Ляўрэат Нобэлеўскай прэміі міру Дзьмітры Муратаў пра прысуд вясноўцам: Лукашэнка яшчэ будзе сядзець, калі Бяляцкі выйдзе
Ляўрэат Нобэлеўскай прэміі міру за 2021 год, галоўны рэдактар расейскай «Новой газеты» Дзьмітры Муратаў у інтэрвію Свабодзе выказаў меркаваньне, што за прысудам Алесю Бяляцкаму і ягоным калегам стаіць беларускі аўтарытарны кіраўнік Аляксандар Лукашэнка.
— Спадзяюся, ні ў кога няма ні найменшага сумневу ў тым, што гэта быў ягоны суд, а не прысуд нейкага незалежнага суду ў Беларусі. Гэта асабісты помсьлівы, дробязны, глыбока агрэсіўны і прырэчаны суд самога Лукашэнкі. Дыктатары, да якіх належыць Лукашэнка, саджаюць людзей за тое, каб зьмены ўлады не было ўвогуле. Яны абараняюць сябе, а не асуджаюць Алеся, Стэфановіча, Лабковіча. Яны ня іх зараз асуджаюць, яны для сябе рыхтуюць бясконцую і несьмяротную, як ім здаецца, уладу. Але, як вядома, гэтага ня будзе...
Бурэль: ЭЗ гатовы рэагаваць на рэпрэсіі і парушэньні правоў чалавека з боку рэжыму Лукашэнкі
Прысуд праваабаронцам Алесю Бяляцкаму, Валянціну Стэфановічу, Дзьмітрыю Салаўёву і Ўладзімеру Лабковічу вынесены «па сфабрыкаваных і палітычна матываваных абвінавачаньнях», заявіў віцэ-прэзыдэнт Эўракамісіі, вярхоўны прадстаўнік ЭЗ па замежных справах і палітыцы бясьпекі Жузэп Бурэль.
«Эўрапейскі Зьвяз самым рашучым чынам асуджае фіктыўны судовы працэс, які зьяўляецца яшчэ адным жахлівым прыкладам таго, як рэжым Лукашэнкі спрабуе прымусіць замаўчаць людзей, якія выступаюць у абарону правоў чалавека і асноўных свабодаў у Беларусі. Але ў Лукашэнкі нічога ня выйдзе. Іх заклік да свабоды гучыць голасна нават з турмы», — гаворыцца ў заяве Бурэля.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Віцэ-прэзыдэнт Эўракамісіі пра прысуд Бяляцкаму і вясноўцам: У Лукашэнкі нічога ня выйдзе. Іх заклік да свабоды гучыць гучна нават з турмыПрэм’ер-міністар Польшчы: Яшчэ адно абуральнае рашэньне беларускага суду
Прэмʼер-міністар Польшчы Матэвуш Маравецкі ў Facebook назваў прысуд «яшчэ адным абуральным рашэньнем беларускага суду».
«Улады неаднаразова спрабавалі прымусіць яго замаўчаць, але Алесь Бяляцкі ніколі не саступаў у сваёй барацьбе за правы чалавека і дэмакратыю ў Беларусі. Польшча рашуча выступае супраць палітычна матываваных працэсаў і заклікае вызваліць несправядліва асуджаных», — напісаў ён.
Вярхоўны камісар ААН па правах чалавека заклікаў «пакласьці канец» перасьледам у Беларусі
Прысуды, вынесеныя ў Беларусі чатыром праваабаронцам, у тым ліку ляўрэату Нобэлеўскай прэміі міру Алесю Бяляцкаму, выклікаюць глыбокую трывогу і сьведчаць аб рэпрэсіях, якія працягваюцца ў краіне, заявіла афіцыйны прадстаўнік Упраўленьня вярхоўнага камісара ААН па правах чалавека Равіна Шамдасані.
«Адсутнасьць незалежнасьці судовай улады і іншыя парушэньні гарантый справядлівага судовага разбору прывялі да крымінальнага перасьледу і асуджэньня праваабаронцаў у Беларусі за іх законную праваабарончую дзейнасьць», — адзначыла Шамдасані.
Вярхоўны камісар ААН па правах чалавека Фолькер Цюрк заклікаў «пакласьці канец» перасьледам і адвольным затрыманьням раз і назаўжды.
Амбасада ЗША ў Беларусі: Іх мэта — прымусіць замаўчаць лідэраў дэмакратычных сіл
Амбасада ЗША ў Беларусі «катэгарычна не прыняла» прысуд праваабаронцам. У заяве канстатуецца, што працяглыя турэмныя тэрміны апанэнтам рэжыму Лукашэнкі сталі часткай «мовы рэпрэсій» пасьля сфальсыфікаваных прэзыдэнцкіх выбараў 2020 году.
«Іх мэта — прымусіць замаўчаць лідэраў дэмакратычных сіл, актывістаў грамадзянскай супольнасьці і праваабаронцаў. Стварыць бачнасьць стабільнасьці ў момант унутранага бяспраўя ў краіне і адсутнасьці бясьпекі ў рэгіёне. Іх прыярытэтам зьяўляецца захаваньне палітычнай улады за кошт сувэрэнітэту, незалежнасьці і асабістых свабод», — лічыць дыпмісія. Пасольства ўпэўнена, што «гэтыя намаганьні пацярпяць няўдачу».
Прэзыдэнтка Эўрапейскага парлямэнту: Палітычна матываваныя прысуды Бяляцкаму і яго паплечнікам — абраза правасудзьдзя
Прэзыдэнтка Эўрапейскага парлямэнту Рабэрта Мэтсала заявіла, што «абураная прысудам ляўрэату Нобэлеўскай прэміі міру і прэміі Сахарава Алесю Бяляцкаму ў выглядзе 10 гадоў пазбаўленьня волі». «Палітычна матываваныя прысуды Бяляцкаму і яго паплечнікам — гэта абраза правасудзьдзя. Я заклікаю неадкладна іх вызваліць. Эўрапарлямэнт падтрымлівае свабодную Беларусь», — падкрэсьліла Мэтсала.
Міжнародная фэдэрацыя за правы чалавека (FIDH) назвала прысуд праваабаронцам «Вясны» «жорсткім і абсурдным»
«Пасьля суду, які прайшоў з парушэньнямі, нашы калегі Алесь Бяляцкі, Валянцін Стэфановіч і Ўладзімер Лабковіч былі асуджаныя на 10, 9 і 7 гадоў пазбаўленьня волі адпаведна. FIDH асуджае гэты жорсткі і абсурдны вырак і заклікае да жорсткай міжнароднай рэакцыі», — гаворыцца ў паведамленьні арганізацыі, піша BPN.
Расейскі «Мэмарыял»: «Непрыхаваная беззаконная расправа за іх праваабарончую дзейнасьць»
«Прысуд, як і сам крымінальны перасьлед Бяляцкага, Стэфановіча і Лабковіча, — непрыхаваная беззаконная расправа за іх праваабарончую дзейнасьць падчас кампаніі тэрору супраць грамадзянскай супольнасьці і ўсяго народу Беларусі, разгорнутай дыктатарскім рэжымам у жніўні 2020 году пасьля выбараў, якія прайграў Лукашэнка.
Мы патрабуем вызваленьня Алеся Бяляцкага, Валянціна Стэфановіча і Ўладзя Лабковіча. Выказваем ім сваю падтрымку і салідарнасьць. Свабоду палітвязьням», — гаворыцца ў заяве Рады Цэнтру абароны правоў чалавека «Мэмарыял» з нагоды прысуду.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «На судзе над „Вясной“ я зразумеў, што нават Расеі ёсьць куды падаць», — заснавальнік «Мемориала»Civil Rights Defenders: «Адчайная спроба беларускага рэжыму прымусіць Бяляцкага замаўчаць»
«Ён (Алесь Бяляцкі. — РС) адзін з самых моцных галасоў за дэмакратыю і правы чалавека ў Беларусі. Адчайная спроба беларускага рэжыму прымусіць яго і іншых крытыкаў рэжыму замаўчаць доўгімі турэмнымі тэрмінамі жудасная, але не нечаканая. Дэмакратычны рух у краіне сутыкнуўся з жорсткімі рэпрэсіямі з боку рэжыму пасьля пратэстаў 2020 году, і сытуацыя пастаянна пагаршаецца.
Міжнародная супольнасьць павінна надалей падтрымліваць тых, хто выступае за правы чалавека і дэмакратыю ў Беларусі», — гаворыцца ў заяве Андэрса Л. Пэтэрсана, выканаўчага дырэктара Civil Rights Defenders.
Польшча выступіла супраць прысуду Бяляцкаму і заклікала вызваліць палітвязьняў
З асуджэньнем выраку праваабаронцам «Вясны» выступіў прэс-сакратар МЗС Польшчы Лукаш Ясіна.
«Сёньня ў Менску ляўрэата Нобэлеўскай прэміі міру Алеся Бяляцкага асудзілі на 10 гадоў пазбаўленьня волі. Разам зь ім асуджаныя яшчэ тры праваабаронцы ў Беларусі. Польшча выступае супраць палітычна матываваных судовых працэсаў і заклікае да вызваленьня ўсіх палітычных зьняволеных», — напісаў Лукаш Ясіна ў Твітэры.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Чаму такі жорсткі прысуд Алесю Бяляцкаму і вясноўцамPEN International: «Бяляцкі — сымбаль надзеі, які натхняе праваабаронцаў ва ўсім сьвеце»
Герман Рохас, старшыня камітэту «Пісьменьнікі за мір» Міжнароднага ПЭН-цэнтру, пракамэнтаваў прысуд Бяляцкаму:
«Міжнародны ПЭН-цэнтар узрушаны асуджэньнем ляўрэата Нобэлеўскай прэміі міру 2022 году Алеся Бяляцкага на 10 гадоў пазбаўленьня волі. Бяляцкі прысьвяціў сваё жыцьцё прасоўваньню дэмакратыі і правоў чалавека ў Беларусі. У сьнежні яму забаранілі выступіць з прамовай на цырымоніі ўручэньня Нобэлеўскай прэміі міру, дзе яго віталі як маяк сьвятла для рэгіёну і за яго межамі.
Бяляцкі — сымбаль надзеі, які натхняе праваабаронцаў ва ўсім сьвеце, і яго трэба шанаваць як такога. Мы заклікаем да яго неадкладнага і безумоўнага вызваленьня, а таксама да адмены прысуду і асуджэньня».
Камісар Рады Эўропы па правах чалавека Дуня Міятавіч: Абуральная атака на справядлівасьць і ілюстрацыя сыстэмных рэпрэсій
Паводле Дуні Міятавіч, перасьлед у Беларусі зазнаюць усе, хто мужна змагаецца за дэмакратыю, справядлівасьць і правы чалавека. «Рэпрэсіі рэжыму і парушэньні правоў чалавека павінны спыніцца», — заявіла Міятавіч.
«Я паўтараю свой заклік да дзяржаў — членаў Рады Эўропы праявіць салідарнасьць зь беларускімі праваабаронцамі і прадстаўнікамі грамадзянскай супольнасьці і падтрымаць тых, хто застаўся ў гэтай краіне, і тых, хто ўцёк за мяжу. Я выказваю спачуваньне і ўдзячнасьць за іх мужную і самаахвярную працу, часам з рызыкай для іх уласнай бясьпекі і свабоды. Як камісар па правах чалавека я буду працягваць садзейнічаць стварэньню бясьпечных і спрыяльных умоў для праваабаронцаў у Беларусі і іншых краінах Эўропы», — адзначыла Дуня Міятавіч.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Алексіевіч пра вырак Бяляцкаму і вясноўцам: «Такія рэчы расчышчаюць шлях да грамадзянскай вайны»Генэральны сакратар Рады Эўропы: Рада Эўропы працягвае падтрымліваць усе беларускія дэмакратычныя сілы
Генэральны сакратар Рады Эўропы Марыя Пэйчынавіч-Бурыч заявіла, што ўзрушана прысудам Бяляцкаму, падкрэсьліўшы, што Рада Эўропы «працягвае падтрымліваць» усе беларускія дэмакратычныя сілы і грамадзянскую супольнасьць у барацьбе за дэмакратычныя каштоўнасьці.
Кіраўніца МЗС Нямеччыны: Абвінавачаньні і суд былі фарсам
Міністарка замежных справаў ФРГ Анналена Бэрбак назвала фарсам суд над праваабаронцамі.
«Алесь Бяляцкі, Валянцін Стэфановіч і Ўладзімер Лабковіч сёньня асуджаныя на гады пазбаўленьня волі за сваю шматгадовую адданасьць правам чалавека, годнасьці і свабодзе людзей у Беларусі. Абвінавачаньні і суд былі фарсам. Менскі рэжым змагаецца з грамадзянскай супольнасьцю гвалтам і турэмным зьняволеньнем. Гэта такая ж штодзённая ганьба, як падтрымка [Аляксандрам] Лукашэнкам пуцінскай вайны. Мы патрабуем спыніць палітычныя перасьледы і вызваліць больш як 1400 палітвязьняў», — заявіла Бэрбак.
