Палітвязьню Васільеву забаранілі карыстацца бібліятэкай, наведваць касьцёл, пагражаюць перавесьці ў калёнію

Палітвязень Сяргей Васільеў. Архіўнае фота.

Палітвязьню Сяргею Васільеву, які адбывае пакараньне ў папраўчай установе адкрытага тыпу № 46 у Круглым Магілёўскай вобласьці, пагражае перавод у калёнію.

У жніўні 2021 году Васільеў раздрукаваў на прынтары фотапартрэт Аляксандра Лукашэнкі, напісаў на ім слова «Ўзурпатар» і выйшаў да Дому ўраду ў Менску. Яго схапіла міліцыя, неўзабаве яго асудзілі па арт. 367 КК за «паклёп» на Лукашэнку на 3 гады абмежаваньня волі з накіраваньнем у папраўчую ўстанову адкрытага тыпу («хімія»).

Пакараньне Сяргей Васільеў адбывае ў папраўчай установе № 46 у Круглым Магілёўскай вобласьці. У студзені 2022 году яго прызналі палітычным вязьнем.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Хроніка перасьледу 15 лютага:  судзяць экс-супрацоўніка банка «БелВЭБ», у Сьветлагорску масавыя затрыманьні


Як і практычна да ўсіх «палітычных» у сыстэме выкананьня пакараньняў, да Васільева асаблівае стаўленьне начальства.

Нягледзячы на дзьве вышэйшыя адукацыі (культуралягічную і гістарычную), яму забаранілі наведваць бібліятэку. Начальнік установы, падпалкоўнік міліцыі Ігар Івіцкі патлумачыў Васільеву, што бібліятэка не пазначана ў сьпісе месцаў, якія дазволена наведваць асуджаным.

Таксама Сяргею Васільеву забаранілі наведваць касьцёл. Тлумачэньне тое ж самае: касьцёл у сьпісе не пазначаны. На заўвагу Васільева, што Канстытуцыя гарантуе грамадзянам права веравызнаньня, падпалкоўнік Івіцкі адказаў, што кіруецца дакумэнтамі сыстэмы МУС.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Беларусь на 6-м месцы ў сьвеце па колькасьці палітвязьняў на 100 000 насельніцтва, абагнала Кубу

Імкненьне палітвязьня абараняць свае грамадзянскія правы не засталося без увагі начальства і супрацоўнікаў папраўчай установы. Капітан Цагельнік заўважыў, што Васільеў надзеў «ня тыя» тапкі, і маёр Кірыла Шаболдаў вынес папярэджаньне.

Гэта ўжо трэцяе папярэджаньне, якое вынесена Сяргею Васільеву ў папраўчай установе. Пасьля гэтага яго могуць перавесьці ў калёнію.

  • Сяргей Васільеў — актывіст Беларускай хрысьціянскай дэмакратыі (БХД). У свой час за палітычную актыўнасьць яго звольнілі з працы, неаднаразова затрымлівалі і каралі. 27 траўня 2020 году міліцыянты затрымалі Васільева ў цэнтры Мёраў з плякатам «Выбары без Лукашэнкі і Ярмошынай», і Мёрскі раённы суд аштрафаваў яго на 135 рублёў.
  • За «абразу Лукашэнкі» ў жніўні 2021 году судзьдзя Маскоўскага раёну Менску Сяргей Кацар асудзіў Васільева на тры гады абмежаваньня волі ў калёніі адкрытага тыпу. У студзені 2022 году Васільева прызналі палітычным вязьнем.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Фігурант справы «Рабочага руху» Аляксандар Капшуль 47 дзён трымае галадоўку. Яго зьмясьцілі ў карцар
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: 9 чалавек, асуджаных за абразу Лукашэнкі і забітага супрацоўніка КДБ, прызналі палітвязьнямі
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Актывіста БХД пакінулі бяз працы