Турэмныя тэрміны блогерам: ад 3 да 18 гадоў
Затрымліваць блогераў, вядоўцаў ютуб- і тэлеграм-каналаў у Беларусі пачалі задоўга да прэзыдэнцкіх выбараў 2020 году. У канцы траўня затрымалі відэаблогера Сяргея Ціханоўскага, заснавальніка канала «Страна для жизни». На пачатку чэрвеня затрымалі «Народных рэпартэраў» Аляксандра Кабанава і Сяргея Пятрухіна. Далей затрыманьні ішлі як сьнежны ком: Ігар Лосік (тэлеграм-канал «Беларусь головного мозга»), Уладзімер Няронскі, Зьміцер Казлоў (Шэры Кот), Уладзімер Цыгановіч (MozgON), Эдуард Пальчыс.
Падлічыць колькасьць блогераў, на якіх былі заведзеныя крымінальныя справы, немагчыма. Спачатку ім прысуджалі адносна невялікія тэрміны. Асуджаныя ў красавіку 2021 году Аляксандар Кабанаў і Сяргей Пятрухін 17 сьнежня 2022 году выйшлі на волю, цалкам адбыўшы пакараньне.
14 сьнежня 2021 году былі вынесеныя жорсткія прысуды блогерам: Сяргею Ціханоўскаму — 18 гадоў зьняволеньня, Ігару Лосіку і Ўладзімеру Цыгановічу — па 15 гадоў калёніі, Дзьмітрыю Папову і Арцёму Сакаву — па 16 гадоў калёніі. 17 сьнежня 2021 году блогера Эдуарда Пальчыса асудзілі на 13 гадоў зьняволеньня.
Некаторыя блогеры, на якіх завялі крымінальныя справы, пасьпелі пакінуць краіну (у тым ліку Антон Матолька, Раман Пратасевіч).
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: У Менску разглядаюць справу аўтараў тэлеграм-канала Nexta Пуцілы, Рудзіка і ПратасевічаПрымусовая пасадка самалёта
23 траўня 2021 году ў Нацыянальным аэрапорце «Менск» пазаплянава сеў самалёт Атэны — Вільня, на пасадцы настойваў дыспэтчар менскага аэрапорту, бо нібыта паступіла паведамленьне пра бомбу на борце. На распараджэньне Лукашэнкі суправаджаць самалёт у неба паднялі вайсковы зьнішчальнік МіГ-29.
У менскі аэрапорт прыбыла сапёрная служба, але нічога не знайшла. Літва заявіла, што інфармацыі пра бомбу яны не атрымлівалі.
Праз гадзіну стала вядома, што гэтым рэйсам з адпачынку ляцеў журналіст і блогер Раман Пратасевіч. Ён быў некалі галоўным рэдактарам тэлеграм-каналу «НЕХТА», адтуль сышоў на тэлеграм-канал «Беларусь головного мозга».
Пратасевіч раней пакінуў Беларусь, жыў спачатку ў Варшаве, потым у Вільні.
Рамана Пратасевіча і заснавальніка «НЕХТА» Сьцяпана Пуцілу абвясьцілі ў міждзяржаўны вышук, унесьлі ў так званы «сьпіс тэрарыстаў».
Пасьля пасадкі самалёта Пратасевіча затрымалі, забралі аргтэхніку, тэлефон. Празь некалькі гадзін стала вядома, што затрымалі і сяброўку Рамана, студэнтку ЭГУ Соф‘ю Сапегу, зь якой ён вяртаўся з адпачынку ў Грэцыі. Абаіх зьмясьцілі ў СІЗА КДБ. Пазьней праваабаронцы прызналі іх палітвязьнямі.
Пасьля затрыманьня Рамана і Соф‘і зьявіліся відэазапісы зь іх «прызнаньнямі». Соф‘я Сапега прызналася, што рэдагавала тэлеграм-канал пра беларускіх сілавікоў «Чорная кніга Беларусі».
Дэмарш журналістаў і дыпляматаў з брыфінгу з удзелам зьняволенага Пратасевіча
14 чэрвеня 2021 года Раман Пратасевіч нечакана зьявіўся ў Нацыянальным прэс-цэнтры на брыфінгу Міністэрства замежных спраў Беларусі для прадстаўнікоў СМІ, а таксама акрэдытаваных у Беларусі замежных амбасадаў і міжнародных арганізацый.
Большасьць замежных журналістаў і дыпляматаў, а таксама прадстаўнікі беларускіх незалежных СМІ празь некалькі хвілін пасьля пачатку брыфінгу пакінулі залю. Патлумачылі свой дэмарш яны тым, што Раман відавочна «знаходзіцца пад прымусам», «яго трымаюць у закладніках».
Незалежныя СМІ, якія тады яшчэ былі ў Беларусі, прынцыпова не цытавалі заяваў Рамана Пратасевіча на брыфінгу, бо ён быў зьняволены.
25 чэрвеня 2021 года стала вядома, што Раман Пратасевіч і Соф‘я Сапега пераведзены зь СІЗА КДБ пад хатні арышт. Пра гэта прэсе паведамілі бацькі абодвух. Соф‘я і Раман знаходзіліся ў найманых кватэрах — кожны ў асобнай, пад аховай.
