Маладому чалавеку, які напаў на 75-гадовага пісьменьніка Салмана Рушдзі, падораць дзесяць сотак сельскагаспадарчых зямель у Іране, паведамляе Reuters.
Зямлю перададуць «маладому амэрыканцу» або яго законнаму прадстаўніку ў знак падзякі за «сьмелы ўчынак».
«Ён ашчасьлівіў мусульман, асьляпіўшы адно вока Рушдзі і пазбавіўшы яго рукі», — сказаў сакратар фонду Махамад Зарэй. Паводле яго, Рушдзі зараз «ня больш чым жывы мярцвяк».
Напад на Рушдзі адбыўся ў жніўні 2022 года ў Нью-Ёрку. Пісьменьнік атрымаў некалькі нажавых раненьняў, у выніку чаго правае вока перастала бачыць, а левая рука «страціла рухомасьць».
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Салман Рушдзі выпускае новы раман праз паўгода пасьля атакі на яго з нажомНападніка адразу ж затрымалі. Ім аказаўся 24-гадовы грамадзянін ЗША Хадзі Матар, чые бацькі эмігравалі зь Лібану. Маці Матара заявіла, што за ўчынак сына яна не зьбіраецца больш зь ім размаўляць і далей сямʼя паспрабуе жыць безь яго. У судзе Матар не прызнаў віны. Журналістам ён сказаў, што «вельмі ня любіць» Рушдзі за яго нападкі на іслам і «вельмі зьдзівіўся», калі даведаўся, што пісьменьнік выжыў.
Фэтву, якая заклікае забіць Рушдзі, былы лідэр Ірана аятала Хамейні выдаў у 1989 годзе — у адказ на публікацыю рамана пісьменьніка «Сатанінскія вершы», які многія мусульмане палічылі богахульным і абразьлівым для прарока Мухамэда. Матар прызнаўся, што прачытаў зь яго ўсяго пару старонак.
Іран афіцыйна заяўляў, што ня будзе ні выконваць, ні адмяняць фэтву. Іранскія ўлады сцьвярджаюць, што толькі Хамейні, які памёр у 1989 годзе, меў права ануляваць яе.
- Салман Рушдзі нарадзіўся ў Індыі ў мусульманскай кашмірскай сямʼі. У сваіх кнігах ён падымае пытаньні існаваньня ісламу ў сучасным свеце і самаідэнтыфікацыі мусульман.
- Рушдзі — ляўрэат Букераўскай прэміі за раман «Дзеці паўночы», літаратурнай прэміі Коста, камандор францускага ордэна мастацтваў і літаратуры. У 2007 годзе каралева Вялікай Брытаніі Лізавета II прысвоіла Рушдзі рыцарскі тытул за заслугі перад літаратурай. З 2000 году пісьменьнік жыве ў ЗША.