Прэм’ер-міністар Малдовы Дарын Рэчан заявіў, што Расея павінна вывесьці свае войскі з Прыднястроўя.
«Яшчэ раз падкрэсьлю: наша мэта — забясьпечыць мір і стабільнасьць у краіне, у тым ліку і прыднястроўскага рэгіёну. Малдова ўдзельнічае ў працэсе, які прадугледжвае мірнае разьвязаньне прыднястроўскага пытаньня. Гэта азначае, што Расея павінна вывесьці войскі, эвакуаваць узбраеньне і боепрыпасы. Расея абавязалася зрабіць гэта, і не адзін раз. Мы павінны пераканацца, што Расея выканае абяцаньне. Гэта і азначае дэмілітарызацыю», — сказаў Дарын Рэчан 21 лютага журналістам, паведаміла Moldova1.
Новы кіраўнік малдоўскага ўраду падкрэсьліў, што Малдова выступае за мірнае ўрэгуляваньне прыднястроўскага канфлікту.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Кіраўніца ўраду Малдовы заявіла, што цяпер галоўнае для краіны — бясьпека, і падала ў адстаўкуМіністэрства замежных спраў Малдовы ў сваёй заяве 21 лютага, камэнтуючы скасаваньне расейскім прэзыдэнтам Уладзімірам Пуціным свайго ўказу «Аб захадах у рэалізацыі замежнапалітычнага курсу Расейскай Фэдэрацыі», таксама заявіла аб неабходнасьці вываду расейскіх войскаў з тэрыторыі Малдовы.
«Мы працягнем патрабаваць вываду расейскіх узброеных сіл з тэрыторыі Рэспублікі Малдова ў адпаведнасьці з узятымі на сябе абавязаньнямі», — працытавала малдоўская служба Радыё Свабода заяву МЗС Малдовы.
У згаданым указе, падпісаным у 2012 годзе, выкладалася пазыцыя Расеі адносна ўрэгуляваньня прыднястроўскага канфлікту ў Рэспубліцы Малдова. Разам з усім указам Пуцін адмяніў палажэньне аб тым, што Расея «працягне актыўна ўдзельнічаць у пошуку шляхоў вырашэньня прыднястроўскай праблемы на аснове павагі сувэрэнітэту, тэрытарыяльнай цэласнасьці і нэўтральнага статусу Рэспублікі Малдова, з усталяваньнем асаблівага статусу Прыднястроўя».
У гэтым дакумэнце таксама вызначалася палітыка Крамля ў дачыненьні да Эўразьвязу, ЗША, краін Афрыкі, Беларусі, Грузіі і іншых.
Блізкая да расейскай улады маскоўская прэса адзначае, што неўзабаве будзе апублікаваная новая канцэпцыя замежнай палітыкі Расеі.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Выведка Малдовы пацьвердзіла заявы Зяленскага аб тым, што Расея плянуе дэстабілізацыю краіныУладзімір Зяленскі, выступаючы на саміце Эўразьвязу 9 лютага, заявіў, што Кіеў «перахапіў плян зьнішчэньня Малдовы», складзены расейскай выведкай, і перадаў яго ў Кішынёў. Пазьней Служба выведкі і бясьпекі Малдовы пацьвердзіла, што атрымала інфармацыю аб гэтым пляне.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Прэзыдэнтка Малдовы: Расея хоча зрабіць у нас пераварот пры дапамозе іншаземцаў, у тым ліку беларусаў13 лютага прэзыдэнтка Малдовы Мая Санду заявіла, што Расея плянуе пры дапамозе іншаземных грамадзян з вайсковай падрыхтоўкай ажыцьцявіць у Малдове дзяржаўны пераварот, каб цалкам падпарадкаваць краіну Расеі.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: У Кіеве заявілі, што дзьве расейскія ракеты перасеклі паветраную прастору Малдовы і Румыніі. У Кішынёве пацьвердзілі, у Бухарэсьце — не