7 ліпеня ў Рамана Пратасевіча зьявіўся новы акаўнт і відэа ў Твітэры. У адным зь першых пастоў ён расказаў, што «вяртаецца да жыцьця ў інтэрнэце» і абяцае адказваць на паведамленьні. Завёў старонкі і ў Фэйсбуку, і ў Інстаграме.
Асобам, якія знаходзяцца пад хатнім арыштам, звычайна забаронена карыстацца тэлефонам і інтэрнэтам, выходзіць на вуліцу.
Але літаральна празь некалькі дзён, 12 ліпеня, акаўнт у сацыяльнай сетцы Twitter, адкрыты на імя Рамана Пратасевіча, быў заблякаваны.
Пры гэтым на старонцы напісана: «Twitter прыпыняе ўліковыя запісы, якія парушаюць правілы Twitter».
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «А калі выбавіць з-за мяжы ня ўдасца — выкрасьці і даставіць сілай». Завочныя суды над «беглымі» — гэта толькі пачатакГучна абвясьціў, што заняўся праваабарончай дзейнасьцю
На пачатку студзеня 2022 году пасьля некалькіх месяцаў маўчаньня ў інфармацыйнай прасторы зноў зьявіўся затрыманы ў траўні блогер і журналіст Раман Пратасевіч. Ён паведаміў, што выйшаў з-пад хатняга арышту, заключыў дасудовае пагадненьне са сьледзтвам.
Таксама Пратасевіч выклаў сумесны фатаздымак зь Дзьмітрыем Беляковым, які ўзначальвае ці не адзіную афіцыйна зарэгістраваную ў Беларусі праваабарончую арганізацыю — Цэнтар «Сыстэмная праваабарона».
Што канкрэтна Пратасевіч рабіў у «Сыстэмнай праваабароне», невядома.
3 лютага 2022 году Раман Пратасевіч у відэазвароце на канале «Сыстэмная праваабарона» казаў, што зьбіраецца падаць у суд на авіякампанію Ryanair.
«Ня буду раскрываць усе падрабязнасьці, але я пляную падаць пазоў да авіякампаніі Ryanair. Таксама я заклікаю падаць падобныя пазовы ўсіх пасажыраў, якія знаходзіліся на борце гэтага рэйса», — заявіў Пратасевіч.
Пратасевічу інкрымінуецца 9 артыкулаў Крымінальнага кодэксу
30 сьнежня 2022 году Генэральная пракуратура накіравала ў суд крымінальную справу аўтараў тэлеграм-канала Nexta Пратасевіча, Пуцілы і Рудзіка.
БелТА піша, што абвінавачаным інкрымінуецца ўчыненьне ня менш як 1586 злачынстваў і што Раман Пратасевіч прызнаў віну ў поўным абʼёме.
Пратасевічу выставілі дзевяць абвінавачаньняў, сярод іх — распальваньне варожасьці, арганізацыя масавых беспарадкаў, заклікі да санкцый, стварэньне экстрэмісцкага фармаваньня, паклёп і абраза Лукашэнкі.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Большасьць чальцоў Рады Бясьпекі ААН асудзіла ўлады Беларусі за прымусовую пасадку самалёта RyanairСоф‘я Сапега: 6 гадоў зьняволеньня
Соф‘ю Сапегу затрымалі разам з Пратасевічам 23 траўня 2021 году, зьмясьцілі ў СІЗА КДБ. У канцы чэрвеня яе перавялі пад хатні арышт, яна жыла спачатку ў найманай кватэры ў Менску, потым у кватэры бацькоў у Лідзе. У сьнежні 2021 году Соф‘і Сапезе выставілі абвінавачаньне паводле 7 артыкулаў Крымінальнага кодэксу, а 6 траўня 2022 году ў Горадзенскім абласным судзе абвясьцілі прысуд — 6 гадоў калёніі агульнага рэжыму.
На прысуд Соф‘і Раман адрэагаваў так:
«Я, гэтак жа як і многія, быў непрыемна зьдзіўлены прысудам, зьвязаным з рэальным пазбаўленьнем волі. Прасьцей кажучы — рэальнымі 6 гадамі калёніі. Аднак у параўнаньні з тым, што першапачаткова ёй пагражала да 20 гадоў... Гэта хоць крыху суцяшае. Соня была асуджаная за сваю рэальную дзейнасьць, а не за тое, што мела са мной адносіны. Таму, перш чым пачынаць вінаваціць мяне і праклінаць у камэнтарах — уключыце хоць трохі мозг», — напісаў Пратасевіч.
Соф‘я Сапега пісала прашэньне аб памілаваньні на імя Лукашэнкі, ёй было адмоўлена. Бацькі дзяўчыны зьвярталіся і да ўладаў Расеі. Цяпер Соф‘я адбывае пакараньне ў Гомлі.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: У адміністрацыі Лукашэнкі расказалі, чаму адмовілі ў памілаваньні расейскай грамадзянцы Софʼі Сапезе