Рыгор (імя зьмененае ў мэтах бясьпекі) — былы палітвязень, які адсядзеў тэрмін у «справе Зельцара» і нядаўна выйшаў на волю. Ён расказаў праваабаронцам «Вясны» пра катаваньні ў СІЗА і мэдыцынскую дапамогу ў няволі.
Сьледчая турма ў Жодзіна — адзіная ў Беларусі папраўчая ўстанова, дзе адначасова сядзяць падсьледныя і асуджаныя, у тым ліку на пажыцьцёвае зьняволеньне.
Як расказаў праваабаронцам Рыгор, там яго сустрэлі «калідорам», жорсткай і гвалтоўнай практыкай сілавікоў: супрацоўнікі турмы становяцца ў два шэрагі тварамі адзін да аднаго, паміж імі праганяюць зьняволеных, а сілавікі ў гэты час іх б'юць. «Моцна ня білі, толькі высьпяткаў надавалі», — адзначае мужчына.
Камэры ў турме, паводле яго, былі перапоўненыя ў два разы. Адміністрацыі ўстановы паступіла распараджэньне трымаць «палітычных» на асаблівым кантролі, таму Рыгору забаранілі лісты і пасылкі. Яго і іншых «палітычных» штогадзіны выклікалі на шыхтаваньне, дзе трэба было называць сваё імя і прозьвішча.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Праваабаронцы паведамілі спэцдакладчыкам ААН пра парушэньні правоў затрыманых у «справе Зельцара»Пэрыядычна ў камэры рабілі ператрусы, наўмысна раскідваючы асабістыя рэчы, расказвае былы палітвязень. Супрацоўнікі пакідалі на ноч уключаным яркае сьвятло, якое перашкаджала спаць. Апоўначы і 3-й гадзіне ночы вязьняў будзілі для праверкі.
Празь перанасяленьне ў камэры спаць было амаль немагчыма: матрацаў было роўна столькі, колькі нараў, людзей — у два разы болей. Пасьцельныя рэчы вязьні дзялілі між сабой. Тыя, хто спаў на нарах, лажыліся на матрацы, накрываючыся прасьцінаю, а замест падушкі пад галаву клалі навалачку, набітую рэчамі. Вязьні, якія спалі на падлозе, сьцялілі коўдру, таксама накрываліся прасьцінаю. Але ім даставалася падушка.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Пераходны кабінэт абмяркоўвае стварэньне фонду падтрымкі палітвязьняў з шэрагам краінаў і партнэраўПра мэдычную дапамогу ў турме
Мужчына прыгадвае адзін паказальны выпадак, які характарызуе ўзровень мэдычнай дапамогі ў турме. У камэры Рыгора хлопец захварэў на каранавірус. Калі зьняволеных выводзілі на так званую «расьцяжку» (падчас плянавай праверкі ў камэрах вязьняў выводзяць у калідор і стаяць тварам да сьцяны, прымушаючы вельмі шырока расстаўляць ногі. — Рэд.), вязьню стала дрэнна. Па вяртаньні ў камэру ён страціў прытомнасьць і абмачыўся. Лекар, якога дамагліся сукамэрнікі, выявіў у хворага вельмі нізкі ціск — 90/30. Але ён не зрабіў належных захадаў і пакінуў хворага ў камэры безь лячэньня.
Толькі на пяты дзень актыўных спробаў дамагчыся мэдычнай дапамогі хворага паклалі ў асобную камэру на лячэньне.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Зь вітамінаў — адзін нясьпелы яблык за лета». Былыя турэмны лекар і палітвязень пра хваробы і мэдыцыну за кратаміІнфармацыйны голад і інструкцыі для лекаў
Першы час Рыгору ў Жодзіна не выдавалі ані газэт, ані кніг, ані паперы з асадкай. З крыніц інфармацыі — толькі прапагандысцкія радыётрансьляцыі. Пазьней вязьням пачалі перадаваць лекі ад родных. Каб хоць неяк заняць сябе, мужчыны па чарзе чыталі інструкцыі ад лекаў.
У такіх умовах Рыгор правёў каля месяца, пасьля чаго яго перавялі ў агульную камэру ў пятым корпусе, дзе адміністрацыя дазволіла лісты і перадачы.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: У гадавіну нападу Расеі на Ўкраіну праваабаронцы падлічылі, колькі беларусаў пацярпелі за антываенную пазыцыю«Палітычны ў кайданках, абвінавачваны ў забойстве — без»
Рыгора везьлі на суд цягніком у кайданках. Зь ім у купэ знаходзіўся чалавек, якога абвінавачвалі ў забойстве.
Тым ня менш Рыгор кажа, што «жодзінская турма ў параўнаньні зь Віцебскім СІЗА — гэта піянэрскі лягер».
«Вядома, што першы корпус жодзінскай турмы, у якім нас спачатку ўтрымлівалі, — гэта корпус для катаваньняў, і ён зьяўляецца выключэньнем. У пятым корпусе, куды нас пазьней перавялі, збольшага было даволі лагодна. А Віцебскі СІЗА — гэта быў суцэльны жах», — адзначае ён.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Былыя вязьні адказалі прадстаўніку пракуратуры на словы, што нібыта ніхто зь іх ня скардзіцца на катаваньні