Міжнародны алімпійскі камітэт (МАК) пракамэнтаваў BPN магчымасьць удзелу ў Алімпійскіх гульнях 2024 году беларускіх спартсмэнаў, якія пакінулі краіну з прычыны пагрозы палітычнага перасьледу:
«Спартсмэны могуць скарыстацца стыпэндыяй атлета-ўцекача. Каб мець права на яе атрыманьне і быць выбраным у склад алімпійскай зборнай уцекачоў, спартсмэн павінен быць прызнаны ўцекачом у краіне свайго пражываньня», — гаворыцца ў камэнтары прэс-службы МАК.
У МАК падкрэсьлілі, што стыпэндыя атлета-ўцекача даецца толькі пасьля падачы адпаведнай заявы Нацыянальным алімпійскім камітэтам (НАК) краіны, у якой знаходзіцца спартсмэн пасьля вымушанай эміграцыі.
У МАК нагадалі, што ў сакавіку 2021 году ў дачыненьні да НАК Беларусі былі ўведзеныя санкцыі ў сувязі з уціскам правоў спартсмэнаў.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Пад белай плямай замест нацыянальнага сьцяга. Пра спорт у краіне, дзе пануе дыктатураМіжнародны алімпійскі камітэт «падтрымлівае рэгулярныя кантакты зь Беларускім фондам спартыўнай салідарнасьці (БФСС) і адміністрацыяй НАК Беларусі», каб вырашаць «любыя канкрэтныя праблемы, якія закранаюць спартсмэнаў і членаў беларускай алімпійскай супольнасьці».
МАК зьвярнуў увагу на сытуацыю зь лёгкаатлеткай Крысьцінай Ціманоўскай, якую падчас Алімпіяды ў Токіё летам 2021 году спрабавалі прымусова вярнуць у Беларусь з прычыны канфлікту з трэнэрамі і чыноўнікамі. Асьцерагаючыся перасьледу на радзіме, у такійскім аэрапорце спартсмэнка зьвярнулася па дапамогу ў паліцыю і ў выніку вылецела ў Польшчу, дзе пражывае цяпер.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Беларуская лёгкаатлетка Крысьціна Ціманоўская здабыла свой першы мэдаль на чэмпіянаце ПольшчыПасьля гэтага Ціманоўская атрымала польскае грамадзянства, а цяпер знаходзіцца ў працэсе «зьмяненьня спартыўнага грамадзянства, каб мець магчымасьць прадстаўляць Польшчу на міжнародных спаборніцтвах па лёгкай атлетыцы і прэтэндаваць на ўдзел у Алімпійскіх гульнях 2024 году ў Парыжы», паведаміла прэс-служба МАК. У арганізацыі запэўнілі, што беларускую лёгкаатлетку сёньня «падтрымліваюць польскі НАК і Фэдэрацыя лёгкай атлетыкі Польшчы».
25 студзеня Выканкам Міжнароднага алімпійскага камітэту пацьвердзіў санкцыі, уведзеныя супраць РБ і РФ з прычыны вайны супраць Украіны, аднак зазначыў, што ніводнаму спартсмэну нельга забараняць удзельнічаць у спаборніцтвах «толькі празь ягоны пашпарт».
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: ЗША падтрымліваюць удзел расейцаў і беларусаў у Алімпіядзе ў якасьці «нэўтральных спартоўцаў» — Белы домЦяпер у міжнароднай спартыўнай супольнасьці абмяркоўваецца варыянт допуску беларускіх і расейскіх атлетаў на Алімпіяду ў нэўтральным статусе. Чакаецца, што канчатковае рашэньне прымуць летам.
Разам з тым пакуль няма яснасьці наконт удзелу ў АІ-2024 беларускіх спартсмэнаў-эмігрантаў. Вядома, што акрамя лёгкаатлеткі Ціманоўскай, польскае грамадзянства атрымала Вольга Сафронава (конны спорт). Карына Казлоўская (стральба з лука) падала дакумэнты на атрыманьне пашпарта Польшчы, пытаньне цяпер у стадыі вырашэньня.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Беларуская чэмпіёнка апынулася ў сьпісе «здраднікаў радзімы» і зьехала ў Польшчу: «Большасьць выбірае маўчаньне»13 лютага ў інтэрвію Deutsche Welle Казлоўская абвінаваціла чыноўнікаў МАК у тым, што яны «проста кінулі нас, людзей, якія пацярпелі ад рэжыму».
«Яны нічога не зрабілі, каб нам дапамагчы», — сказала спартсмэнка. Яна таксама паведаміла, што напісала ў МАК два лісты пра сваю сытуацыю, але абодва, паводле яе слоў, засталіся без адказу.
Таксама пасьля выбараў 2020 году па-за зборнай Беларусі апынулася лёгкаатлетка Сьвятлана Кудзеліч. Ці мае яна намер мяняць грамадзянства, невядома.
Алімпійская зборная ўцекачоў — каманда, складзеная са спартсмэнаў, якія пазбаўленыя магчымасьці выступаць на Алімпійскіх гульнях пад сьцягам сваёй дзяржавы з палітычных і іншых прычын.
На летніх Алімпійскіх гульнях у Токіё зборную ўцекачоў прадстаўлялі атлеты з 11 краін (Афганістан, Вэнэсуэла, Дэмакратычная Рэспубліка Конга, Эрытрэя, Іран, Ірак, Камэрун, Рэспубліка Конга, Сырыя, Судан і Паўднёвы Судан).
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Выключаная са зборнай і звольненая з працы беларуская лёгкаатлетка рыхтуецца да Алімпіяды 2024 году. ВІДЭА ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Толькі спартоўцы з актыўнай антываеннай пазыцыяй могуць удзельнічаць у Алімпіядзе» — Аляксандар Апейкін