Аб’яднаны пераходны кабінэт робіць справаздачу за паўгода: «Маем плян на выпадак уступленьня Лукашэнкі ў вайну»

Аб’яднаны пераходны кабінэт: Аляксандар Азараў, Валер Сахашчык, Павал Латушка, Сьвятлана Ціханоўская, Аліна Коўшык, Валер Кавалеўскі. Варшава, 2023

Сьвятлана Ціханоўская заснавала Аб’яднаны пераходны кабінэт 9 жніўня 2022 году як выканаўчы орган улады. Праз паўгода прадстаўнікі кабінэту падводзяць вынікі сваёй працы. Інфармацые абнаўляецца.

На брыфінгу з нагоды паўгодзьдзя працы Аб’яднанага пераходнага кабінэту, адказваючы на пытаньне журналіста датычна патэнцыйнага ўступленьня Лукашэнкі ў расейскую вайну супраць Украіны, прадстаўнікі кабінэту заявілі пра існаваньне пляну на такі выпадак.

Плян на выпадак далучэньня Беларусі да вайны

Пра такі плян згадаў кіраўнік ByPOL Аляксандар Азараў:

«Мы не чакаем, калі Лукашэнка ўступіць у вайну; мы працуем, каб ён гэтага не зрабіў. У нас ёсьць дамова з украінцамі, ёсьць плян, і мы паводле яго працуем. Гэты плян цяпер агучваць нельга. Лукашэнка гатовы да вайны і толькі час пакажа, калі ён у яе ўступіць».

Аляксандар Азараў таксама заявіў, што «плян „Перамога“ можа рэалізавацца, калі беларусы ўнутры Беларусі будуць гатовыя да дзеяньняў»:

«Ён распрацоўваўся, яшчэ калі вайны не было. Таму цяпер мы фарматуем плян, праца зь ім працягваецца. Плян можа быць запушчаны пад пэўныя падзеі, калі беларусы будуць гатовыя нешта рабіць у Беларусі», — сказаў Азараў.

Адносіны з Украінай

Сьвятлана Ціханоўская выказалася пра стасункі з Украінай. Паводле яе, непублічныя сустрэчы з прадстаўнікамі ўкраінскай улады былі:

«Мы будзе падтрымліваць украінцаў і ўкраінскі народ у іх барацьбе супраць расейскай агрэсіі. У нас ідзе цяпер праца ва Ўкраіне, у Кіеве. Былі сустрэчы з прадстаўнікамі Вярхоўнай Рады, з прадстаўнікамі адміністрацыі. Некаторыя зь іх былі непублічныя».

Наконт стасункаў з Украінай выказаўся і прадстаўнік Кабінэту Валер Кавалеўскі.

«Было шмат экспэртных сустрэч. Мы не зусім задаволеныя тым узроўнем адносінаў, якія маюцца, але мы разумеем, у якіх складаных умовах цяпер Украіна. Для нас першым прыярытэтам будзе іх падтрымка. Ёсьць напрацоўкі для дыялёгу на экспэртным узроўні. Мы бачым пэрспэктывы для працы на міжнародным узроўні».

Сьвятлана Ціханоўская дадала, што «цяпер ня можа ўехаць ва Ўкраіну, каб сустрэцца з прадстаўнікамі палка імя Каліноўскага».

«Каб уехаць на тэрыторыю Ўкраіны, мне трэба запрашэньне ад МЗС Украіны. Пакуль такога запрашэньня я не атрымлівала. У мяне статус афіцыйнага госьця Літвы, і, каб літоўскі бок мог арганізаваць візыт у любую краіну, мусіць быць камунікацыя на ўзроўні МЗС».

Яна дадала, што мае кантакты з прадстаўнікамі палка.

Закрыцьцё пераходу ў Баброўніках

Прадстаўнікі кабінэту падтрымалі рашэньне Польшчы аб узмацненьні ціску на ўладу ў Беларусі. На думку Паўла Латушкі, перамяшчэньне грузаў можа быць сур’ёзным ціскам на рэжым:

«Пераходны кабінэт апублікаваў сваю пазыцыю наконт закрыцьця руху на памежным пераходзе Баброўнікі — Бераставіца. Мы падтрымліваем пазыцыю Польшчы, лічым, што трэба ўзмацняць ціск на рэжым Лукашэнкі. Польшча дамагаецца вызваленьня з турмы Анджэя Пачобута, Анжаліка Борыс знаходзіцца пад хатнім арыштам. Мы заклікаем у нашым звароце ўрады Літвы, краін ЭЗ і ўсе дэмакратычныя краіны падтрымаць рашэньне Польшчы і ўзмацніць ціск на рэжым Лукашэнкі. Спыненьне транзыту грузаў можа быць важным ціскам на рэжым. Мы не гаворым аб перамяшчэньні грамадзян, мы гаворым пра таварныя патокі. Гэта можна разглядаць як сыгнал Брусэлю аб тым, што патрэбны 10-ы пакет санкцый».

