Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Беларусы незаконна перасякаюць украінскую мяжу, каб далучыцца да палку Каліноўскага. Як іх караюць у Беларусі і Ўкраіне


Шэўрон добраахвотніка палка Каліноўскага. Ілюстрацыйнае фота
Шэўрон добраахвотніка палка Каліноўскага. Ілюстрацыйнае фота

Праваабарончы цэнтар «Гомельская вясна» паведаміў аб затрыманьні жыхара Гомля Аляксандра Айнутдзінава, які ў «пакаянным» відэазапісе расказаў, што яго затрымалі беларускія памежнікі пры спробе незаконна перасячы мяжу з Украінай.

Аляксандар Айнутдзінаў паведаміў, што ад пачатку расейскай вайны ва Ўкраіне пачаў чытаць розныя тэлеграм-каналы і вырашыў далучыцца да палка імя Кастуся Каліноўскага, каб абараняць Украіну.

У той жа час праваабарончы цэнтар не ўдакладняе, калі гамяльчук спрабаваў перасячы мяжу з Украінай і якім чынам яго пакаралі ў Беларусі.

Ва Ўкраіне — адміністрацыйнае правапарушэньне

Свабода знайшла ў Адзіным дзяржаўным рэестры судовых рашэньняў Украіны адзін падобны выпадак, які здарыўся ў Оўруцкім раёне Жытомірскай вобласьці. Гэты раён мяжуе з Гомельскай вобласьцю.

У дакумэнце не называецца прозьвішча беларуса і не ўдакладняюцца дэталі ягонай біяграфіі, хаця часьцей за ўсё ў судовых рашэньнях пазначаецца месца нараджэньня падазраванага ці абвінавачанага.

Як вынікае з судовага рашэньня, беларуса затрымалі 27 чэрвеня ў 16:50. Ён падаў пашпарт грамадзяніна Беларусі і паведаміў, што «наўмысна незаконна перасек дзяржаўную мяжу Ўкраіны з мэтай уступіць у батальён Каліноўскага». У часе судовага пасяджэньня беларус пацьвердзіў свае паказаньні.

Суд прызнаў яго вінаватым паводле ч. 1 артыкулу 204-1 Кодэксу аб адміністрацыйных парушэньнях (незаконнае перасячэньне ці спроба незаконнага перасячэньня дзяржаўнай мяжы) і прызначыў яму 15 дзён арышту. Такім чынам, 12 ліпеня ў 16:50 яго мусілі вызваліць. Далейшы лёс гэтага грамадзяніна невядомы — ён мог зрабіць спробу вярнуцца назад у Беларусь і там быць затрыманы, або застацца ва Ўкраіне для далейшай праверкі ягонай асобы.

Немагчыма сьцьвярджаць, што апісаны выпадак зьвязаны з Аляксандрам Айнутдзінавым, бо даведацца імя парушальніка немагчыма — яго не называюць.

12 ліпеня стала вядома аб затрыманьні ва Ўкраіне 29 чэрвеня грамадзяніна Беларусі, які прадставіўся старшыной па матэрыяльным забесьпячэньні ў Берасьцейскай памежнай групе. Ён незаконна перасек мяжу па-за пунктам пропуску на тэрыторыі Шацкай грамады Ковельскага раёну Валынскай вобласьці, каб далучыцца да ўкраінскіх сіл абароны супраць расейскай агрэсіі. За гэта яго пакаралі двума днямі арышту. Цяпер праводзіцца праверка агучанай ім інфармацыі, і пасьля будзе прынята рашэньне аб ягоным далейшым лёсе.

У Беларусі — крымінальнае злачынства

У Беларусі незаконнае перасячэньне дзяржаўнай мяжы зьяўляецца не адміністрацыйным правапарушэньнем, а крымінальным злачынствам. Згодна з артыкулам 371, такія дзеяньні караюцца штрафам, арыштам, пазбаўленьнем волі на тэрмін да 2 гадоў або абмежаваньнем волі на 5 гадоў.

У апісаных выпадках пакараньне можа быць больш жорсткім, паколькі размова ідзе яшчэ аб жаданьні далучыцца да абароны Ўкраіны ад агрэсіі Расеі. У такіх выпадках сілавыя органы Беларусі кваліфікуюць дзеяньні грамадзян згодна з ч. 1 арт. 13 і арт. 361-3: падрыхтоўка да ўдзелу і ўдзел грамадзяніна Рэспублікі Беларусь на тэрыторыі замежнай дзяржавы ў ваенных дзеяньнях без упаўнаважаньня дзяржавы караюцца абмежаваньнем волі на тэрмін да 5 гадоў або пазбаўленьнем волі на тэрмін ад 2 да 10 гадоў. Паводле гэтага артыкулу выставілі абвінавачаньне мастаку Андрэю Раптуновічу, якога затрымалі 16 траўня 2022 году. Праўладныя тэлеграм-каналы заяўлялі, што ён нібыта зьбіраўся паехаць ва Ўкраіну і далучыцца да батальёна Каліноўскага.

Як паведаміў першы намесьнік міністра ўнутраных спраў Беларусі Генадзь Казакевіч, за апошні год супрацоўнікі ГУБАЗіК папярэдзілі выезд некалькіх дзясяткаў маладых людзей ва ўзросьце да 30 гадоў, якія «паддаліся ідэі лжывай дапамогі ўкраінцам, якую распаўсюджваюць радыкальныя тэлеграм-каналы, і абяцаньням лёгкіх заробкаў у шэрагах нацбатаў» (нацыянальных батальёнаў. — РС). Паводле яго, усе матэрыялы ў дачыненьні да затрыманых перададзеныя ў сьледчыя органы.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG