Чыноўнікі на Горадзеншчыне загаварылі пра тое, што польская мова ў касьцёлах недапушчальная. Мы паспрабавалі разабрацца, ці законна ў Беларусі моляцца па-польску і ці законна забараняць гэта рабіць.
З чаго ўсё пачалося
Чыноўнікі ў Іўі на Горадзеншчыне назвалі польскую мову ў касьцёле незаконнай падчас сустрэчы раённых уладаў з духавенствам, дзе абмяркоўвалі праблемныя пытаньні.
«Праблемным застаецца выкарыстаньне польскай мовы падчас службаў у каталіцкіх храмах раёна, што недапушчальна паводле Закона Рэспублікі Беларусь „Аб мовах у Рэспубліцы Беларусь“», — сказала загадчыца сэктарам ідэалягічнай працы і па справах моладзі Івейскага райвыканкама Вольга Борка.
Яе выказваньне трапіла ў раённую газэту «Іўеўскі край». Выглядае, што «наезд» на польскую мову ў рэлігійных справах — гэта працяг змаганьня фактычных уладаў Беларусі з усім польскім у краіне.
Днямі ў Солах Смаргонскага раёну зафарбавалі старую фрэску ў касьцёле. Яна ілюстравала бітву пад Варшавай 1920 году, вядомую ў польскай гістарыяграфіі як «Цуд над Віслай». Яе вынікам стаў скрышальны разгром бальшавікоў.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: У касьцёле ў Солах замалявалі росьпіс зь бітвай палякаў з бальшавікамі. ФОТА
«Па-польску ніхто не гаварыў матных словаў»
Каталіцкія сьвятары, зь якімі пагаварыла Свабода, нязгодныя з тым, што польская мова ў беларускім касьцёле недапушчальная.
«Безумоўна, польская мова мае права быць у касьцёле. Біскуп у маёй дыяцэзіі казаў, што літургію трэба адпраўляць на такой мове, на якой народ хоча маліцца», — адказвае ксёндз Анджэй Бульчак з Польшчы, які 14 гадоў жыў і служыў у Беларусі, у Віцебскай вобласьці.
Ён сьцьвярджае, што польская мова — гэта сакральная мова для часткі вернікаў у Беларусі, як і лацінская.
«Не таму, што гэтыя людзі былі палякамі. Польская мова была ў касьцёле, і па-польску ніхто не гаварыў непрыгожых словаў, ня лаяўся», — тлумачыць сьвятар.
У Каталіцкай царкве Беларусі дзьве афіцыйныя мовы: беларуская і польская
Беларускі ксёндз Дзьмітры Прыступа, які служыў на Берасьцейшчыне, тлумачыць, што ў Каталіцкай царкве ў Беларусі дзьве афіцыйныя мовы: беларуская і польская.
Суразмоўцы Свабоды у каталіцкіх колах кажуць, што так склалася гістарычна, гэта традыцыя, паўплывала і тое, што тэрыторыя Беларусі была пад Польшчай, і тое, што пры расейскай акупацыі беларускую мову забаранялі больш, чым польскую.
Дзьве афіцыйныя мовы замацаваныя ў дакумэнтах Каталіцкай царквы ў Беларусі. Такое рашэньне прынялі падчас пасяджэньняў Сыноду 1996-2000 гадоў.
Ён дадае, што двумоўе ў Каталіцкай царкве зьявілася яшчэ перад гэтым.
«Гэта перш за ўсё зьвязана з гістарычнымі падзеямі, бо на тэрыторыі Заходняй Беларусі была Польшча. Па-другое, каталіцкія сьвятары зь ніякіх іншых месцаў не прыяжджалі прапаведаваць [у Беларусь], як толькі з Польшчы. Літаратуру прывозілі польскую для малітваў, бо беларускую не было як раздрукаваць, а расейская культура амаль заўсёды была акупанцкай, таму гістарычна так склалася», — тлумачыць сьвятар.
Прыступа ўспамінае, што калі адкрылі касьцёлы ў 1990-х, то большасьць сьвятароў у парафіях паходзілі з Польшчы. На ўвесь Савецкі Саюз тады была адна сэмінарыя, у Рызе. Саветы не дазвалялі беларусам вучыцца на сьвятароў, хаця тыя ўсё роўна знаходзілі магчымасьці і атрымлівалі духоўны сан.
«У Беларусі каталікі асацыююцца з Польшчай і з польскай мовай, бо амаль уся каталіцкая традыцыя, якая ёсьць у Беларусі, мае польскія карані. Напрыклад, традыцыі пятнічнага посту [які практыкуюць у Беларусі] нідзе ў Заходняй Эўропе няма, яна ёсьць толькі ў Польшчы», — працягвае ксёндз Дзьмітры.
Літургічных рэчаў, напрыклад сьвятарскага адзеньня і посуду для богаслужэньня, таксама ў Беларусі не выраблялі. Іх прывозілі з суседняй Польшчы. Нават існавала польская арганізацыя, якая фінансавала набыцьцё гэтых рэчаў касьцёламі «на Ўсходзе».
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Палата прадстаўнікоў прагаласавала за скасаваньне права на адукацыю не на дзяржаўных мовахЗакон аб мовах
Ці недзе прапісана, што беларускі касьцёл мае права самастойна выбіраць мову, на якой маліцца? Дакумэнту з такой фармулёўкай мы не знайшлі. У Беларусі існуе закон аб свабодзе сумленьня і рэлігійных арганізацый. Ён дазваляе кожнаму «свабодна выбіраць, мець, мяняць, выказваць і распаўсюджваць рэлігійныя перакананьні і дзейнічаць у адпаведнасьці зь імі, удзельнічаць у адпраўленьні рэлігійных культаў, рытуалаў, абрадаў, не забароненых законам». Пра мову малітваў там гаворкі няма.
У законе аб мовах, на які спасылалася чыноўніца зь Іўя, прапісана ня толькі тое, што дзяржаўнымі мовамі ў Беларусі зьяўляюцца беларуская і расейская, але і тое, што «Рэспубліка Беларусь праяўляе дзяржаўны клопат пра свабоднае разьвіцьцё і ўжываньне ўсіх нацыянальных моваў, якімі карыстаецца насельніцтва рэспублікі». Сярод нацыянальных меншасьцяў Беларусі ёсьць і палякі. Паводле перапісу насельніцтва 2019 году, яны складаюць другую ў колькасьці нацыянальную меншасьць, іх амаль 290 тысяч чалавек.
«У Беларусі жывуць людзі з польскім паходжаньнем. Мы ня маем права выразаць чалавеку карані ягонага паходжаньня», — кажа ксёндз Дзьмітры Прыступа.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Улады ўзяліся за курсы польскай мовы, патрабуюць сьпісы студэнтаў і выкладчыкаў