Удзел у сустрэчы 18 лютага бралі віцэ-прэзыдэнтка па сувязях з урадамі Youtube Лесьлі Мілер і віцэ-прэзыдэнтка Google па сувязях з урадамі і публічнай палітыцы Анэт Кробэр-Рыель, паведамляе прэсавая служба лідэркі дэмакратычных сілаў Беларусі.
Ціханоўская расказала, што нядаўна сустракалася зь кіраўнікамі незалежных мэдыяў, і што беларускія журналісты сутыкаюцца з шэрагам праблемаў пры выкарыстаньні сэрвісаў Google i Youtube.
Падчас сустрэчы абмеркавалі наступныя пытаньні:
- дазвол на манэтызацыю кантэнту на беларускай мове ў прадуктах Google i YouTube;
- дазвол рэклямаваць беларускамоўныя відэаролікі на YouTube;
- спыненьне злоўжываньня інструмэнтамі рэклямы з боку расейскіх і лукашэнкаўскіх прапагандыстаў;
- забесьпячэньне доступу да сайтаў і каналаў незалежных мэдыяў, прызнаных рэжымам экстрэмісцкімі, праз пошукавыя сыстэмы і іншыя інструмэнты Google.
Гэта ня першая сустрэча з прадстаўнікамі Google i YouTube у гэтых пытаньнях. Паводле прэсавай службы дэмакратычнай лідэркі, ёсьць сталая камунікацыя на рабочым узроўні, кампаніі апэратыўна рэагуюць на запыты Офісу Сьвятланы Ціханоўскай, блякуюць непраўдзівую інфармацыю, а таксама «пакаяльныя» відэа на YouTube.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Офіс Ціханоўскай правёў сустрэчы з прадстаўнікамі Google, Meta і Microsoft. Што абмяркоўвалі?