Украінская нобэлеўская ляўрэатка: Можна лёгка ўявіць, што робіць рэжым у Беларусі зь іншымі людзьмі, якія ня маюць міжнароднай вядомасьці
Прысуд Алесю Бяляцкаму, Валянціну Стэфановічу і Ўладзімеру Лабковічу камэнтуе Аляксандра Матвійчук, старшыня ўкраінскай арганізацыі «Цэнтар грамадзянскіх свабод», які стаў адным зь ляўрэатаў Нобэлеўскай прэміі міру за 2022 год.
— Сёньня маіх беларускіх калегаў і сяброў — Алеся Бяляцкага, Валянціна Стэфановіча, Уладзімера Лабковіча — асудзілі на вялікія турэмныя тэрміны. Так рэжым Лукашэнкі пакараў іх за праваабарончую дзейнасьць. Цэнтар «Вясна» гадамі абараняў людзей ад перасьледу, адстойваў правы і свабоды ў Беларусі. Я хачу сказаць дзьве рэчы. Рэжым Лукашэнкі падзе, а беларускія праваабаронцы і ўсе незаконна пазбаўленыя волі апынуцца на свабодзе. І другое — нам патрэбная рэакцыя міжнароднай супольнасьці. Калі так абыходзяцца з нобэлеўскім ляўрэатам, можна лёгка сабе ўявіць, што робіць беларускі рэжым зь іншымі людзьмі, якія ня маюць міжнароднай вядомасьці.
Нобэлеўскі камітэт: Бяляцкі шмат гадоў адстойвае фундамэнтальныя правы чалавека
Нобэлеўскі камітэт, камэнтуючы прысуд, прывёў цытату Бяляцкага зь ягонай нобэлеўскай прамовы: «Так ужо здарылася, што людзі, якія больш за ўсё шануюць свабоду, часта яе пазбаўленыя». Камітэт нагадаў, што Бяляцкі шмат гадоў адстойвае фундамэнтальныя правы чалавека, змагаецца за дэмакратыю і вызваленьне палітвязьняў.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Гэта адзін з многіх варыянтаў фашызму». Рэакцыі на вырак лідэрам «Вясны»3 сакавіка абвясьцілі прысуд праваабаронцам «Вясны»
Як паведамляе «Вясна», судзьдзя Марына Запасьнік прысудзіла:
- Алесю Бяляцкаму, ляўрэату Нобэлеўскай прэміі міру і заснавальніку арганізацыі, — 10 гадоў калёніі;
- Валянціну Стэфановічу, намесьніку Бяляцкага і віцэ-прэзыдэнту Міжнароднай фэдэрацыі за правы чалавека, — 9 гадоў зьняволеньня;
- Уладзімеру Лабковічу, каардынатару кампаніі «Праваабаронцы за свабодныя выбары», юрысту, — 7 гадоў зьняволеньня;
- Дзьмітрыю Салаўёву, якога судзяць завочна, — 8 гадоў зьняволеньня.
Іх прызналі вінаватымі ў «кантрабандзе грошай арганізаванай групай» у 2016–2021 гадах (ч. 4 арт. 228 КК) і «фінансаваньні пратэстаў» у 2020-м (ч. 2 арт. 342 Крымінальнага кодэксу).
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Да 10 гадоў зьняволеньня. Суд пакараў нобэлеўскага ляўрэата Бяляцкага і вясноўцаўТаксама судзьдзя Марына Запасьнік пастанавіла спагнаць у салідарным парадку зь Бяляцкага, Стэфановіча, Лабковіча і Салаўёва суму ў памеры 752 438 рублёў 62 капеек (гэта амаль 297 650 даляраў ЗША), якую яны нібыта «здабылі злачынным шляхам» праз «кантрабанду арганізаванай злачыннай групай». Менавіта гэтая сума фігуравала ў абвінавачаньні.
Улічваючы штраф, агулам з праваабаронцаў хочуць спагнаць 1 270 438 рублёў і 62 капейкі, гэта амаль 450 000 даляраў ЗША.
На абвяшчэньне прысуду ў судовую залю прывялі, імаверна, курсантаў Акадэміі МУС, якія занялі амаль усе месцы, піша «Вясна». Падчас прысуду рукі вясноўцаў былі зашпіленыя ў кайданкі за сьпінамі.
Разгляд крымінальнай справы праходзіў судзе Ленінскага раёну Менску з 5 студзеня.
Алесь Бяляцкі, Валянцін Стэфановіч і Ўладзімер Лабковіч не прызналі сваёй віны цалкам.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: У Вільні прайшла акцыя салідарнасьці з праваабаронцамі «Вясны», якіх сёньня асудзілі на вялікія тэрміны. ФОТА