Пра дзейнасьць гэтай арганізацыі расказвае яе прадстаўнік Сяржук Кедышка.
Дзейнасьць «Паспалітага рушэньня» адбываецца па прынцыпе клюбаў вайскова-фізычнай падрыхтоўкі. Такія клюбы цалкам легальныя ў тых краінах, дзе дзейнічае «ПР». Зрэшты, легальныя яны ў Беларусі, напрыклад, страйкбольныя клюбы. Ва ўдзельнікаў трэнінгаў «Паспалітага рушэньня» няма баявой зброі.
Пакуль заняткі адбываюцца ў выходныя дні. Групы выяжджаюць за горад, дзе ёсьць неабходныя для трэніровак будынкі ці мясцовасьць. Там харугва разьбіваецца на падразьдзелы, і кожны выконвае свае задачы. Нехта адпрацоўвае заданьні са зброяй, а нехта проста рые акопы. У «Паспалітага рушэньня», як расказвае Кедышка, ёсьць дасьведчаныя камандзіры, якія бралі ўдзел у вайне ва Ўкраіне. Ёсьць і кадравыя афіцэры беларускай арміі.
«Практыка вайскова-патрыятычнага выхаваньня — гэта нармальная практыка ў любой краіне. Гэта звычайныя заняткі, як і ў спартовай сэкцыі, але трошкі іншы антураж. Гэта нармальна, што мужчыны, якія адслужылі ў войску і маюць досьвед, трымаюць сябе ў форме на выпадак надзвычайных сытуацый. А тое, што рэжым малюе нас нейкімі баевікамі, то гэта, напэўна, ад страху», — кажа Сяржук Кедышка.
Паводле Кедышкі, ніякіх грантаў арганізацыя не атрымлівае. Базу, дзе адбываюцца трэніроўкі, паводле Кедышкі, фінансуе Валер Сахашчык. Сваю базу прапанаваў ужо і полк Каліноўскага. Кедышка дапускае, што нехта з тых, хто туды паедзе, застануцца ў палку Каліноўскага.
«Мы не хаваем, што нашыя людзі — гэта рэзэрвы для палку Каліноўскага і беларускага войска, якое будзе вызваляць Беларусь», — дадае прадстаўнік «Паспалітага рушэньня».
Фінансуецца арганізацыя з уласных сродкаў, сабраных чальцамі або партнэрамі. Сярод такіх, напрыклад, рух «Вольная Беларусь», які ўзначальвае Зянон Пазьняк.
«Калі б нас фінансавалі замежныя спэцслужбы, то мы б не абвяшчалі сябе незалежнай арганізацыяй і не прасілі б беларусаў фінансава нас падтрымаць. Калі б мы мелі падтрымку спэцслужбаў, то ціхенька б рыхтаваліся і пісалі справаздачы. Збольшага ўсе людзі робяць гэта за свае грошы, напрыклад, паліва. Мы зьбіраемся рэгістраваць фундацыю, каб атрымліваць данаты наўпрост. Пакуль гэта адбываецца праз рух «Вольная Беларусь», — тлумачыць Сяржук Кедышка.
Ён папярэджвае, што дзеля трэнінгаў трэба ахвяраваць выходнымі або прыватнымі інтарэсамі. Пасьля таго як у арганізацыі атрымліваюць заяўку ад патэнцыйнага курсанта, адбываецца яго вэрыфікацыя. Чалавек адказвае на пытаньні, запаўняе анкету, уваходзіць у камунікацыю з куратарам. Па выніках гэтага робіцца выснова, ці далучаць яго да харугвы, ці не. Пасьля гэтага адбываецца яшчэ некалькі ступеняў уласнай камунікацыі. І прымаецца канчатковае рашэньне, — кажа Кедышка. У пэрспэктыве плянуецца тэставаць кандыдатаў у «Паспалітае рушэньне» на паліграфе.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Усе аб’яднаныя адной ідэяй — вызваліць Беларусь і вярнуцца дамоў». Выйшаў фільм-рэпартаж пра полк КаліноўскагаДнямі «Паспалітае рушэньне» абвясьціла пра пераўтварэньне ў незалежную арганізацыю. Да гэтага яно функцыянавала як дадатак да Аб’яднанага пераходнага кабінэту і ByPol. Абвяшчэньне пра самастойнасьць, як кажа Сяржук Кедышка, сьведчыць пра тое, што арганізацыя сама будзе прымаць рашэньні наконт далейшага жыцьця, трэніровак і іншых пытаньняў.
«Гэта было абвешчана ня ў піку нашым папярэднім куратарам, ня дзеля расколу. Мы за супрацу, але празь некаторы час пасьля аб’явы, якую рабілі Валер Сахашчык і ByPol, мы заўважылі, што разьвіцьцю руху аддаецца недастаткова ўвагі. Гэта выражаецца найперш у недастатковым забесьпячэньні: выдатках на форму, трэнінгі, аплату стрэльбішчаў. Мы вырашылі, што самастойны рух нам паспрыяе, каб мы займаліся гэтым больш эфэктыўна», — кажа Кедышка.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Пра сьмерць на вайне думаеш толькі першы месяц». Добраахвотнік «Туз» пра Ўкраіну і перамогуПадрыхтаваныя «Паспалітым рушэньнем» людзі спатрэбяцца ў крытычны момант, кажа прадстаўнік арганізацыі. Што гэта будзе, ён пакуль не тлумачыць, але падкрэсьлівае, што пратэставыя настроі ў беларускім грамадзтве накопліваюцца.
«Нашых людзей катуюць па вязьніцах. Абавязкова будзе нейкі выбух, і ў той момант усе нашыя падразьдзяленьні прыйдуць на дапамогу. Ня будзе так, як было ў 2020 годзе, калі людзі выходзілі і трэба было кіраўніцтва пратэстам, а яго не было. Лукашэнка пасадзіў гэтых людзей, ён зьнішчаў гадамі ўсе гэтыя структуры. Цяпер такое кіраўніцтва будзе. Нашыя суседзі, літоўцы, украінцы, карыстаюцца зручным момантам, захопліваюць будынкі, а мы ўсё чакаем. Стаяць у шкарпэтках на лавачцы — гэта добра, гэта эўрапейскае выхаваньне, але ёсьць моманты, калі трэба праявіць рашучасьць, тады трэба зламаць лаўку і даць адпор. І дзеля гэтага мы арганізаваліся», — кажа Сяржук Кедышка.