У касьцёле ў гонар Маці Божай Ружанцовай у Солах (Смаргонскі раён Горадзенскай вобласьці) зафарбавалі славутую фрэску ў гонар так званага «Цуду над Віслай», на якім выяўленая Варшаўская бітва 1920 году.
Пра гэта Свабодзе паведамілі мясцовыя каталікі.
Варшаўская бітва — вырашальная бітва ў польска-савецкай вайне 1919–1920 гадоў. У бітве ў жніўні 1920-га ўзброеныя сілы новай польскай дзяржавы разграмілі наступ Чырвонай Арміі. Палякі называюць гэту падзею цудам, бо дзякуючы ёй Польшча ўратавала сваю незалежнасьць. Перамога прывяла да мірнай дамовы з Савецкім Саюзам 1921 году, якая зацьвердзіла ўсходнія межы польскай дзяржавы.
Фрэска была зробленая ў храме ў Солах, пабудаваным у 1924–1934 гадах на ахвяраваньні парафіян. У савецкія часы росьпіс ужо зафарбоўвалі, а пасьля падзеньня СССР — аднавілі і наноў асьвяцілі.
Аўтарства фрэскі дакладна не вядомае. Некаторыя прыпісваюць яго беларускаму мастаку Пятру Сергіевічу.
У канцы 2022 году на дзяржаўным тэлеканале «Беларусь-1» выйшаў сюжэт, у якім прапагандыстка Ксенія Лебедзева ганьбіла настаяцеля рымска-каталіцкай парафіі ў Солах ксяндза Леанарда Станкоўскага, а таксама згадала фрэску «Цуд над Віслай» у храме, у якой яна ўбачыла нібыта заклік «да распальваньня нацыянальнай і рэлігійнай варожасьці», а ў наяўнасьці такой фрэскі ў касьцёле — тое, што «асобныя служкі клапоцяцца не аб выратаваньні душы, а аб вяртаньні Заходняй Беларусі ў склад Польшчы».
Газэта адміністрацыі Лукашэнкі «Советская Беларусь» двойчы выказвалася супраць існаваньня росьпісу з выявай Варшаўскай бітвы ў касьцёле ў Солах, апошні — 17 студзеня 2023 году, у інтэрвію з адным з самых зацятых прапагандыстаў дзейнай улады, гісторыкам Ігарам Марзалюком.