Аб’яднаньне былых сілавікоў BYPOL 25 лютага паведаміла, што беларускія партызаны пры дапамозе дронаў пашкодзілі самалёт далёкага радыёлякацыйнага выяўленьня А-50. На гэтым тыдні зьявіліся відэа, на першым зь якіх адбываецца выведка, а на другім — адзін зь меркаваных выбухаў.
«Раве як пажарная сырэна»
Свабода на ўмовах ананімнасьці паразмаўляла зь беларускім кантрактнікам УСУ, які на базе аднаго з спэцпадразьдзяленьняў праходзіў дывэрсійную падрыхтоўку, у тым ліку з выкарыстаньнем дронаў.
«Калі спрабуеш ацаніць узровень галавацяпства лукашыстаў, то часта памыляесься на іхную карысьць. А на справе мы бачым, што сыстэма аховы галоўнай авіябазы краіны выдатна прабіваецца камэрцыйным дронам», — кажа экспэрт.
Паводле адмыслоўца, на відэа, хутчэй за ўсё, кітайскі дрон DJI FPV. Такі ў Менску можна набыць за 5700 рублёў. Пры гэтым усё ж ёсьць нюансы. На відэа бачна, што ў дрона белыя лопасьці, а ў арыгінала яны чорныя. Магчыма, гэта самастойна было перароблена, кажа суразмоўца.
«Гэта дрон для спаборніцтваў, ён можа разганяцца да 150 кілямэтраў у гадзіну. Маленькі, яго хапае хвілін на 15–16 палёту. Калі ён ляціць, то раве як пажарная сырэна, ён вельмі гучны. Мне вельмі цяжка ўявіць, як там што ахоўваюць. Не выключаю, што гэты самы самалёт можна было прыйсьці ды абліць газаю, а потым падпаліць», — сьмяецца вайсковец.
Паводле ягоных словаў, ва Ўкраіне апэратары баявых дронаў сутыкаюцца з зусім іншым узроўнем супрацьдзеяньня радыёэлектроннай барацьбы (РЭБ). Тут жа дрон не сутыкнуўся з РЭБ.
Самы просты РЭБ працуе так, што падаўляе сыгнал на тых частотах, на якіх адбываецца сувязь пульту і дрона, расказвае адмысловец. Дрон ня бачыць апэратара, а апэратар ня бачыць дрон. Частоты добра вядомыя. Аднак у Мачулішчах, як мяркуе адмысловец, нічога не працавала. Гэтаксама ня быў заглушаны GPS, бо дрон паводзіў сябе цалкам адэкватна, яго ня кідала з боку ў бок.
«Магчыма, гэта самаробны дрон на базе DJI»
«Выкарыстоўваць камэрцыйныя дроны вельмі цяжка на такіх аб’ектах, як аэрадром. Па-першае, любы DJI са скрынкі не паляціць у Мачулішчах. Яны проста адмаўляюцца ўзьлятаць у раёне аэрадрома. DJI-дроны займаюць ледзьве не 90% рынку, і яны маюць пэўныя мэханізмы страхоўкі, бо любы ідыёт можа прыехаць у аэрапорт Гітроў (адзін з аэрапортаў Лёндану. — РС), каб паглядзець, як узьлятаюць „Боінгі“, і гэта можа скончыцца тысячамі ахвяраў», — расказвае адмысловец.
Кампанія DJI вырабляе адмысловую сыстэму Aeroscope, якая дазваляе сачыць за дронамі яе ж вытворчасьці. Гэта даволі недарагая сыстэма, якая існуе нават у мабільнай вэрсіі — невялікі чамаданчык з антэнамі. Стацыянарная вэрсія, якая цяпер стаіць амаль у кожным аэрапорце, працуе ў радыюсе 30 км, расказвае спэцыяліст.
«Ты ўзьлятаеш, і дрон адразу перадае інфармацыю, дзе ён знаходзіцца, дзе знаходзіцца апэратар, які яго запускае, хуткасьць, пры жаданьні ўлады могуць нават перахапіць кіраваньне. Ва Ўкраіне па каардынатах апэратара прыляціць міна, а ў Мачулішчах, па лёгіцы, павінен быў прыехаць „бобік“ зь мянтамі».
Ананімізаваць дроны — задача вырашальная, хоць і ня самая простая, кажа экспэрт. Ён дадае, што ва Ўкраіне вайскоўцы фізычна возяць дроны да айцішнікаў, якія займаюцца іх перапрашываньнем.
«Ёсьць таксама такая магчымасьць, што нашыя партызаны выкарысталі ня гэты камэрцыйны дрон, а сэт O3 Air Unit таксама кампаніі DJI. Гэта такая скрыначка, каб ты сабраў самаробны дрон — кантролер, камэра і антэна. Ты сам выбіраеш раму, маторчыкі, ёмістасьць батарэі. Дроны-камікадзэ — у нечым падобная тэхналёгія, толькі што ўкраінцы не выкарыстоўваюць DJI, бо занадта дарагі камплект, можна знайсьці больш танныя аналягі».
