19 лютага ў кулюарах Мюнхэнскай канфэрэнцыі па бясьпецы Сьвятлана Ціханоўская пагутарыла са сьпікерам Палаты Прадстаўнікоў ЗША Нэнсі Пэлосі. Пэлосі сказала, што захапляецца Ціханоўскай і беларусамі, пажадала беларусам стойкасьці і ўпартасьці ў барацьбе за свабоду і дэмакратыю. Яна таксама прадставіла Ціханоўскую старшыні ўплывовага бюджэтнага камітэту Палаты Прадстаўнікоў ЗША Барбары Лі.
Таксама Сьвятлана Ціханоўская правяла сустрэчу з амбасадаркай ЗША ў Бэрліне Эмі Гутман. Падчас сустрэчы Ціханоўская адзначыла салідарнасьць з боку ЗША і дапамогу беларусам па ўсім сьвеце, расказала пра апошнія галадоўкі палітвязьняў, умовы ў турмах і неабходнасьць патрабаваць іх безумоўнага вызваленьня. Ціханоўская і Гутман абмеркавалі магчымасьць арганізацыі мерапрыемстваў салідарнасьці зь Беларусьсю і дамовіліся трымаць сувязь праз прадстаўнікоў беларускай дыяспары ў Нямеччыне.
На палях канфэрэнцыі Сьвятлана Ціханоўская сустрэлася і з кангрэсмэнам ЗША Білам Кітынгам. Ціханоўская і Кітынг абмеркавалі сытуацыю ў рэгіёне, напружанасьць у расейска-ўкраінскіх адносінах, расейскія вучэньні ў Беларусі. Ціханоўская падкрэсьліла, што расейскія вайскоўцы павінны пакінуць Беларусь пасьля вучэньняў, калі гэтага не адбудзецца, гэта будзе расцэнена як недружалюбны крок, які падрывае сувэрэнітэт Беларусі. Кангрэсмэн зазначыў, што ў ЗША разглядаюць санкцыі супраць рэжыму Лукашэнкі, а таксама дапамогу для Новай Беларусі пасьля перамен, і запрасіў Ціханоўскую прыняць удзел у слуханьнях у Кангрэсе ЗША.
Падчас сустрэчы з міністрам замежных спраў Ісьляндыі Тордыс Колбрун Рэйкфіёрд Гільфадоцір Сьвятлана Ціханоўская прапанавала правесьці ў Ісьляндыі амэрыкана-эўрапейскую тэматычную канфэрэнцыю па Беларусі, з удзелам экспэртаў па Беларусі, а таксама дыяспар з розных краін. Адной з тэм магла б быць падтрымка беларускіх жанчын і жаночых ініцыятываў.
Абмеркавалі вучэньні, якія праходзяць у Беларусі, а таксама іншыя сумесныя праекты, якія ўжо знаходзяцца ў працы, у тым ліку ўстаноўку памятнай дошкі Торвальду Падарожніку — ісьляндзкаму прапаведніку, які жыў і працаваў на беларускай зямлі і пахаваны ў Полацку.
Ісьляндыя займае актыўную пазыцыю па дэлегітымізацыі рэжыму Лукашэнкі, выступае ў падтрымку Беларусі на міжнародных сустрэчах і ў міжнародных структурах, адзначае прэс-служба Ціханоўскай.
18 лютага Сьвятлана Ціханоўская ўжо правяла шэраг двухбаковых сустрэч з:
- зь дзяржсакратаром ЗША Энтані Блінкенам,
- камісарам унутраных спраў ЭЗ Ільвай Югансан,
- мэрам Кіева Віталём Клічком,
- кіраўніцай Міжнароднага валютнага фонду Крысталінай Георгіевай,
- Вольфгангам Шмідтам, "правай рукой" канцлера Нямеччыны Олафа Шольца,
- прэзыдэнтам Чарнагорыі Міла Джуканавічам,
- заснавальнікам кампутарнай кампаніі Microsoft, амэрыканскім прадпрымальнікам Білам Гейтсам,
- намесьнікам дырэктара Мюнхэнскай канфэрэнцыі па бясьпецы Барысам Руге,
- міністрам замежных спраў Аўстрыі Аляксандрам Шаленбергам,
- прэзыдэнтам Міжнароднага Камітэту Чырвонага Крыжа Петэрам Маўрарам,
- спэцпрадстаўніком прэзыдэнта ЗША ў пытаньнях клімату Джонам Кэры,
- міністрам замежных спраў Аўстраліі Мэрыс Эн Пэйн.
Мюнхэнская канфэрэнцыя па бясьпецы праводзіцца штогод з 1962 году. На працягу першых 30 гадоў існаваньня форуму ў ім бралі ўдзел лідэры краін NATO; з 90-х гадоў мінулага стагодзьдзя ў ліку ўдзельнікаў зьявіліся Расея, краіны Ўсходняй Эўропы, Кітай, Індыя, Японія.
За тыдзень да пачатку сёлетняй Мюнхэнскай канфэрэнцыі Масква — упершыню за 20 гадоў — цалкам адмовілася ад удзелу ў ёй.