Бурэль: менш воплескаў, але больш снарадаў Зяленскаму

Кіраўнік эўрапейскай дыпляматыі Жазэп Барэль

Кіраўнік эўрапейскай дыпляматыі Жузэп Бурэль у нядзелю выступіў на міжнароднай канфэрэнцыі па бясьпецы ў Мюнхэне. Ён заклікаў сусьветную супольнасьць узмацніць і, галоўнае, паскорыць вайсковую дапамогу Ўкраіне.

Бурэль паведаміў, што гэтаму пытаньню будзе прысьвечана сустрэча міністраў замежных спраў краін ЭЗ, якая адбудзецца 6-7 сакавіка.

Бурэль адзначыў, што Ўкраіна зараз знаходзіцца ў крытычнай сытуацыі з боепрыпасамі і вайсковай тэхнікай, і заявіў, што новыя пастаўкі павінны адбыцца як мага хутчэй — на працягу бліжэйшых тыдняў. Ён раскрытыкаваў марудлівасьць эўрапейскіх краін у вырашэньні пытаньняў, напрыклад, аб пастаўках Украіне танкаў, і параіў перайсьці ад слоў да справы.

«Эўразьвяз — гэта армія Ўкраіны, паколькі гэты канфлікт зьяўляецца экзістэнцыйнай пагрозай эўрапейскай бясьпекі», — заявіў Бурэль.

На думку Бурэля, дзеля паставак большай колькасьці ўзбраеньняў Украіне эўрапейскія краіны могуць пазбавіцца часткі ўласных запасаў. У такім выпадку, сказаў ён, неабходна адрозьніваць кароткатэрміновыя і сярэднетэрміновыя задачы. Краіны ЭЗ павінны ў будучыні павялічыць прадукцыйныя магутнасьці сваёй вайсковай прамысловасьці.

Таксама ён выказаў упэўненасьць, што Ўкраіна ўжо належыць да «эўрапейскай сям’і». На думку Бурэля, засталося толькі ўзаконіць гэтую прыналежнасьць. Аднак для гэтага, паводле слоў галоўнага эўрапейскага дыплямата, Украіне давядзецца «прарабіць хатнюю працу», у чым ЭЗ гатовы яе падтрымліваць. Бурэль заклікаў заходнія краіны «менш апладзіраваць Зяленскаму і даваць яму больш снарадаў».

  • Міжнародная канфэрэнцыя па бясьпецы ў Мюнхэне праходзіць 17-19 лютага. У гэтым годзе яе цэнтральная тэма — вайна ва Ўкраіне. У канфэрэнцыі ўдзельнічаюць лідэры і высокапастаўленыя прадстаўнікі многіх дзяржаў, у тым ліку канцлер Германіі Оляф Шольц, прэзыдэнт Францыі Эманюэль Макрон, віцэ-прэзыдэнт ЗША Камала Харыс. У канфэрэнцыі бярэ ўдзел лідэрка дэмакратычных сілаў Беларусі Сьвятлана Ціханоўская.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Ціханоўская ў Мюнхэне сустрэлася з экс-сьпікеркай Палаты прадстаўнікоў Кангрэсу ЗША
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Ціханоўская прадставіла праект пашпарту новай Беларусі і заявіла, што пасьля дэмакратычных зьмен краіна выйдзе з саюзнай дзяржавы і АДКБ
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Ціханоўская абмеркавала з канцлерам Шольцам стратэгію абароны незалежнасьці Беларусі