Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У МУС Польшчы заявілі, што не выключаюць поўнага спыненьня руху на мяжы зь Беларусьсю: «Хочам, каб Пачобут стаў вольным»


Закрыты пункт пропуску «Баброўнікі» на беларуска-польскай мяжы
Закрыты пункт пропуску «Баброўнікі» на беларуска-польскай мяжы

Паводле намесьніка міністра, польскі бок рыхтуецца да любога сцэнару, зьвязанага з канфліктам ва Ўкраіне.

Польшча чакае пэўных сыгналаў ад Беларусі пасьля закрыцьця большасьці памежных пераходаў. Такім сыгналам магло б стаць вызваленьне Анджэя Пачобута, пра гэта ў эфіры польскага радыё Trójkа 27 лютага заявіў намесьнік міністра ўнутраных спраў і адміністрацыі Мацей Вонсік:

«Ня ведаю, ці магчымае закрыцьцё ўсіх памежных пераходаў зь Беларусьсю. Я ведаю адно: мы ня можам глядзець, нічога ня робячы, на тое, што робіць Лукашэнка з польскай меншасьцю, таму што тое, што зроблена са спадаром Пачобутам, проста немагчыма ўявіць. Не дазволім, каб бяскарна, без рэакцыі польскай дзяржавы Лукашэнка зьнішчаў могілкі жаўнераў Арміі Краёвай», — сказаў ён.

Намесьнік міністра падкрэсьліў, што польскі бок гатовы да любога развіцьця падзей:

«Польшча гатовая да розных сытуацый, і я б не выключаў сытуацыі, што ў нас ня будзе руху празь мяжу зь Беларусьсю. Мы гатовыя і нацэленыя на далейшыя дзеяньні, у той жа час паглядзім, як будзе паводзіць сябе беларускі бок. Мы чакаем пэўных сыгналаў, і перш за ўсё хочам, каб вольны стаў Пачобут, гэта відавочна», — дадаў намесьнік міністра.

Мацей Вонсік растлумачыў, што таксама размова ідзе аб кіраўніцы Саюзу палякаў Анжаліцы Борыс, якая знаходзіцца пад хатнім арыштам, і ў цэлым павазе правоў польскай меншасьці ў Беларусі, аб спыненьні зьнішчэньня пахаваньняў Арміі Краёвай. Намесьнік міністра таксама паведаміў, што завяршаецца стварэньне электроннага бар’ера на мяжы зь Беларусьсю, засталося падключыць апошні ўчастак агароджы.

8 лютага МЗС Польшчы выклікаў паверанага ў справах Беларусі пасьля таго, як журналіста польскага паходжаньня Анджэя Пачобута ў Беларусі пакаралі на 8 гадоў пазбаўленьня волі ў справе, якая, як падкрэсьлівае Варшава, зьяўляецца палітычна матываванай. Пра гэта паведаміў прадстаўнік замежнапалітычнага ведамства Польшчы.

Вонсік таксама пракамэнтаваў дадатковае ўмацаваньне мяжы зь Беларусьсю, якое пачалося днямі. Паводле яго, польскі бок рыхтуецца да любога сцэнару, зьвязанага з вайной ва Ўкраіне, аднак ён падкрэсьліў, што ў Варшаве ня лічаць рэальным уступленьне Беларусі ў баявыя дзеяньні:

«Ня бачым тут такой сытуацыі, каб Беларусь хацела ўступіць у гэтую вайну, хіба што Пуцін проста ўвойдзе і ліквідуе рэшткі беларускай аўтаноміі; ня можам гаварыць пра незалежнасьць, можам гаварыць пра нейкую аўтаномію, якую Лукашэнка мае перад Пуціным», — сказаў ён.

Закрыцьцё пераходаў на мяжы Польшчы і Беларусі. Што варта ведаць

  • У ліпені 2021 году Аляксандар Лукашэнка заявіў, што з прычыны санкцыяў Беларусь больш ня будзе стрымліваць нелегальную міграцыю ў краіны Эўразьвязу. Польшча стала адной з краін, куды кінуліся патокі мігрантаў. Рэагуючы на крызіс, Польшча, як і Літва, пачала будаваць сьцяну на мяжы зь Беларусьсю, а 9 лістапада 2021 году закрыла пераход Кузьніца Беластоцкая — Брузгі.
  • У Варшаве абвінавацілі рэжым Лукашэнкі ў арганізацыі нелегальнай міграцыі ў краіны Эўразьвязу з тым, каб шантажаваць краіны ЭЗ і патрабаваць зьняцьця санкцый. Прэм’ер-міністар Польшчы Матэвуш Маравецкі выказаў упэўненасьць, што сцэнар «гібрыднай агрэсіі» супраць Эўразьвязу быў распрацаваны Менскам не самастойна, а ў шчыльнай супрацы з Масквой.
  • 9 лютага 2023 году міністар унутраных спраў Польшчы Марыюш Каміньскі заявіў аб рашэньні закрыць памежны пераход Баброўнікі — Бераставіца, пачынаючы з 10 лютага. Гэта стала адказам Польшчы на палітычны прысуд журналісту Анджэю Пачобуту, актывісту польскай нацыянальнай меншасьці ў Беларусі. Яму прысудзілі 8 гадоў калёніі.
  • Усяго на беларуска-польскай мяжы 6 пунктаў пропуску. З 10 лютага 2023 году зь іх толькі адзін адкрыты для легкавікоў і адзін для грузавікоў, у Берасьці.
Памежныя пераходы на мяжы Беларусі і Польшчы. Інфаграфіка
Памежныя пераходы на мяжы Беларусі і Польшчы. Інфаграфіка
  1. Берасьце (Тэрэспаль з польскага боку) — дзейнічае толькі для легкавікоў;
  2. Казловічы (Кукурыкі) — праезд дазволены толькі грузавым аўтамабілям;
  3. Брузгі (Кузьніца Беластоцкая)— закрыты ў 2021 годзе;
  4. Бераставіца (Баброўнікі), — закрыты з 10 лютага 2023;
  5. Пясчатка (Полаўцы) — не функцыянуе зь ініцыятывы польскага боку;
  6. Дамачава (Славатычы) — не функцыянуе зь ініцыятывы польскага боку.
  • Каля Горадні працягвае працу памежны пункт зь Літвой «Прывалка — Райгардас». Ён знаходзіцца блізка да мяжы з Польшчай.
  • На прэс-канфэрэнцыі ў Брусэлі 10 лютага прэм’ер-міністар Польшчы адзначыў, што ў Варшаве разглядаюць варыянт закрыцьця астатніх двух пераходаў на мяжы зь Беларусьсю. Ён заявіў, што да Беларусі «інструмэнтальна ставяцца» расейцы і Крэмль, і гэта складае вялікую пагрозу Польшчы і Ўкраіне.
  • Перад закрыцьцём памежнага пераходу ў Баброўніках там затрымалі сама меней 12 мытнікаў. Гаворка, магчыма, ідзе пра хабарніцтва. Пра гэта паведаміла Gazeta Wyborcza. Інфармацыю аб затрыманьні мытнікаў выданьне атрымала ў ноч на 11 лютага, ужо пасьля закрыцьця памежнага пераходу.
  • 13 лютага Памежны камітэт Беларусі паведаміў, што колькасьць аўтамабіляў за першыя выходныя пасьля закрыцьця Баброўнікаў на іншых пераходах павялічылася на 16%.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG