Беларускія ратавальнікі вярнуліся з Турэччыны, разам зь імі — 4 беларускі з 9 дзецьмі. Колькасьць ахвяраў землятрусу перавысіла 45 тысяч

Наступствы землятрусу ў Турэччыне

Рэспубліканскі атрад спэцыяльнага прызначэньня «ЗУБР» завяршыў сваю місію ў Турэччыне і вярнуўся ў Беларусь, паведамляе прэс-служба МНС Беларусі.

Разам зь імі на борце Мінабароны ў Беларусь з пацярпелых рэгіёнаў Турэччыны вярнуліся яшчэ 4 беларускі з 9 дзецьмі, паведамляе прэс-служба Мінабароны.

64 работнікі «ЗУБР» разам з кіналягічнай службай, спэцтэхнікай і аварыйна-выратавальнымі інструмэнтамі з 8 лютага працавалі ў пацярпелым ад сэрыі землятрусаў турэцкім горад Кахраманмараш.

Агулам за час пошукава-выратавальных работ яны дасталі з-пад завалаў 51 чалавека, 6 зь якіх цудоўным чынам засталіся жывыя. Хтосьці праляжаў пад заваламі 4 дні, хтосьці — крыху менш за тыдзень, а былі і тыя, хто пратрымаўся больш за 8 дзён, адзначаюць у МНС Беларусі.

Колькасьць загінулых у выніку разбуральнага землятрусу ў Турэччыне і Сырыі перавысіла 45 тысяч чалавек.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: У Турэччыне пасьля землятрусу прайшлі арышты будаўнічых падрадчыкаў

Землятрус магнітудай 7,7 адбыўся на паўднёвым усходзе Турэччыне 6 лютага. За ім рушыла сэрыя афтэршокаў. Ратавальнікі зь некалькіх краін працягваюць разьбіраць завалы.

У Турэччыне, паводле апошніх зьвестак загінулі 39 672 чалавекі. Чакаецца, што гэтая лічба павялічыцца, бо многія ўсё яшчэ лічацца зьніклымі бязь вестак.

У Сырыі ўлады паведамілі пра больш чым 5800 загінулых.

Дзясяткі тысяч людзей былі параненыя, мільёны засталіся бяз даху над галавой.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Беларуску Аляксандру Акпінар і яе сына, якія зьніклі падчас землятрусу ў Турэччыне, знайшлі нежывымі