Гісторыю сабакі Васі расказваў тэлеканал «Настоящее время». Пераказваем яе ў скарачэньні.
Служба ва Ўзброеных сілах Украіны і «заслужаная пэнсія»
«Былы гаспадар хацеў яго павесіць. Мы да гэтага часу ня ведаем, чаму. Паранены сабака прыбіўся на адной з вуліц Цярнопаля да майго мужа Рамана, і той яго падабраў», — успамінае гаспадыня Васі Анастасія Завяруха.
У 2015-м Раман паехаў служыць на Данбас. Сабаку ўзяў з сабой. Раман разам з Васем далучыліся да шэрагаў Узброеных сіл Украіны, служылі ў 503-м асобным батальёне марской пяхоты, які займаўся выведкай.
Вася не выконваў баявых задач, але падымаў дух вайскоўцаў і вельмі палюбіўся ім. Яму нават зрабілі бронекамізэльку.
У лістападзе 2021 году Вася прапаў. Іх брыгада стаяла тады ў раёне Мар’інкі Данецкай вобласьці. Празь нейкі час марпехі знайшлі Васю з дапамогай выведвальных дронаў: ён трапіў у пастку, заблытаўся ў дроце каля лініі разьмежаваньня. Яны плянавалі нават ісьці па сабаку, але той вярнуўся сам.
«Ён адгрыз адну лапу і прыпоўз да сваіх, у яго шыя таксама была парваная», — расказвае Анастасія.
Украінскія вайскоўцы аказалі Васю першую мэдыцынскую дапамогу і пешшу на насілках аднесьлі да вэтэрынара. Калі небясьпека для яго жыцьця мінула, Васю перавезьлі дадому ў Тэрнопаль.
Пасьля раненьня Вася пайшоў на заслужаную сабачую пэнсію.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Як пад Кіевам дакумэнтуюць экалягічныя злачынствы вайны для трыбуналу над Расеяй і БеларусьсюПратэзаваньне і рэабілітацыя
«Дома ён правёў амаль год. Я паспрабавала знайсьці яму якое-небудзь пратэзаваньне. Замовіла ў Баўгарыі, аднак пратэз не падышоў. Потым я ўбачыла інфармацыю пра польку, якая шукае гаспадароў бяздомным жывёлам з Украіны. На рэабілітацыю ў Польшчу мы паехалі ўжо зь ёй. Усё лячэньне і пратэзаваньне — на бясплатнай аснове. Нават пераезд у Польшчу нам аплацілі», — расказвае Анастасія.
У Польшчы Васю зрабілі апэрацыю і пачалі падбіраць пратэз замест адгрызенай лапы, а таксама артэз [фіксатар каленнага сустава] для другой пярэдняй лапы, бо ў сабакі зьявіліся праблемы з суставамі. Ён прайшоў курс фізіятэрапіі ў цэнтры рэабілітацыі жывёлаў. Штодзённыя масажы, прабежкі на спэцыяльных трэнажорах і водныя працэдуры не засталіся бяз выніку — Вася схуднеў на 12 кіляграмаў.
«Ён зараз спрабуе прывыкнуць да пратэза, але яму гэта даецца зь цяжкасьцю. Ды і пратэз увесь час трэба ўдасканальваць», — кажа Анастасія.
Пратэз для Васі зрабіла грамадзянка Польшчы Эвэліна Сабарна. Паводле яе, кошт пратэзаваньня адной лапкі вагаецца ад 500 да 1000 эўра. Цяпер Эвеліна дапамагае іншаму ўкраінскаму сабаку Корбі, які страціў усе чатыры лапы.
«Пасьля пратэзаваньня жывёлы могуць пражыць звычайнае паўнавартаснае жыцьцё, але толькі ў тым выпадку, калі іх навучаць выкарыстоўваць новыя канцавіны», — тлумачыць Эвэліна Сабарна.
Пасьля вяртаньня ва Ўкраіну Васю чакае новы выклік — трэба адаптавацца да пастаянных выбухаў, якія, паводле Эвэліны, могуць «уплываць на здольнасьць жывёлаў вучыцца нечаму новаму».
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Каб уратаваць дзікіх птушак, 5 гектараў зямлі на Палесьсі ператвораць у зону без гаспадарчай дзейнасьціВяртаньне дадому і новыя рэаліі
Настасься разам зь пяцігадовым сынам зь нецярпеньнем чакалі вяртаньня Васі.
«Суседзі ставяцца да Васі як да героя. Вася ўбачыў, што ўсе над ім трасуцца, і стаў маніпулятарам. Цяпер патрабуе шмат увагі — стаў такім коцікам. Аднак упэўнена: калі кагосьці ў сямʼі трэба абараніць, то ён адразу зрэагуе», — кажа Анастасія.
Настасься кажа, што цяпер будзе працягваць вучыць Васю хадзіць і спадзяецца, што яго чакае «паўнавартасная сабачая старасьць».
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: У Гомлі памерла валянтэрка, якая ратавала бяздомных жывёлаў. 85 сабак і 75 катоў патрабуюць дапамогі