Прэсавая служба Сьвятланы Ціханоўскай паведаміла, што з 16 па 18 лютага Ціханоўская ўдзельнічае ў Мюнхэнскай канфэрэнцыі аб бясьпецы, там яна абмяркуе сытуацыю ў рэгіёне і праблемы Беларусі зь вядучымі палітыкамі сьвету.
Заплянаваны працоўныя сустрэчы з прэзыдэнткай Эўракамісіі Урзуляй фон дэр Ляен, канцлерам Нямеччыны Оляфам Шольцам, міністрам замежных спраў Нямеччыны Анналенай Бэрбак, новым прэзыдэнтам Чэхіі Пэтрам Павэлам, міністрамі краін Эўразьвязу.
17 лютага Сьвятлана Ціханоўская ўжо сустрэлася зь Ільвай Югансан, камісаркай унутраных спраў Эўракамісіі.
«З апошняй сустрэчы мы рушылі наперад. Я падзякавала Эўразьвязу за неўвядзеньне візавых забарон для беларусаў. Далей мы будзем працаваць над [спрашчэньнем] шэнгенскіх візавых працэдур, легалізацыяй у ЭЗ і праектам пашпарта», — напісала Ціханоўская па выніках сустрэчы.
У прыватнасьці, гаворка пра тое, каб у беларусаў не патрабавалі некаторых дакумэнтаў, якія цяжка атрымаць без наведваньня краіны, напрыклад, апастылю або даведкі аб несудзімасьці.
Паводле прэсавай службы Ціханоўскай, Ільва Югансан падтрымала працу па распрацоўцы пашпартоў для дэмакратычнай Беларусі.
«На сустрэчы быў прадстаўлены праект дакумэнта, які дапаможа беларусам за мяжой ідэнтыфікавацца, пацьвярджаць сваё грамадзянства, а ў ідэале — падарожнічаць. Хоць наперадзе яшчэ вялікая праца, зроблены першы важны крок у гэтым напрамку, каб дакумэнт быў узгоднены зь міжнароднымі стандартамі. У сакавіку-красавіку адбудуцца кансультацыі зь міністрамі замежных справаў па пытаньнях выдачы такіх часовых дакумэнтаў і спрашчэньня знаходжаньня беларусаў», — паведаміла прэсавая служба Ціханоўскай.
Акрамя таго, абмеркавалі і спрашчэньне візавых працэдураў. Ціханоўская заклікала пашырыць практыку выдачы гуманітарных візаў, якія дазваляюць беларусам выяжджаць з краіны, падоўжыць іх тэрмін і выдаваць доўгатэрміновыя шэнгенскія візы на 2, 3 і 5 гадоў. Гаварылі таксама пра магчымасьць адкрыцьця гуманітарных калідораў у выпадку эскаляцыі і закрыцьця межаў — каб беларусы, якія ўцякаюць ад перасьледу і вайны, маглі бясьпечна выехаць з краіны.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Зяленскі адкрыў Мюнхэнскую канфэрэнцыю па бясьпецы заклікам паскорыць вайсковую дапамогу ЎкраінеПазьней Сьвятлана Ціханоўская з дэлегацыяй Офіса і Аб’яднанага пераходнага кабінэта правяла сустрэчу з канцлерам Нямеччыны Оляфам Шольцам, падчас якой бакі абмеркавалі неабходнасьць новай скаардынаванай стратэгіі ў абарону беларускай незалежнасьці, паведамляе прэс-служба Ціханоўскай.
Таксама адбылася сустрэча з кіраўніком канцылярыі Шольца Вольфгангам Шмітам. Падчас яе абмеркавалі будучыню бясьпекі ў рэгіёне і агульную стратэгію ў Міжмор’і, дзе Беларусь — адзін з ключавых элемэнтаў бясьпекі.
На сустрэчы таксама гаварылі пра канцэпцыі кааліцыі ў падтрымку дэмакратычнай Беларусі. Ціханоўская папрасіла Нямеччыну стаць адным зь лідэраў такой кааліцыі, каб выступіць гарантам пераходу ад дыктатуры да дэмакратыі, вываду расейскіх войскаў, распрацоўкі пляну адбудовы Беларусі і аналяга пляну Маршала для яе.
Акрамя гэтага, гаворка ішла пра неабходнасьць пасьлядоўнага ціску на рэжым з мэтай вызваленьня палітвязьняў і падтрымкі дэмакратычнага руху.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: На Мюнхэнскую канфэрэнцыю па бясьпецы ад Беларусі і Расеі запрасілі Ціханоўскую, Каспарава і ХадаркоўскагаТаксама Ціханоўская сустрэлася з Майклам Макфолам, былым амбасадарам ЗША, які цяпер актыўна працуе дзеля дапамогі Ўкраіне і Беларусі. Размова ішла пра тое, якім чынам вярнуць Беларусь у парадак дня, вызваліць палітвязьняў, зрабіць санкцыі больш эфэктыўнымі.
Сьвятлана Ціханоўская 17 лютага таксама возьме ўдзел у публічнай дыскусіі «Размова пра Ўкраіну, Беларусь і эўрапейскія свабоды», якую ладзіць Цэнтар эўрапейскай будучыні.
З 19:30 да 22:00 у Мюнхэне адбудзецца сусьветная прэм’ера дакумэнтальнага фільма пра Ціханоўскую «Вартавыя праўды: Джан Дзюндар сустракае Сьвятлану Ціханоўскую».
Ціханоўская была на Мюнхэнскай канфэрэнцыі па бясьпецы і ў 2022 годзе.
Без уладаў Расеі і Беларусі
Інфармацыі пра запрашэньне кагосьці з уладаў Беларусі на сёлетнюю канфэрэнцыю ў Мюнхэн няма.
Беларусь брала ўдзел у Мюнхэнскай канфэрэнцыі з 2006 году. У 2018 годзе кіраўніцтва Мюнхэнскай канфэрэнцыі прапанавала правесьці чарговую сустрэчу Асноўнай групы ў Менску, абгрунтаваўшы гэта ўкладам, які тады ўносіла Беларусь ва ўмацаваньне стабільнасьці і бясьпекі ў рэгіёне, і магчымасьцю сабраць на беларускай пляцоўцы ключавых гульцоў.
Сустрэчу тады прысьвяцілі ўзаемаадносінам па лініі Ўсход — Захад, абмеркаваньню рэгіянальных канфліктаў, менскага працэсу, а таксама эканамічнай сытуацыі ва Ўсходняй Эўропе.
Прадстаўнікі ўладаў Расеі сёлета таксама не запрошаныя на Мюнхэнскую міжнародную канфэрэнцыю па бясьпецы, заявіў старшыня канфэрэнцыі Крыстаф Гойсген у інтэрвію тэлеканалу MDR 1 лютага.
Ён растлумачыў гэта нежаданьнем даваць трыбуну аўтарытэтнага міжнароднага форуму аб бясьпецы для прапаганды прэзыдэнта РФ Уладзіміра Пуціна:
«Выказваньні, якія мы штодня чуем з Крамля, не дазваляюць вывесьці, што Расея хаця б на ёту адступіць ад таго, што Пуцін абвясьціў мэтай вайны, а менавіта разбурэньня Ўкраіны», — растлумачыў Гойсген.
Паводле яго, замест урадавых чыноўнікаў ад Расеі запрасілі прадстаўнікоў грамадзянскай супольнасьці і апазыцыі, у тым ліку былога чэмпіёна сьвету ў шахматах Гары Каспарава і апальнага алігарха Міхаіла Хадаркоўскага.
Мінулы форум у лютым 2022 году таксама прайшоў без удзелу афіцыйнай расейскай дэлегацыі. Тады Расея ўпершыню за апошнія два дзесяцігодзьдзі адмовілася браць удзел у форуме.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Нэнсі Пэлосі — Ціханоўскай на палях Мюнхэнскай канфэрэнцыі па бясьпецы: «Захапляюся Вамі і беларусамі»