«Цяпер у МУС створаная бесьпілётная лятальная авіяцыя, — заявіў міністар. — Мы ўжо закупілі вялікую колькасьць дронаў, яны выкарыстоўваюцца для выкананьня розных задач».
У прыватнасьці, гаворка ідзе пра патруляваньне ў тых месцах, дзе няма магчымасьці ўстанавіць камэры відэаназіраньня. Паводле Кубракова, дроны актыўна выкарыстоўваюць у паркавых зонах і лясістай мясцовасьці.
На ўзбраеньні ўнутраных войскаў і АМАПа ёсьць ударныя бесьпілётнікі, заявіў кіраўнік МУС:
«Дрон, аснашчаны пэўным зарадам, можа паразіць і тэхніку, і жывую сілу праціўніка».
Гаворачы аб новых падразьдзяленьнях у структуры ведамства, Кубракоў паведаміў пра інтэрнэт-выведку, якая «сёньня проста неабходная для любой службы».
У працу ўсіх службаў ведамства ўкараняюць «тэхнічныя навінкі», пры гэтым асаблівую ўвагу надаюць сыстэмам відэаназіраньня: так, на сёньня ў Менску імі абсталявалі ўсе гандлёвыя цэнтры і грамадзкія месцы.
26 лютага 2023 году ByPol і лідэры апазыцыі ў выгнаньні паведамілі, што расейскі самалёт далёкага радыёлякацыйнага выяўленьня і кіраваньня А-50У быў пашкоджаны ў выніку атакі бесьпілётнікаў на авіябазу ў Мачулішчах.
Група ByPol паведаміла аб двух выбухах і пашкоджаньні пярэдняй і сярэдняй частак А-50, а таксама антэны радара. Паводле ByPol, удзельнікі пляну «Перамога» выкарысталі для гэтага два дроны кампаніі DJI, якія саматужна пераабсталявалі ў дроны-камікадзэ. Кожны дрон нёс 200 грамаў выбуховага рэчыва ў тратылавым эквіваленце. Скарысталі мэталічныя шары, прыблізна 200 штук на кожны.