Зь Беларусі на Данбас за тыдзень адправілі 5 эшалёнаў з расейскімі салдатамі і вайсковай тэхнікай

Расейская вайсковая тэхніка ў Беларусі. Архіўнае фота

Тысячы расейскіх салдат, якія ідуць на вайну супраць Украіны, навучаюцца на беларускіх аэрадромах і палігонах.

28 лютага і 1 сакавіка з станцыі Слонім у кірунку Данецкай вобласьці Ўкраіны адправіліся яшчэ 2 эшалёны з тэхнікай і навучаным кантынгентам Узброеных сіл Расеі, паведаміў тэлеграм-канал чыгуначнікаў.

Першы цягнік выправіўся 28 лютага ў Растоўскую вобласьць, а далей лякаматывамі будзе адпраўлены на станцыю ў акупаваны Расеяй Ілавайск (Данецкая вобласьць Украіны). У эшалёне 46 вагонаў-плятформаў з вайсковай тэхнікай і 2 пасажырскія вагоны (каля 100 чалавек).

Другі эшалён быў адпраўлены 1 сакавіка таксама ў Растоўскую вобласьць, а потым таксама ў Данецкую вобласьць Украіны. У гэтым эшалёне 38 вагонаў, зь іх 2 — пасажырскія, 36 — з тэхнікай.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: У МУС Беларусі стварылі бесьпілётную авіяцыю, у тым ліку ўдарную

Як расейскую вайсковую тэхніку адпраўляюць зь Беларусі

25 лютага на станцыю Мацьвееў Курган зь Беларусі адправілі эшалён з 51 вагона.

26 лютага эшалён з расейскай вайсковай тэхнікай і навучанымі ў Беларусі вайскоўцамі адправіўся з Слоніма на станцыю Няклінаўка ў Растоўскай вобласьці Расеі, паведамляе тэлеграм-канал @belzhd_live. Эшалён нумар 964 складаецца з 46 вагонаў: 5 пасажырскіх, крытыя вагоны і вагоны-плятформы з колавай і гусенічнай тэхнікай.

27 лютага са станцыі Палонка (Баранавіцкае аддзяленьне Беларускай чыгункі) на станцыю Гукава (Паўночна-Каўкаская чыгунка Расеі) і далей на акупаваную Расеяй станцыю Чырвоная Магіла (Дэбальцаўскае аддзяленьне, Данецкая чыгунка Ўкраіны) накіраваўся эшалён з вайсковай тэхнікай і навучанымі ў Беларусі вайскоўцамі РФ, паведаміў тэлеграм-канал Live. Сообщество железнодорожников Беларуси.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: У Расеі заявілі пра «ўкраінскіх дывэрсантаў» у Бранскай вобласьці. У Кіеве кажуць, што магчымыя правакацыі

Дапамога ўладаў Беларусі ў расейскай вайне супраць Украіны

Лукашэнка неаднаразова заяўляў, што Беларусь удзельнічае ў «спэцыяльнай ваеннай апэрацыі» ва Ўкраіне, усяляк падтрымліваючы Расею, але «нікога не забіваючы». «Спэцыяльнай ваеннай апэрацыяй» расейскае, а ўсьлед за ім і беларускае кіраўніцтва называюць поўнамаштабную вайну супраць Украіны, якую Расея пачала 24 лютага 2022 году. Разам з тым Лукашэнка часам называе разьвязаны Расеяй канфлікт і вайной.

Улады ў Менску адмаўляюць удзел беларускай арміі ў баявых дзеяньнях на баку Расеі, у той жа час тэрыторыя Беларусі з пачатку ўварваньня, а таксама ў асобныя пэрыяды пазьней актыўна выкарыстоўвалася расейскай арміяй для нанясеньня ўдараў па Ўкраіне.

Таксама ёсьць сьведчаньні, што Беларусь дапамагае Расеі зброяй: танкі і іншую бранятэхніку разам з боепрыпасамі актыўна вывозяць у Расею, хоць Мінабароны Беларусі сьцьвярджае, што тэхніку вывозяць на мадэрнізацыю.

У верасьні 2022 году беларускія ўлады абвясьцілі, што ў краіне створаць сумесную з Расеяй групоўку войскаў, з прычыны «неабходнасьці супрацьстаяць агрэсіўным намерам NATO і забясьпечваць абараназдольнасьць». Неўзабаве пасьля гэтага ў Беларусь пачалі прыбываць эшалёны з расейскімі вайскоўцамі і тэхнікай, пераважна тэнтаванымі «КамАЗамі» для перавозкі салдат.

Паводле беларускага Міністэрства абароны, групоўка ўключае ў сябе да 9 тысяч расейскіх вайскоўцаў, а таксама да 170 танкаў, да 200 браняваных машын, да 100 гармат.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: У Вільні заявілі, што беларускія спэцслужбы спрабуюць вэрбаваць літоўцаў, якія прыяжджаюць у Беларусь

