Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Бацька і сын Кузьнечыкі, якія амаль два гады жылі ў амбасадзе Швэцыі ў Менску, атрымалі прытулак у Латвіі


Уладзіслаў і Віталь Кузьнечыкі
Уладзіслаў і Віталь Кузьнечыкі

Жыхары Віцебску Віталь і Вячаслаў Кузьнечыкі, якія амаль два гады хаваліся ў амбасадзе Швэцыі ў Менску ад міліцыі, атрымалі статус уцекачоў у Латвіі.

«Ня так даўно Віталь і Ўладзіслаў атрымалі статус уцекачоў і зараз будуць вырашаць, што ім рабіць далей, — расказаў «Народнай Волі» іх адвакат Вадзім Драздоў. — Яны даволі доўга чакалі гэтага статусу, працэдуру зацягнулі, хоць, як мне падаецца, там і так усё было зразумела».

Па словах адваката, гэты статус дае Кузьнечыкам права на працу і магчымасьць перасоўвацца па Эўропе.

Таксама адвакат паведаміў, што бацька і сын Кузьнечыкі плянуюць напісаць кнігу: «Віталь і Ўладзіслаў пастаянна вялі дзёньнік, запісвалі ўсё тое, што зь імі адбывалася штодзень, а зараз у іх ёсьць жаданьне ўсё гэта літаратурна аформіць».

Віталь і Ўладзіслаў Кузьнечыкі актыўна ўдзельнічалі ў пратэстах 2020 году і ўцяклі ад міліцэйскай пагоні, схаваўшыся за плотам амбасады Швэцыі, што месьціцца ў цэнтры Менску. МЗС Беларусі ў сувязі з гэтым уручыў ноту пратэсту амбасадарцы Швэцыі. Швэцыя адмовілася выдаваць Кузьнечыкаў сілавікам. Урэшце Кузьнечыкам удалося пакінуць тэрыторыю Беларусі і трапіць у Латвію.

На дзяржаўнай тэлевізіі ў адной зь перадач паказалі, як сілавікі нібыта былі ў курсе ўсіх перамяшчэньняў Кузьнечыкаў і насамрэч ведалі пра іх пасьпяховыя ўцёкі зь Беларусі. Самі бацька і сын заявілі, што «доўга сьмяяліся» з афіцыйнай вэрсіі ўладаў, якія той перадачай, на іх думку, паспрабавалі прыкрыць некампэтэнтнасьць сілавікоў, што не змаглі іх злавіць.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG