Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Кватэру Ціханоўскіх выставілі на аўкцыён


Блогер Сяргей Ціханоўскі, архіўнае фота
Блогер Сяргей Ціханоўскі, архіўнае фота

На аўкцыёне па продажы маёмасьці «БелЮрЗабесьпячэньня» выставілі трохпакаёвую кватэру на праспэкце Незалежнасьці 137/2, у якасьці даўжніка значыцца «Ціханоўскі Сяргей Леанідавіч», заўважыла «Салідарнасць».

У апісаньні лоту адзначаецца, што ў жыльля ёсьць «абмежаваньні ў распараджэньні нерухомай маёмасьцю», якія, як абяцаюць прадаўцы, «будуць зьнятыя аддзелам прымусовага выкананьня па выніках продажу лота». Таксама пазначана, што «ў кватэры ёсьць зарэгістраваныя асобы, у тым ліку непаўналетнія».

Аўкцыён павінен стартаваць 6 сакавіка. Пачатковы кошт лота — 214 860.00 BYN. Паводле абвесткі, у кошт уваходзіць: «убудаваная сэкцыйная мэбля для кухні з варачнай панэльлю gorenje, ракавінай і зьмяшальнікам, з сыстэмай ачысткі вады, убудаваная шафа купэ са МДФ, вітрына са шкла і 2-х люстэркаў».

Кватэру Сьвятланы Ціханоўскай і яе мужа-палітвязьня Сяргея Ціханоўскага ў Менску арыштавалі ў верасьні 2022 году.

Муж апазыцыйнай лідэркі Сьвятланы Ціханоўскай Сяргей Ціханоўскі ў 2020 годзе быў папулярным блогерам, стваральнікам праекту «Страна для жизни». Ягоныя сюжэты на youtube-канале мелі сотні тысяч праглядаў. Ён езьдзіў па краіне і выкрываў нядбайства чыноўнікаў, запісваў гутаркі зь людзьмі. У траўні 2020 году Сяргей заявіў пра прэзыдэнцкія амбіцыі. 29 траўня 2020 году яго затрымалі ў выніку правакацыі на пікеце ў Горадні. З таго часу ён у зьняволеньні.

Ціханоўскага абвінавацілі ў арганізацыі масавых беспарадкаў, распальваньні варожасьці, перашкодзе працы Цэнтральнай выбарчай камісіі. На судзе 14 сьнежня 2021 году ён атрымаў 18 гадоў зьняволеньня. У чэрвені 2022 году КДБ унёс Ціханоўскага ў сьпіс асоб, «датычных да тэрарыстычнай дзейнасьці».

14 лютага 2023 году пачаўся новы суд над Ціханоўскім — за «злоснае непадпарадкаваньне патрабаваньням адміністрацыі турмы» (ч. 2 арт. 411 КК).

17 студзеня пачаўся завочны суд над Сьвятланай Ціханоўскай, Паўлам Латушкам і іншымі фігурантамі «справы Каардынацыйнай рады». Працэс ідзе завочна, бо ўсе фігуранты знаходзяцца за межамі Беларусі. Іх справу расьсьледавалі ў рамках «спэцыяльнага вядзеньня».

Сьвятлану Ціханоўскую абвінавачваюць паводле некалькіх артыкулаў КК: у здрадзе дзяржаве, масавых беспарадках, стварэньні экстрэмісцкага фармаваньня, распальваньні варожасьці, змове з мэтай захапіць уладу, закліках да санкцый.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG