Аб стварэньні арганізацыі расейскай службе «Голасу Амэрыкі» паведаміў прэс-сакратар Міхаіла Хадаркоўскага Максім Дбар.
Стваральнікі камітэту зьвярнуліся з заявай да міжнароднай супольнасьці.«24 лютага 2022 году расейскае кіраўніцтва на чале з Уладзімірам Пуціным разьвязала агрэсіўную вайну супраць Украіны», — канстатуюць аўтары дакумэнту.
«У вачах усяго сьвету, — падкрэсьліваюць яны, — гэтае ваеннае злачынства зьдзейсьнена ад асобы ўсёй краіны, усіх расейцаў».
«Будучы грамадзянамі Расейскай Фэдэрацыі, мы супраць сваёй волі аказаліся адказнымі за парушэньне міжнароднага права, ваеннае ўварваньне і масавую гібель людзей. Жахлівасьць зробленага злачынства не пакідае магчымасьці прамаўчаць ці праявіць пасіўную нязгоду», — заяўляюць ініцыятары стварэньня Антываеннага камітэту Расеі.
Яны таксама падкрэсьліваюць:
«Для людзей, якія вырасьлі на ідэалах вызваленьня сьвету ад нацызму, захопніцкая вайна — самая страшная і ганебная зьява. Непраціўленьне такой вайне зьяўляецца дапамогаю. А супрацьдзеяньне — адзіна магчымай і годнай лініяй паводзін".
«Ёсьць выразная розьніца, — нагадваюць сябры камітэту, — паміж расейцамі — нядобраахвотнымі ўдзельнікамі пуцінскіх авантур і тымі, хто сьвядома дапамагае пуцінскаму рэжыму ў братазабойчай агрэсіі. Мы нясём маральную адказнасьць за тое, што не змаглі прадухіліць вайну, што дапусьцілі вераломны напад расейскіх войскаў на суседнюю краіну. Але непасрэдныя ўдзельнікі ўварваньня — генэралы і палітычнае кіраўніцтва Расеі, якія распрацоўвалі плян, — павінны быць названыя ваеннымі злачынцамі.
Кожны зь іх паасобку і ўсе яны разам павінны панесьці пакараньне за зробленае. Для зьдзейсьненых імі злачынстваў не існуе тэрмінаў даўнасьці, і ім павінна быць аддадзена па заслугах, як бы доўга сьвету і іхным ахвярам ні давялося гэтага чакаць».
Антываенны камітэт Расеі зьвяртаецца да ўрадаў сьвету з патрабаваньнем заняць прынцыповую пазыцыю ў дачыненьні да парушальнікаў міжнароднага права», — гаворыцца ў дакумэнце.
«Антываенны камітэт зьвяртаецца да ўсіх сапраўдных патрыётаў Расіі з заклікам кансалідавацца ў барацьбе з агрэсіўнай дыктатурай Уладзіміра Пуціна, незалежна ад любых палітычных рознагалосьсяў, ідэалягічных разыходжаньняў і асабістых сымпатый або антыпатый», — заяўляюць аўтары заявы.
Дакумэнт падпісалі:
- Міхаіл Хадаркоўскі,
- Гары Каспараў,
- Сяргей Аляксашанка,
- Сяргей Гурыеў,
- Юрый Півавараў,
- Яўгеній Кісялёў,
- Уладзімір Кара-Мурза,
- Дзьмітрый Гудкоў,
- Барыс Зімін,
- Яўген Чычваркін
- і Віктар Шэндэровіч.