле палітыка, калі сытуацыя ў Беларусі абвастрыцца, ня выключана, што Польшча закрые мяжу зь ёй цалкам.

«Для нас Беларусь зьяўляецца маленькай форткай, а Польшча для яе [Беларусі] — акно ў сьвет», — заявіў Вонсік.

Намесьнік міністра адзначыў, што памежныя пераходы з Польшчай важныя для беларускай эканомікі, узроўню жыцьця, а таксама для падтрымкі Лукашэнкі.

«Мы ня будзем вагацца. У выпадку неабходнасьці мы таксама заступімся за польскую меншасьць», — запэўніў ён.

Мацей Вонсік удакладніў, што польскі ўрад «чакае кроку Менску»:

«Мы можам пайсьці і іншым шляхам, калі Менск дакажа, што яму ня ўсё адно».

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Dziennik Wschodni: Беларусы «штурмуюць» польскія крамы, бо баяцца закрыцьця мяжы
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: У МУС Польшчы заявілі, што не выключаюць поўнага спыненьня руху на мяжы зь Беларусьсю: «Хочам, каб Пачобут стаў вольным»

Закрыцьцё пераходаў на мяжы Польшчы і Беларусі. Што варта ведаць

  • У ліпені 2021 году Аляксандар Лукашэнка заявіў, што з прычыны санкцыяў Беларусь больш ня будзе стрымліваць нелегальную міграцыю ў краіны Эўразьвязу. Польшча стала адной з краін, куды кінуліся патокі мігрантаў. Рэагуючы на крызіс, Польшча, як і Літва, пачала будаваць сьцяну на мяжы зь Беларусьсю, а 9 лістапада 2021 году закрыла пераход Кузьніца Беластоцкая — Брузгі.
  • У Варшаве абвінавацілі рэжым Лукашэнкі ў арганізацыі нелегальнай міграцыі ў краіны Эўразьвязу з тым, каб шантажаваць краіны ЭЗ і патрабаваць зьняцьця санкцый. Прэм’ер-міністар Польшчы Матэвуш Маравецкі выказаў упэўненасьць, што сцэнар «гібрыднай агрэсіі» супраць Эўразьвязу быў распрацаваны Менскам не самастойна, а ў шчыльнай супрацы з Масквой.
  • 9 лютага 2023 году міністар унутраных спраў Польшчы Марыюш Каміньскі заявіў аб рашэньні закрыць памежны пераход Баброўнікі — Бераставіца, пачынаючы з 10 лютага. Гэта стала адказам Польшчы на палітычны прысуд журналісту Анджэю Пачобуту, актывісту польскай нацыянальнай меншасьці ў Беларусі. Яму прысудзілі 8 гадоў калёніі.
  • Усяго на беларуска-польскай мяжы 6 пунктаў пропуску. З 10 лютага 2023 году зь іх толькі адзін адкрыты для легкавікоў і адзін для грузавікоў, у Берасьці.

Памежныя пераходы на мяжы Беларусі і Польшчы. Інфаграфіка

  1. Берасьце (Тэрэспаль з польскага боку) — дзейнічае толькі для легкавікоў;
  2. Казловічы (Кукурыкі) — праезд дазволены толькі грузавым аўтамабілям;
  3. Брузгі (Кузьніца Беластоцкая)— закрыты ў 2021 годзе;
  4. Бераставіца (Баброўнікі), — закрыты з 10 лютага 2023;
  5. Пясчатка (Полаўцы) — не функцыянуе зь ініцыятывы польскага боку;
  6. Дамачава (Славатычы) — не функцыянуе зь ініцыятывы польскага боку.
  • Каля Горадні працягвае працу памежны пункт зь Літвой «Прывалка — Райгардас». Ён знаходзіцца блізка да мяжы з Польшчай.
  • На прэс-канфэрэнцыі ў Брусэлі 10 лютага прэм’ер-міністар Польшчы адзначыў, што ў Варшаве разглядаюць варыянт закрыцьця астатніх двух пераходаў на мяжы зь Беларусьсю. Ён заявіў, што да Беларусі «інструмэнтальна ставяцца» расейцы і Крэмль, і гэта складае вялікую пагрозу Польшчы і Ўкраіне.
  • Перад закрыцьцём памежнага пераходу ў Баброўніках там затрымалі сама меней 12 мытнікаў. Гаворка, магчыма, ідзе пра хабарніцтва. Пра гэта паведаміла Gazeta Wyborcza. Інфармацыю аб затрыманьні мытнікаў выданьне атрымала ў ноч на 11 лютага, ужо пасьля закрыцьця памежнага пераходу.
  • 13 лютага Памежны камітэт Беларусі паведаміў, што колькасьць аўтамабіляў за першыя выходныя пасьля закрыцьця Баброўнікаў на іншых пераходах павялічылася на 16%.