Працэс пройдзе завочна, бо падсудны знаходзіцца па-за межамі Беларусі.
Цапкалу абвінавачваюць па 12 артыкулах Крымінальнага кодэксу:
- Ч. 2 арт. 424 Крымінальнага кодэкса — злоўжываньне службовымі паўнамоцтвамі;
- ч. 3 арт. 430 — атрыманьне хабару, паўторна, у асабліва буйным памеры;
- ч. 1 арт. 400 — загадзя ілжывы данос аб учыненьні злачынства;
- ч. 1 арт. 3611 — стварэньне экстрэмісцкага фармаваньня і кіраўніцтва такім фармаваньнем;
- ч. 2 арт. 3612 — збор грашовых сродкаў і іншай маёмасьці любым спосабам для забесьпячэньня экстрэмісцкай дзейнасьці, учынены групай асобаў па папярэдняй змове;
- ч. 2 арт. 367 — паклёп у дачыненьні да прэзыдэнта Рэспублікі Беларусь;
- ст. 188 — распаўсюд зьвестак (паклёп), якія ганьбяць іншую асобу, у інфармацыі, якая зьмяшчае абвінавачаньне ва ўчыненьні асабліва цяжкага злачынства;
- ст. 3691 — распаўсюджваньне загадзя ілжывых зьвестак аб палітычным, эканамічным, сацыяльным, ваенным і міжнародным становішчы Рэспублікі Беларусь, накіраванае на ўчыненьне істотнай шкоды дзяржаўным і грамадзкім інтарэсам;
- ч. 1 арт. 130 — наўмысныя дзеяньні, накіраваныя на ўзбуджэньне сацыяльнай варожасьці і варажнечы па прыкмеце сацыяльнай прыналежнасьці;
- ч. 2 арт. 368 — публічная абраза прэзыдэнта Рэспублікі Беларусь;
- ч. 3 арт. 361 — публічныя заклікі да ўчыненьня акта тэрарызму;
- ч. 1 арт. 123 — распаўсюджваньне ў любой форме поглядаў, ідэй і заклікаў з мэтай выклікаць агрэсію адной краіны супраць іншай.
Паводле матэрыялаў справы, Цапкала, зьяўляючыся дырэктарам дзяржаўнай установы «Адміністрацыя Парку высокіх тэхналёгіяў» (ПВТ), «атрымаў хабар у выглядзе грашовых сродкаў у суме 151.715 эўра за выбар пэўнага суб’екта гаспадараньня генэральным падрадчыкам па будаўніцтве абʼекта ўзначаленай ім установы і заключэньне адпаведнай дамовы».
Да Цапкалы «у інтарэсах ПВТ» заяўлены пазоў аб пакрыцьці маёмаснай шкоды на суму больш за 6 тысячаў рублёў.
Спэцыяльная вытворчасьць у дачыненьні да Цапкалы пачалася 16 сьнежня.
У Беларусі спэцвытворчасьць вядзецца ў адносінах да 20 чалавек. Гэта вытворчасьць па крымінальнай справе ў дачыненьні да абвінавачанага, які знаходзіцца за межамі краіны.
Папраўкі ў Крымінальна-працэсуальны кодэкс, якія даюць магчымасьць завочна праводзіць сьледзтва і суды над асобамі, якія знаходзяцца за мяжой, а таксама канфіскоўваць іх маёмасьць, набылі моц летась 27 ліпеня.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Кватэру Ціханоўскіх выставілі на аўкцыён