Польскія памежнікі разграмілі найбуйнейшую ў гісторыі групу, якая займалася кантрабандай цыгарэт зь Беларусі

Польска-беларуская мяжа ля закрытага пераходу ў Баброўніках. Люты 2023

Польскія памежнікі сумесна зь іншымі службамі разграмілі арганізаваную злачынную групу, адказную за найбуйнейшую ў гісторыі кантрабанду цыгарэт зь Беларусі ў Польшчу.

Расьсьледаваньне справы, у якой абвінавачваюцца 18 грамадзян Польшчы (сярод іх 7 супрацоўнікаў мытні ў Баброўніках), вядзецца пад наглядам Падляскага аддзелу міжраённага аддзелу па справах арганізаванай злачыннасьці і карупцыі краёвай пракуратуры. Пра справу паведаміла Памежная варта Польшчы.

У апэрацыі бралі ўдзел памежнікі і мытнікі Беластоцкага ваяводзтва пры падтрымцы Эўрапалу — каля 200 чалавек. Ператрусы былі праведзены больш як па 30 адрасах.

На чале арганізаванай злачыннай групы стаяў затрыманы ў Варшаве 59-гадовы грамадзянін Польшчы, ураджэнец Падляскага ваяводзтва. Ён адказваў за замовы цыгарэт у Беларусі, арганізацыю кантрабанды цыгарэт празь мяжу і за іх далейшы распаўсюд.

Па месцы яго жыхарства ў Варшаве знайшлі 190 тыс. злотых, 95 тыс. эўра і 6 кг золата, а таксама значныя сумы грошай, якія ён хаваў ад сям’і. Яго арыштавалі на 3 месяцы.

Таксама 7 супрацоўнікаў мытні абвінавачваюцца ва ўдзеле ў злачыннай групе і атрыманьні ўзнагароджаньня ў сувязі з займанай пасадай у памеры ня менш як 400 тысяч эўра. Мытнікаў таксама арыштавалі на тры месяцы да суду. Затрыманы 49-гадовы мужчына, які кантактаваў з мытняй і плаціў мытнікам.

Астатнія затрыманыя — 7 мужчын ва ўзросьце ад 33 да 58 гадоў і 2 жанчыны ва ўзросьце 53 і 35 гадоў. Затрыманым прад’явілі абвінавачаньні ва ўдзеле ў арганізаванай злачыннай групе, адмываньні грошай і кантрабандзе цыгарэт.

Раённы суд у Беластоку зьмясьціў 6 падазраваных пад варту да суду тэрмінам на 3 месяцы, а аднаго — пад нагляд паліцыі.

Паведамляецца, што ў злачыннай групе быў пастаянны падзел задач і роляў паміж удзельнікамі.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Rzeczpospolita: малаімаверна, што ўрад Польшчы прыме рашэньне цалкам закрыць мяжу зь Беларусьсю

Таксама стала вядома, што ў чацьвер Літва закрывае грузавы чыгуначны пераезд Стасілас — Беняконі, які найбольш славіўся кантрабандай беларускіх цыгарэт і ня быў абсталяваны рэнтгенаўскім абсталяваньнем для цягнікоў.

Цягам двух гадоў дзякуючы хабару на мяжы ў Польшчу было перапраўлена цыгарэт на 440 мільёнаў злотых. Ужо затрымана 18 чалавек, у тым ліку сем мытнікаў. Яны бралі хабар ад 5000 да 45 000 эўра.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: МЗС Беларусі выклікаў кіраўніка амбасады Польшчы ў сувязі з закрыцьцём пераходу ў Баброўніках

Закрыцьцё пераходаў на мяжы Польшчы і Беларусі. Што варта ведаць

  • У ліпені 2021 году Аляксандар Лукашэнка заявіў, што з прычыны санкцыяў Беларусь больш ня будзе стрымліваць нелегальную міграцыю ў краіны Эўразьвязу. Польшча стала адной з краін, куды кінуліся патокі мігрантаў. Рэагуючы на крызіс, Польшча, як і Літва, пачала будаваць сьцяну на мяжы зь Беларусьсю, а 9 лістапада 2021 году закрыла пераход Кузьніца Беластоцкая — Брузгі.
  • У Варшаве абвінавацілі рэжым Лукашэнкі ў арганізацыі нелегальнай міграцыі ў краіны Эўразьвязу з тым, каб шантажаваць краіны ЭЗ і патрабаваць зьняцьця санкцый. Прэм’ер-міністар Польшчы Матэвуш Маравецкі выказаў упэўненасьць, што сцэнар «гібрыднай агрэсіі» супраць Эўразьвязу быў распрацаваны Менскам не самастойна, а ў шчыльнай супрацы з Масквой.
  • 9 лютага 2023 году міністар унутраных спраў Польшчы Марыюш Каміньскі заявіў аб рашэньні закрыць памежны пераход Баброўнікі — Бераставіца, пачынаючы з 10 лютага. Гэта стала адказам Польшчы на палітычны прысуд журналісту Анджэю Пачобуту, актывісту польскай нацыянальнай меншасьці ў Беларусі. Яму прысудзілі 8 гадоў калёніі.
  • Усяго на беларуска-польскай мяжы 6 пунктаў пропуску. З 10 лютага 2023 году зь іх толькі адзін адкрыты для легкавікоў і адзін для грузавікоў, у Берасьці.

Памежныя пераходы на мяжы Беларусі і Польшчы. Інфаграфіка

  1. Берасьце (Тэрэспаль з польскага боку) — дзейнічае толькі для легкавікоў;
  2. Казловічы (Кукурыкі) — праезд дазволены толькі грузавым аўтамабілям;
  3. Брузгі (Кузьніца Беластоцкая)— закрыты ў 2021 годзе;
  4. Бераставіца (Баброўнікі), — закрыты з 10 лютага 2023;
  5. Пясчатка (Полаўцы) — не функцыянуе зь ініцыятывы польскага боку;
  6. Дамачава (Славатычы) — не функцыянуе зь ініцыятывы польскага боку.
  • Каля Горадні працягвае працу памежны пункт зь Літвой «Прывалка — Райгардас». Ён знаходзіцца блізка да мяжы з Польшчай.
  • На прэс-канфэрэнцыі ў Брусэлі 10 лютага прэм’ер-міністар Польшчы адзначыў, што ў Варшаве разглядаюць варыянт закрыцьця астатніх двух пераходаў на мяжы зь Беларусьсю. Ён заявіў, што да Беларусі «інструмэнтальна ставяцца» расейцы і Крэмль, і гэта складае вялікую пагрозу Польшчы і Ўкраіне.
  • Перад закрыцьцём памежнага пераходу ў Баброўніках там затрымалі сама меней 12 мытнікаў. Гаворка, магчыма, ідзе пра хабарніцтва. Пра гэта паведаміла Gazeta Wyborcza. Інфармацыю аб затрыманьні мытнікаў выданьне атрымала ў ноч на 11 лютага, ужо пасьля закрыцьця памежнага пераходу.
  • 13 лютага Памежны камітэт Беларусі паведаміў, што колькасьць аўтамабіляў за першыя выходныя пасьля закрыцьця Баброўнікаў на іншых пераходах павялічылася на 16%.