Чаму расейцы павінны зайздросьціць беларусам

Беларусккі нацыянальны бел-чырвона-белы і расейскі дзяржаўны сьцягі. Каляж

Што й казаць, беларусы звыкліся камплексаваць перад суседзямі з прычыны сваіх стогадовых няўдач.

Беларусам не атрымалася абараніць незалежнасьць у 1918 годзе. Не атрымалася замацаваць паўнавартасны посьпех — дасягненьне незалежнасьці — у 1991 годзе. Амаль не атрымалася захаваць уласную мову — і так далей.

Ад гэтага трэба пазбаўляцца, і цяперашняя сытуацыя, як ні дзіўна, для гэтага стварае спрыяльныя ўмовы. Мы жывём у час, калі беларусы могуць глядзець зьверху ўніз як мінімум на расейцаў, якіх многія ў Беларусі звыкліся лічыць «старэйшымі братамі» і мэтраполіяй. А расейцам ёсьць у чым зайздросьціць беларусам.

Глядзіце.

У Беларусі ёсьць структурызаваны моцны дэмакратычны рух. Ёсьць збольшага легітымная прэзыдэнт-элект Ціханоўская з палітычнымі структурамі вакол яе. Ёсьць якасная апазыцыя Ціханоўскай на чале з Пазьняком.

Мітынг у Менску, 2020

У Беларусі ёсьць выразная нацыянальна-дзяржаўная ідэалёгія. Ёсьць выразнае канструктыўнае нацыянальнае бачаньне сваёй мінуўшчыны і сваёй будучыні. Ёсьць Рада БНР як увасабленьне гістарычнай пераемнасьці.

У Беларусі ёсьць добра вядомая і ідэйна рэлевантная зарыхтоўка для зьяўленьня нацыянальнага войска — полк Каліноўскага і іншыя атрады добраахвотнікаў ва Ўкраіне.

У расейцаў з гэтага няма нічога.

Мітынг у Маскве, 2011

Замест лідэра апазыцыі, за якога прагаласавалі сотні тысяч ці нават мільёны чалавек — некалькі публічных асобаў (Хадаркоўскі, Каспараў, Касьянаў, хтось яшчэ?), якіх, пры ўсёй павазе, ніхто не выбіраў і якія прадстаўляюць толькі сябе.

Замест пратэставага руху — групкі людзей, якія імкнуцца пазьбягаць адно аднаго: навальністы, панамароўцы, а ў асноўным проста самотныя адзінкі.

Думку пра існаваньне расейскіх легіянэраў ва ўкраінскім войску (як тых, хто нібы зьдзейсьніў рэйд на Браншчыну 2 сакавіка) расейская апазыцыйная грамадзкасьць, такое ўражаньне, старанна адганяе ад сябе, называючы іх выключна правакатарамі.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Антываенны камітэт Расеі назваў арганізатараў агрэсіі ва Ўкраіну ваеннымі злачынцамі

І нават што тычыцца носьбітаў нейкае гістарычнае пераемнасьці і ідэнтычнасьці: дынастыя Раманавых ухваляе анэксію Крыму, нашчадкі белаэмігрантаў пайшлі ў правы радыкалізм і супрацоўнічаюць з чэкістамі.

Нават савецкі дысыдэнцкі рух так і ня вырас у штосьці большае, чым дасьледчыцкае і асьветніцкае таварыства «Мемориал» — сапраўды адзіную арганізацыю ў Расеі, годную Нобэлеўскай прэміі, але якая і блізка не зьяўляецца палітычным рухам або ідэйным натхненьнем для такога руху.

У расейцаў няма нават нацыянальных сымбаляў. Трыкалёр, які быў сьцягам дэмакратычнай рэвалюцыі 1991 году, цяпер запэцканы як сымбаль пуцінскага рэжыму. Гімна няма. Герба няма. На гэтым тле беларусы маюць агульнапрызнаны бел-чырвона-белы сьцяг, агульнапрызнаны і ўсімі любімы герб, а на ролю нацыянальнага гімна прэтэндуюць ажно дзьве ці болей выдатных песень.

Сьцяг антыпуцінскай апазыцыі. Вільня 2022

Пошук новай расейскай ідэнтычнасьці: няма каму і няма дзе

Расейцам давядзецца перавынаходзіць саміх сябе, шукаць у якасьці апірышча нейкія новыя гістарычныя фігуры і вобразы. Ані Расейская імпэрыя, ані СССР, ані постсавецкая РФ ужо такім апірышчам быць ня могуць.

І расейцы пакуль нават блізка не падышлі да гэтага. Больш за тое, не праглядаецца нават, хто гэтым мог бы заняцца.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Расея пацярпіць паразу». Каспараў, Хадаркоўскі і Нямцова на канфэрэнцыі ў Мюнхэне расказалі пра будучыню Расеі

Бо расейская апазыцыя нагадвае цыбуліну, ад якой можна адзін за другім аддзяляць слаі. Спачатку ідуць фашысты, для якіх мінус Пуціна — у ягоным недастатковым радыкалізьме. Потым — крывадушнікі, якія да лютага 2022 году пад рознымі адгаворкамі не хацелі вяртаць Украіне анэксаваны Крым, нават прызнаючы незаконнасьць самой анэксіі. Потым ідуць тыя, хто ня хоча плаціць Украіне рэпарацыі і адмаўляецца ад адказнасьці за вайну. Потым тыя, у каго пры згадцы магчымасьці дэкалянізацыі Расеі на твары зьяўляецца грымаса Маргарыты Сіманьян і хто піша зьедлівыя рэпартажы са зьездаў розных татарскіх, чачэнскіх і ўральскіх незалежнікаў.

І толькі ў самым канцы ідуць дзеячы, з кім у навакольнага сьвету магчымы адэкватны дыялёг: зусім тонкая праслойка людзей, як Аркадзь Бабчанка, якія часам ужо і не ідэнтыфікуюць сябе з Расеяй і пра некаторых зь якіх большасьць нават антыпуцінскай публікі разважае лексыкай Уладзіміра Салаўёва.

У расейцаў ёсьць цікавыя журналісты, публіцысты, мэдыйныя праекты — зь лепшым фінансаваньнем і больш прафэсійныя, чым у Беларусі і ва Ўкраіне. Але расейцы маюць тых, хто прыгожа гаворыць, і ня маюць тых, хто здольны рабіць справу. У Беларусі, пры ўсіх зразумелых слабасьцях і заганах, наадварот.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Атрымалася падобна на беларускі сьцяг і гэта станоўчая рыса». Пагаварылі з аўтаркай расейскага антываеннага сьцяга

У 2020 годзе беларусы капіявалі расейскія пратэставыя сымбалі, што выглядала ганебна: і песьня Цоя, і «Я/Мы», і белыя стужкі, якія штаб Ціханоўскай у пачатку хацеў выкарыстоўваць, каб не карыстацца бел-чырвона-белым сьцягам.

У 2023 годзе ўжо расейцы капіююць беларускія пратэставыя сымбалі, пачынаючы зь бела-сіне-белага сьцяга, які выглядае як плягіят беларускага бел-чырвона-белага. Гэта таксама выглядае непрыемна, але ўжо зусім зь іншай прычыны.

Думкі, выказаныя ў блогах, перадаюць погляды саміх аўтараў і не абавязкова адлюстроўваюць пазыцыю рэдакцыі.