Суд Савецкага раёну Менска прызнаў вінаватым Уладзіміра Астапенку па ч.1 арт. 14 і ч.3 арт. 210 КК (замах на завалоданьне маёмасьцю ў буйным памеры, учынены службовай асобай з выкарыстаньнем сваіх службовых паўнамоцтваў).
Яго завочна засудзілі на 5 гадоў са штрафам 18 500 рублёў «з пазбаўленьнем права займаць пасады, зьвязаныя з выкананьнем арганізацыйна-распарадчых і адміністрацыйна-гаспадарчых абавязкаў, на тэрмін 5 гадоў», – гаворыцца ў паведамленьні Генпракуратуры.
Аднак паводле амністыі ў сувязі зь Днём народнага адзінства Астапенку вызвалілі ад асноўнага пакараньня часткова – на адзін год. Цяпер выніковы тэрмін пазбаўленьня волі складае 4 гады. Ягоная маёмасьць арыштаваная ў лік выплаты штрафу.
- Астапенка да кастрычніка 2020 года займаў пасаду пасла ў Аргентыне. Па рашэньні МЗС Беларусі ягоная місія была завершаная з узгадненьнем даты вылету яго і членаў сямʼі ў Менск 30 кастрычніка 2020 году. Пасольства Беларусі ў Аргентыне аплаціла яму, жонцы і сыну кошт авіябілетаў па маршруце Буэнас-Айрэс – Парыж – Менск. Аднак Астапенка памяняў квіткі і з Парыжу заляцеў у Варшаву, «з прычыны чаго неабгрунтавана выкарыстаў транспарт пасольства для праезду да аэрапорта». Яму налічылі ўрон звыш 6,9 тысяч рублёў.
- Уладзімір Астапенка падаў у адстаўку ў дзень інаўгурацыі Аляксандра Лукашэнкі. Неўзабаве Лукашэнка звольніў Астапенку і пазбавіў яго дыпляматычнага рангу »ў сувязі са зьдзяйсьненьнем правіны, несумяшчальнай са знаходжаньнем на дыпляматычнай службе«.
- Астапенка пакінуў Беларусь. Цяпер ён працуе ў Абʼяднаным пераходным кабінэце, зьяўляецца намесьнікам кіраўніка Народнага антыкрызіснага кіраваньня.