Затрыманьні ў Дзяржынску
Слухачы «Еўрарадыё» паведамляюць, што затрыманьні ўчора адбыліся і ў Дзяржынску. «Вясьне» пакуль вядома імя аднаго затрыманага — гэта 34-гадовы Сяргей Еўтуховіч. Падрабязнасьці высьвятляюцца.
Па інфармацыі праваабаронцаў, затрыманьні ўчора адбыліся таксама ў Мачулішчах і Фаніпалі.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Праваабаронцы паведамілі пра затрыманьне ў МачулішчахУчора каля 9-й раніцы на аэрадроме ў Мачулішчах былі чутныя два выбухі. ByPol заявіў, што беларускія «партызаны» нібыта падарвалі каштоўны расейскі самалёт дальняй выведкі ДРЛВ А-50. Усяго такіх самалётаў у Расеі дзевяць, спраўных і няспраўных. Ён выкарыстоўваўся для навядзеньня расейскіх ракет на цэлі ва Ўкраіне.
Рэжым Аляксандра Лукашэнкі пакуль ніяк не пракамэнтаваў здарэньне. Прэс-сакратар прэзыдэнта Расеі Дзьмітры Пяскоў заявіў, што афіцыйны Менск зьняпраўдзіў інцыдэнт, хоць гэтага не адбылося.
Пасьля меркаванага выбуху ў Мачулішчах памежнікі ўзмоцнена праглядаюць людзей на выезьдзе зь Беларусі.
Рэдакцыя Свабоды пакуль ня можа спраўдзіць гэтую інфармацыю з дапамогай незалежных крыніц.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Што вядома пра імаверны падрыў расейскага самалёта. ВІДЭАЛекара са Смаргоні асудзілі на 6 гадоў калёніі за камэнтары на YouTube
Як паведамляе Сьледчы камітэт, гарадзенскі абласны суд прысудзіў 57-гадоваму лекару са Смаргоні 6 гадоў пазбаўленьня волі і штрафу ў памеры 1850 рублёў (50 базавых велічыняў) за камэнтары, якія той пакінуў у YouTube.
Яго прызналі вінаватым па пяці артыкулах Крымінальнага кодэксу:
распальваньні варожасьці (ч. 1 арт. 130 КК) закліках да мераў абмежавальнага характару (санкцыяў), іншых дзеяньняў, накіраваных на прычыненьне шкоды нацыянальнай бясьпецы Рэспублікі Беларусь (ч.3 арт.а 361 КК) паклёпе ў дачыненьні да Лукашэнкі (ч. 2 арт. 367 КК) абразе Лукашэнкі (ч. 2 арт. 368 КК) абразе прадстаўніка ўлады (арт. 369 КК)
Згодна з матэрыяламі справы, мэдык з кастрычніка 2020 па чэрвень 2022 году пакінуў каля 450 камэнтароў пад відэа на YouTube, у іх ён выказваў падтрымку Ўкраіне і Сьвятлане Ціханоўскай.
«Заклікаў да гвалту ў дачыненьні да сілавікоў»: 3 гады калёніі Аляксандру Емяльянаву
У Менскім абласным судзе вынесьлі прысуд 34-гадоваму жыхару сталіцы Аляксандру Емяльянаву, абвінавачанаму ў распальваньні сацыяльнай варожасьці (ч. 1 арт. 130 Крымінальнага кодэкса) і абразе Аляксандра Лукашэнкі (ч. 1 арт. 368 Крымінальнага кодэкса), паведамілі праваабаронцы «Вясны».
Судовы працэс праходзіў з 25 па 27 студзеня. Судзьдзя — Алена Місьнік.
Паводле абвінавачаньня, Аляксандр Емяльянаў, 20 лістапада 2020 году, затым 19 сьнежня 2021 году, а таксама зь лютага па травень 2022 году са свайго мабільнага тэлефона разьмясьціў у Тэлеграме некалькі паведамленьняў, у якіх «утрымлівалася відавочна нэгатыўная ацэнка супрацоўнікаў праваахоўных органаў, вайскоўцаў, а таксама групы асобаў, аб’яднаных па прыкмеце нацыянальнай прыналежнасьці». Паводле лінгвістычнай экспэртызы ў іх абвінавачаны заклікаў да гвалту ў дачыненьні да прадстаўнікоў такіх групаў.
Таксама Емяльянаў 6 сакавіка і 29 траўня 2022 году са свайго мабільнага тэлефона разьмясьціў у Інтэрнэце камэнтары, у якіх даваў відавочна нэгатыўную ацэнку асобы Аляксандра Лукашэнкі, «прыніжаў яго гонар і годнасьць».
