Аб страляніне паведамляюць як армянскі, так і азэрбайджанскі бок, аднак яны разыходзяцца ў ацэнцы яе прычынаў.
Улады абвешчанай карабаскімі армянамі непрызнанай рэспублікі паведамілі аб тым, што раніцай у нядзелю непадалёк ад Сцепанакерта (Ханкендзі) азэрбайджанская дывэрсійная група напала на аўтамабіль мясцовай паліцыі, у выніку чаго трое яе супрацоўнікаў былі забітыя, яшчэ адзін паранены.
Міністэрства абароны і МЗС Азэрбайджану ў сваіх камэнтарах заявілі, што ў аўтамабілі перавозіліся боепрыпасы з тэрыторыі Армэніі для армянскіх узброеных атрадаў у Нагорным Карабаху. Сьцьвярджаецца, што ў перастрэлцы, якая пачалася пасьля таго, як азэрбайджанскія вайскоўцы спрабавалі праверыць аўтамабіль, загінулі двое вайскоўцаў.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Пашыньян выказаўся пра блякаду Лачынскага калідору, Аліеў супраць уключэньня Карабаху ў мірную дамовуУ Баку сьцьвярджаюць, што армянскі бок парушыў умовы замірэньня, спрабуючы перавезьці боепрыпасы ў абыход так званага Лачынскага калідора — гэта адзіная траса, па якой павінны перавозіцца грузы з Армэніі ў Нагорны Карабах. Ужо больш за два месяцы, аднак, рух па гэтай трасе ўскладнены з прычыны пратэстаў азэрбайджанскіх актывістаў, якія называюць сябе эколягамі.
Улады самаабвешчанай рэспублікі, у сваю чаргу, сьцьвярджаюць, што ў машыне не было зброі і боепрыпасаў і яна ехала не з Армэніі, а, наадварот, са Сцепанакерта.
Незалежных зьвестак аб тым, што менавіта адбылося, пакуль няма.
Страляніна, мяркуючы па паведамленьнях, адбылася на тэрыторыі ў зоне адказнасьці расейскіх міратворчых сіл. Яны ўведзены ў рэгіён восеньню 2020 года пасьля 44-дзённай вайны, у выніку якой Баку аднавіў кантроль над раёнамі па пэрымэтры самаабвешчанай рэспублікі і часткай самога Нагорнага Карабаха.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Перастрэлка ў Карабаху. Загінулі тры армянскія паліцыянты