Вайна Расеі супраць Украіны

  • А 5-й гадзіне раніцы 24 лютага 2022 году кіраўнік Расеі Ўладзімір Пуцін заявіў пра пачатак ваеннай апэрацыі супраць Украіны на Данбасе па просьбе груповак «ДНР» і «ЛНР». 21 лютага падчас тэлезвароту да расейцаў Пуцін назваў так званыя «ДНР» і «ЛНР» незалежнымі дзяржавамі ў межах абласьцей. 22 лютага Савет Фэдэрацыі ратыфікаваў гэтае рашэньне.
  • Расейскія войскі атакавалі ў тым ліку з тэрыторыі Беларусі, выкарыстоўваючы лётнішчы, базы і дарогі. Прадстаўнікі рэжыму Лукашэнкі апраўдваюць вайну, яго праціўнікі лічаць тэрыторыю Беларусі акупаванай, многія заклікаюць да супраціву расейскім захопнікам.
  • Насуперак заявам Пуціна пра атакі выключна на вайсковыя аб'екты, расейцы бамбяць школы, дзіцячыя садкі і жылыя кварталы ўкраінскіх гарадоў.
  • 2 красавіка 2022 году, пасьля вызваленьня гораду Буча пад Кіевам, фотакарэспандэнты апублікавалі дзясяткі фотаздымкаў, на якіх відаць сотні нябожчыкаў, ахвяр масавых забойстваў, учыненых расейскімі войскамі. Многія пахаваныя ў стыхійных брацкіх магілах. Вялікія разбурэньні прынесла расейская акупацыя і Барадзянцы.
  • З 24 лютага Расея захапіла толькі адзін абласны цэнтар — Херсон. Расейскія войскі адступілі зь яго і з правабярэжнай часткі Херсонскай вобласьці ў лістападзе 2022 году. Горад быў акупаваны расейскімі войскамі ў першыя дні вайны фактычна без баёў. Увосень 2022 году ўкраінскія войскі правялі маштабны контранаступ, у выніку якога расейскія сілы пакінулі большасьць сваіх пазыцый у Харкаўскай вобласьці.
  • Нягледзячы на першапачатковыя заявы Пуціна пра тое, што акупацыя ўкраінскіх тэрыторыяў не ўваходзіць у пляны ўварваньня, 30 верасьня 2022 году была абвешчана анэксія чатырох вобласьцяў Украіны (Данецкай, Запароскай, Луганскай і Херсонскай), у тым ліку і тэрыторыяў, якія Расея не кантралявала.
  • 21 верасьня 2022 году Пуцін заявіў пра мабілізацыю ў Расеі. Пасьля гэтай заявы тысячы расейцаў накіраваліся на памежныя пункты і пачалі выяжджаць у Грузію, Казахстан, Армэнію, Манголію, Фінляндыю і іншыя краіны. У самой Расеі праціўнікі вайны падпалілі некалькі вайсковых камісарыятаў.
  • У 2023 годзе Лукашэнка і Пуцін заявілі пра разьмяшчэньне ў Беларусі расейскай ядзернай зброі. 13 чэрвеня Лукашэнка сказаў, што частка ядзернай зброі ўжо дастаўлена з РФ у Беларусь. 16 чэрвеня Пуцін таксама заявіў, што першыя ядзерныя зарады ўжо дастаўленыя на тэрыторыю Беларусі, а астатнюю частку перамесьцяць «да канца лета або да канца году».
  • 3 верасьня ўкраінскі брыгадны генэрал Аляксандар Тарнаўскі заявіў, што Ўзброеныя сілы Ўкраіны прарвалі першую лінію абароны на запароскім кірунку, на якую расейцы выдаткавалі больш за ўсё рэсурсаў.
  • У канцы 2023 і на пачатку 2024 расейцы працягвалі масавыя абстрэлы ўкраінскіх гарадоў: Дніпры, Кіеве, Харкаве, Адэсе і іншых месцах дзясяткі людзей загінулі і атрымалі раненьні. Украінскі бок у адказ абстрэльваў расейскі Белгарад, некалькі чалавек загінулі. Узброеныя сілы дзьвюх краін рэгулярна атакуюць падкантрольныя адна адной тэрыторыі бесьпілётнікамі.
  • Агулам з пачатку 2024 году ўкраінскія дроны пашкодзілі 18 расейскіх НПЗ, што прывяло да скарачэньня вытворчасьці амаль на 14%. У сакавіку былі атакаваныя такія абʼекты, як Разанскі НПЗ «Раснафты» і завод «Лукойла» ў Кстове ў Ніжагародскай вобласьці. Абодва ўваходзяць у топ-10 найбуйнейшых НПЗ Расеі і забясьпечваюць бэнзінам Маскву.
  • 6 жніўня 2024 году Ўкраіна пачала апэрацыю ў Курскай вобласьці. 19 жніўня прэзыдэнт Украіны Ўладзімір Зяленскі заявіў, што пад кантролем Украіны ў ходзе апэрацыі Ўзброеных сілаў Украіны знаходзяцца 92 паселішчы Курскай вобласьці Расеі. Галоўнакамандуючы Ўзброенымі сіламі Ўкраіны Аляксандар Сырскі ўдакладніў, што такіх населеных пунктаў 82. Улады Ўкраіны заявілі пра стварэньне ваенных камэндатураў і арганізацыі перадачы «гуманітарнай дапамогі ў населеныя пункты, якія знаходзяцца пад кантролем Украіны». Экспэрты Інстытуту вывучэньня вайны, прааналізаваўшы заявы і відэаматэрыялы з геалякацыяй, выказалі меркаваньне, што Ўкраіна кантралюе ў Курскай вобласьці ня ўсю тэрыторыю ў заяўленых межах прасоўваньня.
  • 16-18 жніўня ўкраінскія сілы падарвалі тры масты, якія мелі стратэгічнае значэньне для матэрыяльна-тэхнічнага забесьпячэньня групоўкі расейскіх войскаў ва Ўкраіне і вайсковай авіяцыі, якая базуецца ў Курскай вобласьці.
  • 17 лістапада Джо Байдэн зьняў абмежаваньні на нанясеньне ўдараў амэрыканскай дальнабойнай зброяй па тэрыторыі Расеі.
  • Незалежная праверка інфармацыі пра ваенныя дзеяньні, якую даюць афіцыйныя асобы розных бакоў, не заўсёды магчымая.