Вакол гораду Шуша ў Нагорным Карабаху адбылася страляніна, якая выклікала ахвяры. Пра сытуацыю ў спрэчным рэгіёне пішуць армянская і азэрбайджанская службы Радыё Свабода.
З тэрыторый, падкантрольных расейскаму міратворчаму кантынгенту, распаўсюджваецца інфармацыя аб парушэньні рэжыму спыненьня агню. Пра гэта сёньня, 5 сакавіка, паведаміла Міністэрства абароны Азэрбайджану. Армянскі бок заяўляе пра 3 загінулых са свайго боку.
«Раніцай 5 сакавіка ў мэтах праверкі атрыманай інфармацыі падразьдзяленьнямі азэрбайджанскай арміі была зроблена спроба спыніць і праверыць транспартныя сродкі, якія ажыцьцяўлялі незаконныя вайсковыя перавозкі. У выніку абстрэлу былі ахвяры і параненыя з абодвух бакоў».
У заяве азэрбайджанскі бок давёў да ведама камандаваньня расейскага міратворчага кантынгенту неабходнасьць безумоўнага і поўнага забесьпячэньня выкананьня пунктаў трохбаковай дэклярацыі.
Азэрбайджанскі бок заявіў, што армянскія транспартныя сродкі могуць рухацца выключна па Лачынскім калідоры.
Як адзначылі ў азэрбайджанскім міністэрстве, ужо ўстаноўлены факты перавозкі з Армэніі ў Карабаскі эканамічны раён зброі, боепрыпасаў, іншай вайсковай тэхнікі, у тым ліку мінаў, паліва і жывой сілы.
Армянскі бок абвінавачвае Азэрбайджан у чарговай правакацыі і паведамляе, што падчас інцыдэнту загінулі 3 паліцыянты і 1 быў паранены. Сярод загінулых — падпалкоўнік, маёр і лейтэнант.
Паводле зьвестак паліцыі Нагорнага Карабаху, азэрбайджанская дывэрсійная група абстраляла дзяжурны аўтамабіль пэрсаналу пашпартна-візавага аддзелу паліцыі ў раёне пад назвай «Хайпалу».