Астапенка гаворыць пра тое, чым будзе займацца прадстаўніцтва, калі зьявяцца пашпарты новай Беларусі, у чым розьніца паміж візытам Лукашэнкі ў Кітай і сустрэчамі на высокім узроўні Ціханоўскай і іншых прадстаўнікоў дэмсілаў.
Глядзець размову на відэа цалкам
Тут фрагмэнты гутаркі
Пра прадстаўніцтва дэмакратычнай Беларусі ў Брусэлі
— З гонарам згадваю, як у 1995 годзе менавіта ў сакавіку мы адкрывалі першую амбасаду незалежнай Беларусі ў Бэльгіі, якая працавала і з Эўразьвязам. Мы гэта рабілі ў сувязі зь першым візытам на той час яшчэ маладога прэзыдэнта Беларусі. Падчас візыту падпісалі пагадненьне аб партнэрстве і супрацоўніцтве з ЭЗ, перад маладой краінай адкрываліся вельмі цікавыя пэрспэктывы па наладжваньні супрацы з ЭЗ, будаваньні сваёй эканомікі і замацаваньні незалежнасьці. Але мы ведаем, што з 1996 году стратэгічны кірунак кардынальна зьмяніўся, і ўсе гэтыя працэсы супрацоўніцтва з ЭЗ, эўраінтэграцыі засталіся практычна нявыкананымі. Таму праз 28 гадоў мы зь вялікай радасьцю зрабілі гэты крок па адкрыцьці прадстаўніцтва дэмакратычнай Беларусі. На палітычнай мапе Эўропы зноў зьявілася пляцоўка, дзе будуць прадстаўленыя рэальныя нацыянальныя інтарэсы Беларусі, дзе будзе гучаць голас Беларусі, голас нацыі, якая хоча быць у эўрапейскай сям’і, якая належыць да эўрапейскай сямʼі. І гэта ня мае ніякага дачыненьня да таго, што робіць сёньня рэжым Лукашэнкі.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: У Брусэлі адкрылі місію «За дэмакратычную Беларусь». ФОТАДзе яшчэ адкрыюць прадстаўніцтвы дэмакратычнай Беларусі
— У Аб’яднаным пераходным кабінэце працуе прадстаўнік у міжнародных справах Валер Кавалеўскі са сваёй камандай, і яму дапамагаюць народныя амбасады. Гэты праект пасьпяхова разьвіваецца два гады, функцыянуе як сыстэма органаў зьнешніх сувязяў дэмакратычных сілаў Беларусі. Мы маем пляны па адкрыцьці такіх прадстаўніцтваў яшчэ ў Эстоніі, Чэхіі... Ва ўмовах, калі амбасады рэжыму практычна нікога не прадстаўляюць, не працуюць актыўна з замежнымі партнэрамі, не адстойваюць нацыянальныя інтарэсы, гэта мусяць рабіць самі беларусы. Практычна зьявілася пераходнае міністэрства замежных справаў дэмакратычнай Беларусі.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Былога амбасадара Астапенку завочна засудзілі, а потым крыху амніставалі. Што гэта значыцьПра пашпарты новай Беларусі
— Мы ведаем, што гэта вельмі актуальнае пытаньне для беларусаў, і вельмі актыўна працуем. З тэхнічнага боку практычна ўжо ўсё зроблена для таго, каб ісьці далей. Тыдзень таму адбыліся кансультацыі на высокім узроўні з удзелам Валера Кавалеўскага тут у Брусэлі з галоўным дырэктаратам Эўрапейскай камісіі па ўнутраных справах, былі адпаведныя гутаркі з эўрапейскімі камісарамі наконт гэтага. Мы працуем таксама з нацыянальнымі ўрадамі. Гэта комплекснае і складанае пытаньне, якое патрабуе ўзгадненьня пазыцый і палітычнага вырашэньня, дзеля таго каб гэты дакумэнт быў прызнаны, каб ён служыў мэтам Беларусі. Мы робім усё, што маем зрабіць, што можна зрабіць для таго, каб гэтая ідэя рэалізавалася як мага хутчэй. Трэба яшчэ трохі пачакаць беларусам. Я спадзяюся, што мы будзем мець добрыя навіны наконт гэтага.
Пра розьніцу паміж міжнароднымі візытамі Лукашэнкі і Ціханоўскай з прадстаўнікамі дэмсілаў
— Гэта можна назваць спаборніцтвам аматараў і прафэсіяналаў. Ціханоўская і прадстаўнікі Аб’яднанага пераходнага кабінэту за паўгода зрабілі ў 10 разоў больш працы, сустрэч, далі больш вынікаў, чым Лукашэнка за свае амаль 30 гадоў знаходжаньня ва ўладзе. Трэба гаварыць ня як, а з кім і колькі разоў сустракаесься і на якім узроўні. Тут абсалютна дзьве розныя рэчы. Лукашэнка імкнецца прадэманстраваць сваю легітымнасьць, ад якой нічога не засталося.
Пра вынікі візыту Лукашэнкі ў Кітай
— Ён спрабуе знайсьці нейкую альтэрнатыву «крепким объятиям» з боку Расеі, бо ў яго альтэрнатываў не засталося для таго, каб манэўраваць на зьнешнепалітычным полі. Гэта спроба ўцягнуць у гэтую сытуацыю Кітай, але мне здаецца, што Кітай ужо дэманстраваў сваю асьцярожнасьць, стрыманасьць. Думаю, што Кітай будзе ўважліва сачыць за сытуацыяй з вайной паміж Расеяй і Ўкраінай, у якую была ўцягнутая Беларусь, перад тым як зрабіць нейкія актыўныя крокі на гэтым напрамку.
Чаму ў 2020 годзе ўсё было недарма
— Я ўпэўнены ў тым, што гэта было недарма. У кожнай нацыі ёсьць свой шлях да асэнсаваньня таго, што яна нацыя. Свой шлях павінны прайсьці беларусы. Мне здаецца, што ў 2020 годзе мы пачалі крочыць гэтым шляхам. Мы прачнуліся, зразумелі, што акрамя нас у нашым доме ніхто за нас нічога не пабудуе. Мы зразумелі, што 30 гадоў мы практычна стаялі на месцы, а сёньня нелегітымны рэжым нас цягне ў мінулае, а трэба ўсё ж думаць пра будучыню. З вышыні свайго ўзросту скажу, што вельмі важна, каб мы пакінулі краіну нашым дзецям і ўнукам, каб яны маглі жыць у вольнай, незалежнай Беларусі, пра якую мы марым. Упэўнены, што дойдзем да гэтай мэты. Ня трэба апускаць рукі, трэба верыць і змагацца.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Гістарычная падзея», — кіраўнік прадстаўніцтва дэмсілаў Беларусі ў Брусэлі Астапенка пра задачы місіі, альянс з Украінай і пашпарты