Расейская армія атакуе горад Бахмут Данецкай вобласьці зь ліпеня 2022 года. Украінцы дагэтуль не здалі горад, але да пачатку сакавіка 2023 году Бахмут ужо напалову аточаны расейцамі з усходу, поўначы і поўдня.
Толькі адна дарога для забесьпячэньня гораду кантралюецца ўкраінскімі вайскоўцамі, рэшта — пад фактычным і агнявым кантролем расейскага войска.
Украінскія вайскоўцы могуць зьдзейсьніць «стратэгічнае адступленьне» з гораду Бахмут Данецкай вобласьці, які ўжо некалькі месяцаў зьяўляецца адным з эпіцэнтраў баявых дзеяньняў ва Ўкраіне, заявіў дарадца прэзыдэнта Ўкраіны па эканамічных пытаньнях Аляксандар Раднянскі ў эфіры амэрыканскай тэлекампаніі CNN.
«Расея цяпер спрабуе атачыць Бахмут, і для гэтага яны выкарыстоўваюць найлепшыя падразьдзяленьні ПВК „Вагнэр“, відаць, найбольш падрыхтаваныя і дасьведчаныя», — адзначыў ён.
Раднянскі выказаў здагадку, што ўкраінскія вайскоўцы ўзважаць усе варыянты.
«Да гэтага часу яны ўтрымлівалі горад, але калі спатрэбіцца, яны стратэгічна адступяць, таму што мы не зьбіраемся ахвяраваць усімі нашымі людзьмі проста так», — дадаў ён.
На пачатку лютага прэзыдэнт Украіны Ўладзімір Зяленскі заяўляў, што УСУ не здадуць Бахмут расейскім войскам. У сярэдзіне лютага ён сказаў, што Ўкраіна будзе змагацца за гэты горад на Данбасе, «пакуль гэта будзе разумна», але ня будзе абараняць яго любой цаной.
«У ворага перавага ў жывой сіле, у нас дэфіцыт снарадаў»,— сказаў Радыё Свабода пра сытуацыю пад Бахмутам камандзір роты батальёну «Свабода», лейтэнант Нацыянальнай гвардыі Ўкраіны Яўген Арапай:
«У расейцаў вялікая перавага ў жывой сіле, але яны амаль не прымяняюць сваю тэхніку. Апошнія вялікія групоўкі вайсковай тэхнікі былі каля Вуглядару. І яна вельмі эфэктыўна была зьнішчаная», — сказаў вайсковец.
Арапай падкрэсьліў, што ўкраінскія абаронцы вельмі чакаюць абвешчанай з краін Захаду дапамогі:
«Як толькі да нас прыйдзе частка, хаця б 15%, 20% абвешчанага лэнд-лізу, для расейцаў гэта будзе вельмі крытычна. Бо цяпер ёсьць дэфіцыт узбраеньня, ёсьць вялікія праблемы з савецкімі снарадамі для артылерыі», — зазначыў камандзір.
Камандзір роты расказаў, што байцам не хапае мін і снарадаў для артылерыі.
Яўген Арапай таксама расказаў пра сытуацыю з стратамі ва ўкраінскай арміі:
«Вельмі складаная... Для нас кожны пабрацім — гэта нечы таварыш, сябар, родны, бацька, муж», — сказаў камандзір роты.
Бахмут працягвае заставацца галоўным гарачым пунктам на Данбасе. Спробы захапіць горад расейскія войскі робяць зь ліпеня 2022 году, калі ім удалося акупаваць вялікую агламэрацыю ў суседняй Луганскай вобласьці (Севераданецк, Рубежнае, Лісічанск). Актыўны наступ з набліжаных да Бахмута пазыцый расейскія вайскоўцы пачалі ў студзені 2023 году.
Вайсковыя аналітыкі кажуць, што захоп Бахмута мае для Расеі хутчэй тактычнае значэньне, ён не істотны з стратэгічнага пункту гледжаньня. Тым ня менш узяцьце расейцамі Бахмута можа адкрыць ім шлях на іншыя важныя гарады Данецкай вобласьці: Данецк і Краматорск.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Вайна ва Ўкраіне: расейскія войскі абстралялі Херсон, у наступ на Бахмут кінулі вагнэраўцаў ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: ААН: колькасьць пацьверджаных выпадкаў гібелі мірных жыхароў ва Ўкраіне перавысіла 8,1 тысячы