Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У Брусэлі адкрылі місію «За дэмакратычную Беларусь». ФОТА


У Брусэлі адбылася цырымонія адкрыцьця прадстаўніцтва «За дэмакратычную Беларусь».

Місію «За дэмакратычную Беларусь» узначаліць Уладзімер Астапенка — былы дыплямат, які пакінуў МЗС у знак пратэсту супраць рэпрэсій. Сымбалічна, што 30 гадоў таму менавіта ён адкрываў амбасаду незалежнай Беларусі ў Брусэлі.

Удзел у прэзэнтацыі ўзялі міністарка замежных спраў Бэльгіі, прэзыдэнт Фляндрыі, эўрапейскія парлямэнтары, лідэры эўрапейскіх структур і міжнародных арганізацый, беларусы Бэльгіі.

Місія «За дэмакратычную Беларусь» знаходзіцца ў цэнтры Брусэля. Памяшканьне даў урад Фляндрыі на бясплатнай аснове. Гэтая прастора дазваляе праводзіць культурныя імпрэзы, палітычныя сустрэчы, выставы. І папраўдзе, як адзначыла Сьвятлана Ціханоўская, у беларусаў упершыню за 27 гадоў цяпер ёсьць сваё месца ў Брусэлі, і гэта вельмі важна.

На цырымоніі, у якой узялі ўдзел бэльгійскія палітыкі, дэпутаты Эўрапарлямэнту ды дыпляматы, выступіла дэмакратычная лідэрка Сьвятлана Ціханоўская.


Што сказала Сьвятлана Ціханоўская:

  • «Тут, за некалькі кілямэтраў ад эўрапейскіх інстытутаў, Беларусь атрымала новы дом. Місія «За дэмакратычную Беларусь» будзе працаваць над набліжэньнем Беларусі да Эўропы. Але таксама гэта зробіць Эўропу бліжэйшай да Беларусі».
  • «Я не магу не падзякаваць флямяндскаму ўраду і яго міністру-прэзыдэнту Яну Жамбону за прадастаўленьне нам такіх прыгожых памяшканьняў у цэнтры Брусэлю. Беларусы ніколі не забудуць ваш велікадушны жэст. Я хачу скарыстацца выпадкам і падзякаваць ураду Бэльгіі за тое, што яны прымаюць нас тут і падтрымліваюць ідэю адкрыцьця такой місіі. Я ведаю, што гэта нетрадыцыйны крок. Але мы жывем у нетрадыцыйны час, які патрабуе нетрадыцыйных рашэньняў».
  • «Дазвольце падзякаваць і беларусам Бэльгіі. За вашу дапамогу і падтрымку, каб зрабіць гэтую падзею яркай і гасьціннай, за вашу прыхільнасьць Беларусі. Я ганаруся быць сярод вас».
  • «Мы павінны зрабіць так, каб Беларусь заставалася ў эўрапейскім парадку дня. Я ўпэўнены, што Mission for democratic Belarus стане гасьцінным месцам для кожнага беларуса, які бачыць Беларусь дэмакратычнай і незалежнай. Ён будзе трымаць свае дзьверы адчыненымі для любой незалежнай ініцыятывы або арганізацыі, якія працуюць на перамены ў нашай краіне. Гэта будзе месца, дзе мы будзем разважаць пра будучыню і дзе мы будзем будаваць новыя сяброўскія адносіны і саюзы».
  • «Місію ўзначальвае наш найлепшы дыплямат — амбасадар Уладзімер Астапенка, які нястомна працаваў над першымі крокамі да пачатку місіі. Вельмі сымбалічна, што амаль 30 гадоў таму амбасадар Астапенка адкрыў тут, у Брусэлі, першую амбасаду Беларусі. Зь вяртаньнем, Уладзімер!»
  • «Увайшоўшы ў гэты будынак, вы маглі пабачыць выставу беларускай мастачкі Вольгі Якубоўскай „Каты свабоды“. Мой любімы кот з гэтай сэрыі — гэта, вядома ж, мой муж Сяргей. Мы змагаемся за яго вызваленьне і вызваленьне кожнага палітвязьня. Але сёньня мяне таксама вельмі кранулі здымкі за маёй сьпінай, дзе мастак апавядае гісторыю пратэсту ў Беларусі ў зразумелай нават дзіцяці форме».
  • «Мы ня спынімся, пакуль у Беларусь ня вернецца дэмакратыя, а Беларусь вернецца ў сям’ю эўрапейскіх народаў, да якой яна заўсёды належала. Дэмакратычная Беларусь будзе найлепшай дапамогай для Ўкраіны, найлепшым пакараньнем для Пуціна. Яна будзе донарам бясьпекі ў рэгіёне і добрым партнэрам для Эўропы. Я заклікаю ўсіх далучыцца да нашай барацьбы за дэмакратыю, справядлівасьць, мір і эўрапейскія каштоўнасьці. Гэта нялёгкі бой, але правільны».

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG