Ва ўкраінскай кампаніі «Енергоатом», якая ажыцьцяўляе кіраваньне ўсімі атамнымі станцыямі ва Ўкраіне, заявілі, што акупацыйныя ўлады ў бомбасховішчы Запароскай АЭС разьмясьцілі больш як 600 мабілізаваных і курсантаў з Расеі.
«Акупанты разам з кампаніяй „Росатом“ працягваюць ператвараць ЗАЭС на вайсковую базу. На даху пятага энэргаблоку яны стварылі кулямётную пазыцыю, а таксама разьмясьцілі блёкпасты каля ўсіх уваходаў на чыстыя эстакады, празь якія пэрсанал са спэцкорпусаў праходзіць непасрэдна ў энэргаблёкі», — паведамілі ва ўкраінскай кампаніі.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Кіеў: Расея завезла на Запароскую АЭС пэрсанал са сваёй Калінінскай атамнай станцыіПаводле інфармацыі апэратара ўкраінскіх АЭС, мабілізаваных і курсантаў, якіх цяпер разьмясьцілі ў бамбасховішчы станцыі, пазьней перакінуць на данецкі ўчастак фронту.
«Апроч таго, [расейцы] працягваюць узводзіць умацаваньні і будаваць вайсковыя перашкоды вакол энэргаблокаў станцыі і яе сухога сховішча адпрацаванага ядзернага паліва. Такія дзеяньні расейцаў зьяўляюцца катэгарычна недапушчальнымі і парушаюць усе наяўныя нормы ядзернай і радыяцыйнай бясьпекі», — адзначаецца ў паведамленьні кампаніі «Енергоатом».
Украінскі бок зноў заклікаў міжнародную супольнасьць паспрыяць вываду расейскіх вайскоўцаў з тэрыторыі ЗАЭС і горада Энэргадара, у якім знаходзіцца станцыя.
19 лютага Міністэрства замежных спраў Украіны паведаміла, што расейцы заблякавалі ратацыю экспэртаў МАГАТЭ на Запароскай АЭС. Рэакцыі МАГАТЭ на гэта пакуль няма.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Спэцыялісты МАГАТЭ будуць знаходзіцца на ўкраінскіх АЭС цягам усёй вайны і пасьля яе, каб дапамагчы аднавіць іх дзейнасьць«Злачынствы Расеі супраць цывільных ядзерных аб’ектаў ва Ўкраіне, уключаючы акупацыю ЗАЭС, перашкоды працы МАГАТЭ і стварэньне пагрозаў жыцьцю міжнародных экспэртаў, патрабуюць неадкладнай міжнароднай рэакцыі», — заявіла МЗС Украіны.
Украінскія дыпляматы чарговы раз заклікалі сваіх партнэраў увесьці санкцыі супраць дзяржаўнай карпарацыі «Росатом», афіліяваных зь ёй іншых кампаній, а таксама іншых складнікаў ядзернай энэргетыкі Расеі. У заяве таксама адзначаецца аб неабходнасьці поўнага спыненьня супрацы з Расеяй у сфэры ядзерных тэхналёгій.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Украіна заклікала ААН накіраваць міратворцаў на Запароскую АЭС бяз згоды РасеіАпошнія некалькі месяцаў кампанія «Енергоатом» увогуле не паведамляла пра сытуацыю на Запароскай АЭС. Адзінае, што гучала публічна і шматразова, — што ўсе шэсьць энэргаблёкаў Запароскай АЭС спыненыя, але сама станцыя працягвае атрымліваць з украінскай энэргасыстэмы каля 100 МВт на ўласныя патрэбы.
Тэрыторыю станцыі неаднаразова абстрэльвалі, што прыводзіла да спыненьня яе працы. Расея і Ўкраіна абвінавачвалі ў абстрэлах адна адну. МАГАТЭ заклікала Маскву вызваліць тэрыторыю станцыі і вывесьці адтуль войска.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Расейцы пабілі і выкралі двух супрацоўнікаў Запароскай АЭСГэтая станцыя — найбуйнейшая атамная электрастанцыя ў Эўропе. Расейскія войскі захапілі яе неўзабаве пасьля пачатку ўварваньня ва Ўкраіну, у сакавіку 2022 году. На пачатку лістапада паведамлялася, што Запароская АЭС цалкам абясточаная пасьля расейскіх абстрэлаў.
Украіна і МАГАТЭ настойваюць, каб вакол станцыі была створаная дэмілітарызаваная зона і каб Расея вывела войскі з тэрыторыі ЗАЭС.
Украінскі бок ацаніў кошт зруйнаванай і пашкоджанай маёмасьці і інфраструктуры Запароскай АЭС у 28 мільярдаў грыўняў (700 мільёнаў даляраў у эквіваленце).
У студзені генэральны дырэктар МАГАТЭ Рафаэль Гросі паведаміў, што галоўным фокусам іхнай увагі застаецца Запароская АЭС і стварэньне вакол яе дэмілітарызаванай зоны. Тады ж Міжнароднае агенцтва па атамнай энэргіі (МАГАТЭ) завяршыла разьмяшчэньне сваіх сталых місій на ўсіх украінскіх атамных электрастанцыях: Ровенскай, Паўднёваўкраінскай, Хмяльніцкай, Запароскай і Чарнобыльскай, і заявіла, што яны будуць працаваць ва Ўкраіне цягам ваеннага становішча і некаторы час пасьля завяршэньня вайны, каб дапамагчы аднавіць усё, што пашкоджана ў выніку вайны і абстрэлаў.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Стралялі па нагах, білі прыкладамі. Супрацоўнікі Запароскай АЭС расказалі аб катаваньнях і зьдзеках расейскіх акупантаўВайна Расеі супраць Украіны
- А 5-й гадзіне раніцы 24 лютага 2022 году кіраўнік Расеі Ўладзімір Пуцін заявіў пра пачатак ваеннай апэрацыі супраць Украіны на Данбасе па просьбе груповак «ДНР» і «ЛНР». 21 лютага падчас тэлезвароту да расейцаў Пуцін назваў так званыя «ДНР» і «ЛНР» незалежнымі дзяржавамі ў межах абласьцей. 22 лютага Савет Фэдэрацыі ратыфікаваў гэтае рашэньне.
- Расейскія войскі атакавалі ў тым ліку з тэрыторыі Беларусі, выкарыстоўваючы лётнішчы, базы і дарогі. Прадстаўнікі рэжыму Лукашэнкі апраўдваюць вайну, яго праціўнікі лічаць тэрыторыю Беларусі акупаванай, многія заклікаюць да супраціву расейскім захопнікам.
- Насуперак заявам Пуціна пра атакі выключна на вайсковыя аб'екты, расейцы бамбяць школы, дзіцячыя садкі і жылыя кварталы ўкраінскіх гарадоў.
- 2 красавіка 2022 году, пасьля вызваленьня гораду Буча пад Кіевам, фотакарэспандэнты апублікавалі дзясяткі фотаздымкаў, на якіх відаць сотні нябожчыкаў, ахвяр масавых забойстваў, учыненых расейскімі войскамі. Многія пахаваныя ў стыхійных брацкіх магілах. Вялікія разбурэньні прынесла расейская акупацыя і Барадзянцы.
- З 24 лютага Расея захапіла толькі адзін абласны цэнтар — Херсон. Расейскія войскі адступілі зь яго і з правабярэжнай часткі Херсонскай вобласьці ў лістападзе 2022 году. Горад быў акупаваны расейскімі войскамі ў першыя дні вайны фактычна без баёў. Увосень 2022 году ўкраінскія войскі правялі маштабны контранаступ, у выніку якога расейскія сілы пакінулі большасьць сваіх пазыцый у Харкаўскай вобласьці.
- Нягледзячы на першапачатковыя заявы Пуціна пра тое, што акупацыя ўкраінскіх тэрыторыяў не ўваходзіць у пляны ўварваньня, 30 верасьня 2022 году была абвешчана анэксія чатырох вобласьцяў Украіны (Данецкай, Запароскай, Луганскай і Херсонскай), у тым ліку і тэрыторыяў, якія Расея не кантралявала.
- 21 верасьня 2022 году Пуцін заявіў пра мабілізацыю ў Расеі. Пасьля гэтай заявы тысячы расейцаў накіраваліся на памежныя пункты і пачалі выяжджаць у Грузію, Казахстан, Армэнію, Манголію, Фінляндыю і іншыя краіны. У самой Расеі праціўнікі вайны падпалілі некалькі вайсковых камісарыятаў.
- У 2023 годзе Лукашэнка і Пуцін заявілі пра разьмяшчэньне ў Беларусі расейскай ядзернай зброі. 13 чэрвеня Лукашэнка сказаў, што частка ядзернай зброі ўжо дастаўлена з РФ у Беларусь. 16 чэрвеня Пуцін таксама заявіў, што першыя ядзерныя зарады ўжо дастаўленыя на тэрыторыю Беларусі, а астатнюю частку перамесьцяць «да канца лета або да канца году».
- 3 верасьня ўкраінскі брыгадны генэрал Аляксандар Тарнаўскі заявіў, што Ўзброеныя сілы Ўкраіны прарвалі першую лінію абароны на запароскім кірунку, на якую расейцы выдаткавалі больш за ўсё рэсурсаў.
- У канцы 2023 і на пачатку 2024 расейцы працягвалі масавыя абстрэлы ўкраінскіх гарадоў: Дніпры, Кіеве, Харкаве, Адэсе і іншых месцах дзясяткі людзей загінулі і атрымалі раненьні. Украінскі бок у адказ абстрэльваў расейскі Белгарад, некалькі чалавек загінулі. Узброеныя сілы дзьвюх краін рэгулярна атакуюць падкантрольныя адна адной тэрыторыі бесьпілётнікамі.
- Агулам з пачатку 2024 году ўкраінскія дроны пашкодзілі 18 расейскіх НПЗ, што прывяло да скарачэньня вытворчасьці амаль на 14%. У сакавіку былі атакаваныя такія абʼекты, як Разанскі НПЗ «Раснафты» і завод «Лукойла» ў Кстове ў Ніжагародскай вобласьці. Абодва ўваходзяць у топ-10 найбуйнейшых НПЗ Расеі і забясьпечваюць бэнзінам Маскву.
- 6 жніўня 2024 году Ўкраіна пачала апэрацыю ў Курскай вобласьці. 19 жніўня прэзыдэнт Украіны Ўладзімір Зяленскі заявіў, што пад кантролем Украіны ў ходзе апэрацыі Ўзброеных сілаў Украіны знаходзяцца 92 паселішчы Курскай вобласьці Расеі. Галоўнакамандуючы Ўзброенымі сіламі Ўкраіны Аляксандар Сырскі ўдакладніў, што такіх населеных пунктаў 82. Улады Ўкраіны заявілі пра стварэньне ваенных камэндатураў і арганізацыі перадачы «гуманітарнай дапамогі ў населеныя пункты, якія знаходзяцца пад кантролем Украіны». Экспэрты Інстытуту вывучэньня вайны, прааналізаваўшы заявы і відэаматэрыялы з геалякацыяй, выказалі меркаваньне, што Ўкраіна кантралюе ў Курскай вобласьці ня ўсю тэрыторыю ў заяўленых межах прасоўваньня.
- 16-18 жніўня ўкраінскія сілы падарвалі тры масты, якія мелі стратэгічнае значэньне для матэрыяльна-тэхнічнага забесьпячэньня групоўкі расейскіх войскаў ва Ўкраіне і вайсковай авіяцыі, якая базуецца ў Курскай вобласьці.
- 17 лістапада Джо Байдэн зьняў абмежаваньні на нанясеньне ўдараў амэрыканскай дальнабойнай зброяй па тэрыторыі Расеі.
- Незалежная праверка інфармацыі пра ваенныя дзеяньні, якую даюць афіцыйныя асобы розных бакоў, не заўсёды магчымая.