З прэм’ер-міністрам Армэніі Ніколам Пашыньянам і прэзыдэнтам Азэрбайджану Ільхамам Аліевым у перамовах удзельнічаў дзяржаўны сакратар ЗША Энтані Блінкен.
Ільхам Аліеў выступіў супраць таго, каб у будучую мірную дамову ўключалася што-кольвек пра Карабах, ніякіх палажэньняў пра спрэчную тэрыторыю азэрбайджанскі бок дапускаць у дакумэнце ня хоча.
Аліеў адзначыў, што трохбаковая сустрэча прайшла канструктыўна, і цяпер у Баку вывучаюць армянскія прапановы па будучай мірнай дамове паміж дзьвюма дзяржавамі.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Азэрбайджан раскрытыкаваў Францыю і Армэнію за дакумэнт перад самітам франкафонііНікол Пашыньян заявіў, што абавязак расейскіх міратворцаў у рэгіёне — захоўваць Лачынскі калідор адкрытым. А гэта адзіная дарога, што злучае Нагорны Карабах зь пераважна армянскім насельніцтвам і Армэнію.
Армянскі палітык намякнуў на неэфэктыўнасьць выкананьня расейцамі сваіх абавязкаў па трохбаковай дамове.
«Лачынскі калідор заблякаваны ўжо 70 дзён. На жаль, зараз у Нагорным Карабаху гуманітарны, а таксама энэргетычны крызіс, бо падача электраэнэргіі ў Нагорны Карабах перакрытая, падача газу таксама перакрытая: мы палічылі, і падача газу перакрывалася мінімум 10 разоў за апошнія 70 дзён, і гэта праблема, якая заслугоўвае ўвагі».
Аліеў на гэтыя словы заўважыў, што тапоніму «Нагорны Карабах» (Арцах, як кажуць у Армэніі) — не існуе. На што Пашыньян адказаў, што падобны тэрмін прапісаны ў сумеснай з Расеяй трохбаковай дамове, пад якой стаіць і подпіс самога Аліева.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Цяпер немэтазгодна. Армэнія адмовілася ад правядзеньня вучэньняў АДКБ на сваёй тэрыторыіНа гэты момант магчымасьці свабодна перасоўвацца па Лачынскім калідоры ў армянаў няма. Таксама Пашыньян заявіў, што ў Ерэване ёсьць пэўныя «асьцярогі» адносна АДКБ, але не ўдакладніў, што ён мае на ўвазе.
Жывую трансьляцыю дэбатаў у Мюнхэне вяла дзяржаўная тэлевізія Азэрбайджану — AzTV. На словах Пашыньяна пра дэмакратыю і тое, што ў Армэніі пасьля 44-дзённай другой Карабаскай вайны тройчы праводзілі празрыстыя дэмакратычныя выбары, паказ абарваўся. Азэрбайджанскі бок заявіў, што трансьляцыя спынілася з-за перапыненьня сыгналу арганізатарамі мерапрыемства.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Армэнія і Азэрбайджан падалі адзін супраць аднаго пазовы ў Міжнародны суд ААН