Вярхоўная Рада Ўкраіны ўхваліла зьмены ў заканадаўства аб абароне дзяржаўнай мяжы, якія прадугледжваюць павелічэньне плошчы памежных палос на межах зь Беларусьсю і Расеяй, а таксама ўзаконьваюць ужо збудаваныя дадатковыя фартыфікацыйныя збудаваньні.
Адпаведны законапраект на пасяджэньні 24 лютага падтрымалі 310 з прысутных 349 дэпутатаў.
Паводле законапраекту, які набудзе юрыдычную моц пасьля падпісаньня прэзыдэнтам і празь дзень пасьля афіцыйнай публікацыі, мясцовыя і дзяржаўныя ўлады мусяць перадаць вайсковым часткам Дзяржаўнай памежнай службы зямельныя ўчасткі шырынёй 30–50 мэтраў для будаўніцтва інжынэрна-тэхнічных і фартыфікацыйных збудаваньняў, а на межах зь Беларусьсю і Расеяй — да двух кілямэтраў. На гэтых тэрыторыях будзе дзейнічаць спэцыяльны памежны рэжым з забаронай свабоднага ўезду, знаходжаньня, пражываньня, перамяшчэньня і правядзеньня прац, не зьвязаных з абаронай і аховай дзяржаўнай мяжы.
Апроч таго, новае заканадаўства дазволіць будаваць фартыфікацыйныя збудаваньні на землях запаведнага фонду.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Супрацьтанкавыя равы, бэтонныя пліты і міны. Ва Ўкраіне паказалі, як умацавалі мяжу зь БеларусьсюЯк паўплывае закон на правы замежнікаў
У заканадаўства таксама ўводзіцца норма аб тым, што рашэньне аб дазволе іншаземцам уехаць на тэрыторыю Ўкраіны ў выпадку невыкананьня неабходных умоў (напрыклад, недастатковая колькасьць фінансавых сродкаў для знаходжаньня ва Ўкраіне. — РС) ухваляе кіраўнік Дзяржаўнай памежнай службы Ўкраіны або асоба, якая выконвае ягоныя абавязкі. Такі мэханізм ад пачатку расейскага ўварваньня ва Ўкраіну ўжо прымяняўся ў дачыненьні да грамадзян Беларусі і Расеі.
Сярод новаўвядзеньняў — абавязаньне кампаній, якія займаюцца міжнароднымі пасажырскімі перавозкамі, правяраць пашпартныя дакумэнты пасажыраў, візы або іншыя дакумэнты, неабходныя для ўезду ва Ўкраіну. Калі будзе спроба перавезьці пасажыраў безь неабходных дакумэнтаў, кампанію аштрафуюць.
Апроч таго, перавозчыкі абавязваюцца перадаваць памежнікам зьвесткі з рэгістрацыі пасажыраў.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Беларуску не пусьцілі да маці ва Ўкраіну. На мяжы ў яе здарыўся эпілептычны прыпадакНовае заканадаўства таксама ўдакладняе парадак звароту іншаземцаў па атрыманьне статусу ўцекача або палітычнага прытулку. У прыватнасьці, такія звароты ня будуць прымацца ад іншаземцаў, якія незаконна перасеклі ўкраінскую мяжу, а таксама ад тых, каму раней быў забаронены ўезд на тэрыторыю Ўкраіны.
Як адзначаецца ў дакумэнце, усе зьмены абумоўленыя патрабаваньнямі нацыянальнай бясьпекі.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Беларусы незаконна перасякаюць украінскую мяжу, каб далучыцца да палку Каліноўскага. Як іх караюць у Беларусі і ЎкраінеДа расейскага ўварваньня для ўезду ва Ўкраіну неабходна было мець дамову на турыстычнае абслугоўваньне, дакумэнты на браняваньне гатэлю ці жытла, гарантыйны ліст (запрашэньне) прымаючага боку, а таксама квіток на вяртаньне. Замежныя грамадзяне павінны былі пацьвердзіць дастатковае фінансавае забесьпячэньне свайго знаходжаньня ва Ўкраіне з разьліку 43 780 грыўняў на месяц.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Беларускі памежнік перайшоў мяжу з Украінай, каб далучыцца да ўкраінскіх сіл абароны ад расейскай агрэсіі