Суд па сукупнасьці абвінавачваньняў прызначыў Емяльянаву пакараньне ў выглядзе пазбаўленьня волі на тэрмін тры гады з адбываньнем у папраўчай калёніі ва ўмовах агульнага рэжыму.
У Пінску зноў судзяць блогера Мікалая Клімовіча
У судзе Пінскага раёну і гораду Пінску разглядаюць крымінальную справу супраць мясцовага блогера Мікалая Клімовіча. Яго абвінавачваюць у абразе Аляксандра Лукашэнкі паводле арт. 368 Крымінальнага кодэксу, паведамляе БАЖ.
Падставай для перасьледу паслужыла карыкатура: блогер разьмясьціў у адной з сацыяльных сетак сатырычны малюнак з Лукашэнкам.
Судовы працэс над блогерам будзе весьці судзьдзя Андрэй Бачыла.
Мікалай Клімовіч — інвалід 2-й групы, перанёс апэрацыю на сэрцы і інсульт.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Пінчука з інваліднасьцю пасьля затрыманьня забрала з ІЧУ «хуткая»Нядаўна яго ўжо судзілі за падобныя дзеяньні, але ў адміністрацыйнай справе паводле арт. 19.10 КаАП. Падставай стала тое, што ў сацсетцы «Одноклассники» Клімовіч дазволіў сабе пасьмяяцца з карыкатуры на Ўладзіміра Пуціна, намаляванага ў нацысцкай форме — пад карыкатурай паставіў смайлік «сьмешна». Судзьдзя Андрэй Бачыла прызнаў блогера вінаватым у распаўсюдзе нацысцкай сымболікі і прызначыў яму штраф памерам у 111 беларускіх рублёў.
Увагу сілавікоў сацсеткі Мікалая Клімовіча прыцягнулі ў сьнежні 2022 году. Тады яго затрымалі і зьмясьцілі ў ізалятар часовага ўтрыманьня. За кратамі ён адседзеў трое сутак, пасьля яму стала дрэнна з сэрцам, тады міліцыянты перадалі яго лекарам і вызвалілі да суду.
Бабруйчаніна асудзілі на тры гады калёніі за абразу Лукашэнкі і крадзеж ровараў
У судзе Бабруйскага раёну і горада Бабруйска 14 лютага асудзілі Паўла Амяльянава паводле ч. 1 арт. 368 (абраза Лукашэнкі), ч. 3 арт. 205 (крадзеж) Крымінальнага кодэксу Беларусі. Судзьдзя Вольга Серакова прызначыла Паўлу 3 гады пазбаўленьня волі ў калёніі ва ўмовах узмоцненага рэжыму.
Паўла абвінавацілі ў тым, што ён 27 сьнежня 2020 году зрабіў рэпост публікацыі з выявай Лукашэнкі ў тэлеграм-канале, пад якой пакінуў абразьлівыя камэнтары. Таксама яму паставілі ў віну тое, што ён з 20 чэрвеня 2021 па 12 ліпеня 2022 году «сыстэмна» краў ровары, якія захоўваліся ў шматкватэрных дамах (агулам ён нібыта скраў 27 ровараў на 11 тысяч беларускіх рублёў).
Мужчына раскаяўся і цалкам прызнаў віну.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Хроніка перасьледу 24 лютага: Карэспандэнтку Intex-press аштрафавалі за «распаўсюд экстрэмісцкіх матэрыялаў»У Менскім гарадзкім судзе працягваюць судзіць журналіста Генадзя Мажэйку
Менскі гарадзкі суд пасьля доўгага перапынку працягнуў разгляд крымінальнай справы супраць палітзьняволенага журналіста Генадзя Мажэйкі.
Яго абвінавачваюць паводле ч. 1 арт. 368 (Абраза Лукашэнкі) і ч. 1 арт. 130 (Распальваньне іншай сацыяльнай варожасьці) Крымінальнага кодэксу. Генадзю пагражае да пяці гадоў зьняволеньня. Падставай стала публікацыя на сайце kp.by кароткай размовы з былой аднаклясьніцай Андрэя Зельцара, які загінуў у перастрэлцы з супрацоўнікамі КДБ. У апублікаваным на kp.by артыкуле аднаклясьніца станоўча характарызавала Зельцара. Публікацыя пабыла на сайце некалькі хвілін. На наступны дзень сайт беларускага выданьня «КП» заблякавалі, неўзабаве перастала выходзіць і папяровая вэрсія газэты.
Генадзя Мажэйку затрымалі летась у кастрычніку ў маскоўскім аэрапорце, неўзабаве пасьля выхаду ягонага артыкула.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Усё залежыць ад таго, як павядуць сябе экспэрты». На судзе ў справе Генадзя Мажэйкі разгледзелі 9 тамоў матэрыялаў справы