Рада БНР у гадавіну вайны: «Адбылася вайсковая акупацыя Беларусі з боку Расеі»

Акцыя салідарнасьці беларусаў з Украінай, ілюстрацыйнае фота

Рада БНР да гадавіны пачатку поўнамаштабнай вайны Расеі супраць Украіны прыняла заяву, у якой заклікала «любымі магчымымі спосабамі дапамагаць барацьбе Ўкраіны супраць расейскай агрэсіі».

У заяве, зьмешчанай на старонцы ў Фэйсбуку, Рада БНР канстатуе, што «ў выніку злачыннай змовы А. Лукашэнкі з У. Пуціным фактычна адбылася вайсковая акупацыя Беларусі з боку Расеі. Войскі РФ актыўна выкарыстоўваюць беларускую тэрыторыю, паветраную прастору, транспартную, мэдычную і іншую інфраструктуру для мэтаў агрэсіі супраць Украіны».

Рада лічыць, што менавіта «Лукашэнка і ягоныя набліжаныя нясуць пэрсанальную адказнасьць за гэта і за тое, што Беларусь знаходзіцца ў кроку ад поўнамаштабнага ўвязваньня ў вайну, што азначала б гібель беларусаў дзеля інтарэсаў шавіністычнага рэжыму ў Расеі».

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Страты Расеі за год вайны ва Ўкраіне перавысілі страты СССР у Афганістане за 9 гадоў

У сваёй заяве Рада БНР заклікала ўсіх беларусаў «любымі магчымымі спосабамі дапамагаць барацьбе Ўкраіны супраць расейскае агрэсіі», а таксама выказала пашану «ўсім беларусам, якія на покліч свайго сумленьня, ідэалаў справядлівасьці і дзеля беларускіх нацыянальных інтарэсаў пайшлі збройна абараняць Украіну; хто выказваў салідарнасьць з Украінай і чыніў практычны супраціў расейскай агрэсіі ў самой Беларусі ў акалічнасьцях надзвычайнае асабістае небясьпекі».

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Вайна ва Ўкраіне можа зацягнуцца на гады, лічыць былы амбасадар ЗША

«Рада БНР заяўляе, што вайна павінна скончыцца ня толькі вызваленьнем усёй міжнародна прызнанай тэрыторыі Ўкраіны, але і поўным сыходам войскаў РФ зь Беларусі і забаронай іх вяртаньня зь якой-колечы прычыны. Аляксандар Лукашэнка і вайскова-палітычная вярхушка ягонага нелегітымнага рэжыму павінны быць у поўнай меры прыцягнутыя да юрыдычнае адказнасьці за саўдзел у злачыннай вайне пуцінскай Расеі супраць Украіны. Свабодная Беларусь была і заўсёды будзе хаўрусьнікам Украіны ў барацьбе супраць нашага агульнага ворага. Гэтая барацьба ёсьць таксама барацьбой за вызваленьне беларускага народу ад марыянэткавай прарасейскай дыктатуры, якая пры наўпроставай падтрымцы Масквы пануе ў Беларусі з 1995 году», — гаворыцца ў заяве.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Што сказала Ціханоўская падчас выступу ў Вене, які не захацелі слухаць прадстаўнікі Лукашэнкі
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: У Аўстрыі стварылі парлямэнцкую групу «За незалежную дэмакратычную Беларусь»
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: На гадавіну расейскага ўварваньня Пэнтагон абвесьціў новы пакет вайсковай дапамогі Кіеву на $2 млрд