Працэс праходзіць завочна, бо падсудны знаходзіцца па-за межамі краіны. Абвінавачаны паводле 12 крымінальных артыкулаў Валер Цапкала ў ноч з 23 на 24 ліпеня 2020 году разам зь дзецьмі таемна пакінуў Беларусь.
Судовы працэс вядзе судзьдзя Сяргей Епіхаў.
Хто такі Валер Цапкала
Валер Цапкала — былы дыплямат, амбасадар Беларусі ў ЗША і першы намесьнік міністра замежных спраў, ініцыятар і першы кіраўнік Парку высокіх тэхналёгій.
Валер Цапкала вылучаўся кандыдатам у прэзыдэнты Беларусі ў 2020 годзе, аднак, як і некаторыя іншыя прэтэндэнты, ня быў зарэгістраваны ЦВК. Падставай для адмовы ў рэгістрацыі стала нібыта недастатковая колькасьць сапраўдных подпісаў — менш за 100 тысяч. Ён перадаў у ЦВК амаль 160 тысяч подпісаў, аднак тэрытарыяльныя камісіі іх масава анулявалі. У выніку яму залічылі крыху больш за 78 тысяч подпісаў.
Цапкала выехаў зь Беларусі пасьля таго, як праваахоўныя органы пачалі супраць яго праверкі, а 6 сьнежня 2022 году ў дачыненьні да палітыка Галоўным ўпраўленьнем расьсьледаваньня злачынстваў у сфэры арганізаванай злачыннасьці і карупцыі Сьледчага камітэту было пачатае спэцыяльнае вядзеньне. Сьледзтва ў справе завяршылася 28 сьнежня, матэрыялы былі перададзеныя ў суд.
У кастрычніку 2022 году МУС прызнаў Валера Цапкалу «экстрэмісцкім фармаваньнем» на падставе таго, што «група грамадзян, аб’яднаных пад агульным кіраўніцтвам Цапкалы, у тым ліку праз шэраг інтэрнэт-рэсурсаў, ажыцьцяўляе экстрэмісцкую дзейнасьць».
Таксама «экстрэмісцкім» прызналі лягатып у выглядзе «фатаграфічнай выявы Цапкалы В.».
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: СК завяршыў сьледзтва ў «завочных справах» Цапкалы і Астапенкі з рэкорднай хуткасьцюУ чым вінавацяць Цапкалу
Валера Цапкалу абвінавачваюць паводле 12 артыкулаў Крымінальнага кодэксу:
- ч. 2 арт. 424 Крымінальнага кодэксу (Злоўжываньне службовымі паўнамоцтвамі);
- ч. 3 арт. 430 (Атрыманьне хабару паўторна, у асабліва буйным памеры);
- ч. 1 арт. 400 (Загадзя лжывы данос аб учыненьні злачынства);
- ч. 1 арт. 3611 (Стварэньне экстрэмісцкага фармаваньня і кіраўніцтва такім фармаваньнем);
- ч. 2 арт. 3612 (Збор грашовых сродкаў і іншай маёмасьці любым спосабам для забесьпячэньня экстрэмісцкай дзейнасьці, учынены групай асобаў па папярэдняй змове);
- ч. 2 арт. 367 (Паклёп у дачыненьні да прэзыдэнта Рэспублікі Беларусь);
- арт. 188 (Распаўсюд зьвестак (паклёп), якія ганьбяць іншую асобу, у інфармацыі, якая зьмяшчае абвінавачаньне ва ўчыненьні асабліва цяжкага злачынства);
- арт. 3691 (Распаўсюджваньне загадзяілжывых зьвестак аб палітычным, эканамічным, сацыяльным, ваенным і міжнародным становішчы Рэспублікі Беларусь, накіраванае на ўчыненьне істотнай шкоды дзяржаўным і грамадзкім інтарэсам);
- ч. 1 арт. 130 (Наўмысныя дзеяньні, накіраваныя на ўзбуджэньне сацыяльнай варожасьці па прыкмеце сацыяльнай прыналежнасьці);
- ч. 2 арт. 368 (Публічная абраза прэзыдэнта Рэспублікі Беларусь);
- ч. 3 арт. 361 (Публічныя заклікі да ўчыненьня акту тэрарызму)
- ч. 1 арт. 123 (Распаўсюджваньне ў любой форме поглядаў, ідэй і заклікаў з мэтай выклікаць агрэсію адной краіны супраць іншай).
Як паведамляе БелТА, у матэрыялах справы ёсьць інфармацыя аб атрыманьні Цапкалам хабару ў 151 715 эўра за выбар пэўнага генпадрадчыка і заключэньне дамовы па будаўніцтве аб’екта Парку высокіх тэхналёгіяў, які ён узначальваў. Пры гэтым за арганізацыю аплаты выкананых будаўнічых работ Цапкала нібыта «набыў выгады маёмаснага характару коштам звыш 25 тысяч беларускіх рублёў» — паводле абвінавачваньня, гаворка пра праектна-пошукавыя работы па будаўніцтве жылога дома Цапкалы, а таксама аплату адпачынку для яго, ягонай сям'і і блізкіх сваякоў на тэрыторыі Крыму.
Да Цапкалы «ў інтарэсах ПВТ» заяўлены пазоў аб пакрыцьці маёмаснай шкоды на суму больш за 6 тысяч рублёў.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Цапкалу, ягоны фоталягатып і тых, хто працуе пад яго кіраўніцтвам, прызналі «экстрэмістамі»Што такое спэцыяльнае вядзеньне
Спэцыяльнае вядзеньне ў дачыненьні да Валера Цапкалы пачалося 16 сьнежня.
У Беларусі спэцвядзеньне спраў адбываецца ў дачыненьні да 20 чалавек. Гэта вядзеньне крымінальнай справы абвінавачанага, які знаходзіцца за межамі краіны.
Папраўкі ў Крымінальна-працэсуальны кодэкс, якія даюць магчымасьць завочна праводзіць сьледзтва і суды над асобамі, якія знаходзяцца за мяжой, а таксама канфіскоўваць іх маёмасьць, набылі моц летась 27 ліпеня.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: У Форуме дэмсіл Цапкалы — раскол праз пару месяцаў пасьля стварэньня