Вайсковец расказвае, што сам бы, хутчэй за ўсё, скарыстаў у падобнай сытуацыі якраз такі сэт.
«Мой сябра, вельмі добры спэцыяліст у дронах, сказаў, што гэта, хутчэй за ўсё, сэт O3 Air Uni. Яго таксама можна купіць у краме. З той аховай, якая ёсьць ля аэрадрома, дрону трэба была адлегласьць кілямэтры два, то бок няма сэнсу ставіць вельмі цяжкі акумулятар. Можна паставіць акумулятар на 10 хвілін, а не на 40, затое ўсталяваць большую баявую частку. Да таго ж такі напаўкастомны дрон не баіцца „Аэраскопу“, там няма чаго перапрашываць».
«Пры заяўленай магутнасьці наўрад ці б рызыкнулі ўзьлятаць»
Беларускі спэцыяліст лічыць, што ёсьць некалькі важных пытаньняў адносна самога падрыву.
«Другое відэа — так можа выглядаць выбух. Самападрыў дрона выглядае менавіта як страта сувязі з дронам. Таксама пра тое, што гэта відэа выбуху, можа сьведчыць сьнег, бо ў тую ноч якраз ішоў сьнег. Хутчэй за ўсё, гэта першы выбух. Мабыць, будзе яшчэ і другое відэа, дзе можна будзе ўбачыць наступствы, ці нават момант, першага выбуху. Па апублікаваным відэа немагчыма меркаваць пра магутнасьць першага выбуху і нават пра тое, што ён адбыўся».
Застаюцца пытаньні адносна выбуховай магутнасьці. Кіраўнік BYPOL Аляксандар Азараў заявіў, што баявая частка дрона складала каля 200 грамаў тратылу плюс 200 мэталічных шароў (гэта яшчэ грамаў 150, калі браць адносна вялікія сталёвыя шарыкі).
«200 грамаў тратылу — гэта клясычны, падручнікавы зарад. Калі хочаш, напрыклад, рвануць легкавую машыну. Хто служыў у выведцы ці дэсанце, ведаюць, што стандартная савецкая тратылавая шашка на 200 грамаў робіць з дрэвам, калі ты ўсталёўваеш ці расчышчаеш лясныя завалы. Чатыры грамы тратылу, разьмешчаныя на паверхні цела, могуць забіць чалавека. Калі ўзарваць 200 грамаў тратылу на вугляплястыкавым кажуху антэны самалёта, то магу ўявіць, што яе б проста не было, разьнесла б ушчэнт. Нават ня ўлічваючы эфэкту паражальных элемэнтаў. Пры заяўленай магутнасьці выбуху наўрад ці б нехта рызыкаваў пасьля гэтага ўзьлятаць. Любая трэшчына ці адтуліна ў абшыўцы пры палёце можа прывесьці да катастрофы», — лічыць адмысловец.
Нестыкоўкі ў тэхнічных дэталях, недасьведчанасьць у рэальных выніках атакі і інфармацыйная рэакцыя BYPOL у першыя гадзіны пасьля выбуху могуць сьведчыць, што плянаваньне і правядзеньне апэрацыі праходзіла без удзелу арганізацыі былых сілавікоў, лічыць суразмоўца Свабоды. Паводле яго, пра гэта ж сьведчыць і публікацыя ўкраінцамі другога відэа адразу пасьля заявы Азарава пра тое, што відэа з выбухам пакуль што публікаваць не плянуецца.
На думку беларускага кантрактніка УСУ, малаімаверна, што гэтую апэрацыю праводзілі рэгулярныя ўкраінскія вайскоўцы. Ім трэба было б прабірацца 250 кілямэтраў па тэрыторыі Беларусі, і яны б скарысталі зусім іншыя дроны ці баражуючыя боепрыпасы. Альбо нават выбралі б іншы спосаб атакі. І дакладна без мэдыяшуму.
«Беларускія партызаны так упэўнена дзейнічаюць непасрэдна на галоўнай авіябазе Беларусі, што ўзьнікае пытаньне: або яны не ўсьведамляюць рызыкаў, зьвязаных з РЭБ і іншымі момантамі, або, наадварот добра ведаюць сыстэму бясьпекі аэрадрому? Тое ж тычыцца і мераў бясьпекі на авіябазе. Або яны там усе настолькі некампэтэнтныя, або, наадварот, уся гэтая гісторыя — правакацыя спэцслужбаў. Расейцы сутыкнуліся з атакамі танных дронаў яшчэ ў Сырыі, на авіябазе Хмэймім, таму цяжка ўявіць, што акупанты так легкадумна адносяцца да бясьпекі ўласных самалётаў, лічы, на варожай тэрыторыі. Нешта на базе дакладна адбылося, але што менавіта — пакуль цяжка сказаць. У любым выпадку, схіляю галаву перад мужнасьцю і арганізаванасьцю беларускіх партызанаў».