Як вынікае са справаздачы Агенцтва Эўразьвязу па пытаньнях надаваньня прытулку, узровень задаволеных запытаў ад беларусаў склаў 88 працэнтаў. Да сёньня разглядаюцца 2018 спраў. Колькасьць першых зваротаў па прытулак вырасла на 35,4% у параўнаньні з 2021 годам, а іх агульная колькасьць — на 32,3%.
У справаздачы Агенцтва Эўразьвязу па пытаньнях надаваньня прытулку гаворыцца, што летась было 4436 рашэньняў па справах беларусаў. Адмоваў было 512. Статус уцекача атрымалі 423 чалавекі, а дадатковую абарону — 3501. Колькасьць вынесеных рашэньняў павялічылася летась у 2,3 раза.
Агулам летась краіны Эўразьвязу атрымалі 966 тысяч запытаў аб прытулку, што амаль на 50 працэнтаў больш, чым у 2021-м. Больш за ўсё зваротаў падалі грамадзяне Сырыі (132 тыс.) і Афганістану (129 тыс.), Турэччыны (55 тыс.), Вэнэсуэлы (51 тыс.) і Калюмбіі (43 тыс.).
Найбольш высокая доля станоўчых рашэньняў была вынесена ў адносінах да грамадзян Сырыі, Беларусі, Украіны, Эрытрэі, Емэну і Малі.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Бацька і сын Кузьнечыкі, якія амаль два гады жылі ў амбасадзе Швэцыі ў Менску, атрымалі прытулак у Латвіі ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Вядомы чачэнскі апазыцыйны блогер пацьвердзіў, што жывы. Раней падначаленыя Кадырава гаварылі, што забілі яго