Вызвалены ўкраінскі баец расказаў, што ваеннапалонных вывозілі ў СІЗА Расеі празь Беларусь

Абмен ваенапалоннымі, ілюстрацыйнае фота

Макс Калесьнікаў, у мінулым ваенны блогер, маркетоляг, рэстаратар і журналіст, трапіў у расейскі палон у сакавіку 2022 году і прабыў там 11 месяцаў.

У пачатку лютага, пасьля абмену ваеннапалоннымі, Калесьнікаў вярнуўся дадому. Відэа, як ён упершыню за доўгі час каштуе яблык і цешыцца ягонаму смаку, абляцела многія СМІ.

На пытаньне «Настоящего времени», дзе трымалі ўкраінскіх ваеннапалонных, Калесьнікаў адказаў: «Гэта знаходзілася на тэрыторыі Расеі, вывозілі нас туды праз тэрыторыю Беларусі, дзе мы таксама знаходзіліся пару дзён, а затым на працягу дзесяці з паловай месяцаў мы былі на тэрыторыі Расейскай Фэдэрацыі, а адтуль ужо нас і абмянялі».

— То бок вас правозілі на тэрыторыю Расеі праз тэрыторыю Беларусі і некаторы час утрымлівалі на тэрыторыі Беларусі? — удакладніў журналіст.

— Два дні, так, начавалі на тэрыторыі Беларусі, павезьлі нас празь яе. Паколькі нас узялі ў палон на поўначы Кіеўскай вобласьці, там, дзе ў нас былі баі на першапачатковым этапе. 20 сакавіка мы патрапілі ў палон, а 21 і 22 сакавіка мы правялі на тэрыторыі Беларусі.

У 2015 годзе падчас мабілізацыі Макс Калесьнікаў пайшоў ваяваць на Данбас. На сваёй старонцы ў сацсетках ён вёў анлайн-дзёньнік, у якім распавядаў аб службе ва ўкраінскім войску. Украінскія СМІ друкавалі ягоныя аповеды пад назвай «Дзёньнік мабілізаванага». Ужо пасьля дэмабілізацыі, ад пачатку поўнамаштабнага расейскага ўварваньня ва Ўкраіну, Калесьнікаў зноў адправіўся на фронт.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Чырвоны Крыж рыхтуе новы абмен палоннымі паміж Украінай і Расеяй. Магчымы прынцып «усіх на ўсіх»