Пра гэта паведамляе нямецкае выданьне Der Spiegel са спасылкай на свае крыніцы. Як цьвердзіць Der Spiegel, каля сотні бесьпілётнікаў павінны быць адпраўленыя ў РФ ужо да пачатку красавіка.
Дамовіліся пра гэта Міністэрства абароны Расеі і кітайская кампанія Xi’an Bingo Intelligent Aviation Technology. Размова ідзе пра бесьпілётнікі — мадэль ZT-180, здольная несьці боегалоўку вагою ад 35 да 50 кіляграмаў. На думку вайсковых экспэртаў, гэтая мадэль падобная да канструкцыі іранскага бесьпілётніка-камікадзэ Shahed-136 («Шахед»).
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Украінскі Генштаб: за дзень Расея выпусьціла па Ўкраіне 106 ракетЯк заяўляюць Украіна і міжнародныя назіральнікі, Расея выкарыстоўвае «Шахеды» для нападаў ва Ўкраіне, у тым ліку для ўдараў па цывільнай інфраструктуры і цывільных жыхарах. Расея і Іран гэта адмаўлялі, аднак у лістападзе Іран прызнаў пастаўкі Расеі дронаў — «невялікай іх колькасьці яшчэ да пачатку вайны ва Ўкраіне».
Der Spiegel адзначае, што пастаўкі зброі Расеі супярэчаць прадстаўленаму Кітаем пляну мірнага ўрэгуляваньня канфлікту ва Ўкраіне. У пляне з 12 пунктаў КНР выступае за заканчэньне вайны шляхам перамоваў і заклікае краіны сьвету «падтрымліваць Расею і Ўкраіну, каб яны працавалі ў адным напрамку і ў канчатковым выніку дасягнулі поўнага спыненьня агню».
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Лукашэнка анансаваў хуткі візыт у ІранГенэральны сакратар NATO Енс Столтэнбэрг заявіў на прэсавай канфэрэнцыі ў Таліне, што альянс пільна сочыць за магчымай ваеннай падтрымкай Расеі Кітаем. Па словах Столтэнбэрга, пакуль NATO не адзначыла паставак з Кітаю летальнай зброі, але альянсу вядома пра падрыхтоўку такіх плянаў. Ён адкрыта папярэдзіў Пэкін, што NATO будзе разглядаць такую дзейнасьць як падтрымку краіны-агрэсара і парушэньне міжнароднага заканадаўства і хартыі ААН.