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: АПК падтрымаў рашэньне Польшчы закрыць пункт пропуску ў Баброўніках на мяжы зь Беларусьсю

Перамовы аб палітвязьнях

Прадстаўнікі кабінэту гатовыя на перамовы з уладамі Беларусі наконт палітзьняволеных. Пра гэта заявіла падчас прэсавай канфэрэнцыі прадстаўніца Кабінэту Вольга Гарбунова.

«У гэтых перамовах ёсьць вялікая рызыка быць падманутымі. Першым сыгналам з боку рэжыму можа быць тое, што спыняцца рэпрэсіі і катаваньні. Адным з крокаў можа быць вызваленьне палітзьняволеных, якія па гуманітарных прычынах ня могуць там знаходзіцца: людзі з інваліднасьцю, шматдзетныя маці. Мы гатовыя зрабіць крок насустрач, аднак стварэньне камісіі, якая прызначаная для вяртаньня з-за мяжы, — гэта дакладна не такі крок».

Аб альтэрнатыўным беларускім пашпарце

Прадстаўнік Кабінэту Валер Кавалеўскі выказаўся пра магчымасьць стварэньня альтэрнатыўнага беларускага пашпарту:

«На гэты момант распрацаваны дызайн пашпарту. Мы разумеем, што патрэбнае прызнаньне дакумэнту, каб яго маглі прымаць дзяржаўныя органы... Ён робіцца ня толькі для пацьвярджэньня беларускага грамадзянства, але для міжнародных паездак. Мы шмат кансультаваліся з міжнароднымі партнэрамі, каб яны пацьвердзілі пэрспэктыўнасьць ідэі.

Ёсьць папярэднія дамоўленасьці па гэтай справе, але не магу раскрываць усе дэталі. Праект падтрымліваецца Эўракамісіяй, але посьпех залежыць ад таго, ці атрымаем мы падтрымку ад асобных дзяржаў».


Кабінэт хоча наладзіць супрацу з Інтэрполам, каб беларусаў не арыштоўвалі за мяжой на запыт уладаў.

«Мы цяпер вядзем працу з Інтэрполам, каб Інтэрпол верыфікаваў запыты з беларускага боку праз нас. Рэжыму л1гка падмануць і назваць непалітычнай палітычную справу. Мы сабралі доказы затрыманьняў па палітычных матывах і хочам напісаць запыты ў Інтэрпол», — сказаў Аляксандар Азараў.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Паўгода Кабінэту і ўтварэньне Рады бясьпекі на чале з Пазьняком. Дыскусія Вусава і Марцалева

Паводле Аб’яднанага пераходнага кабінэту, разам з фармаваньнем уласнай структуры і адладжваньнем унутраных працоўных мэханізмаў гэтыя паўгода Кабінэт працаваў па наступных кірунках:

  • міжнародныя адносіны;
  • адносіны з Украінай;
  • фармаваньне сілавога блёку;
  • санкцыйны ціск на рэжым;
  • крымінальны перасьлед асобаў, адказных за рэпрэсіі і саўдзел у агрэсіі супраць Украіны;
  • дапамога палітвязьням;
  • нацыянальная культура і адукацыя.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Сахашчык ператварыўся ў паўнавартаснага палітыка». Вынікі паўгода працы Аб’яднанага кабінэту

Што такое Аб’яднаны пераходны кабінэт Беларусі

На канфэрэнцыі «Новая Беларусь» у Вільні 9–10 жніўня Сьвятлана Ціханоўская заявіла аб стварэньні Аб'яднанага пераходнага кабінэту, які будзе працаваць на галоўныя мэты:

  • Абараняць незалежнасьць і сувэрэнітэт Рэспублікі Беларусь, прадстаўляць нацыянальныя інтарэсы Беларусі. Ажыцьцявіць фактычную дэакупацыю Беларусі.
  • Аднавіць канстытуцыйную законнасьць і правапарадак.
  • Распрацаваць і рэалізаваць меры па спыненьні незаконнага ўтрыманьня ўлады, забясьпечыць транзыт улады ад дыктатуры да дэмакратыі, стварыць умовы для правядзеньня сумленных і свабодных выбараў.
  • Распрацоўваць і выконваць рашэньні, неабходныя для дасягненьня дэмакратычных перамен у Беларусі.
  • І ў выніку гэтага павінны быць вызваленыя ўсе палітвязьні.

У складзе Кабінэту пад кіраўніцтвам Ціханоўскай сярод іншых працуюць:

  • Павал Латушка — прадстаўнік Кабінэту па транзыце ўлады;
  • Аляксандар Азараў — па аднаўленьні правапарадку;
  • Валер Кавалеўскі — па замежных справах;
  • Валер Сахашчык — па абароне і нацыянальнай бясьпецы;
  • Вольга Гарбунова — прадстаўніца ў сацыяльных пытаньнях;
  • Аліна Коўшык — прадстаўніца па нацыянальным адраджэньні.

Аб’яднаны пераходны кабінэт Ціханоўскай заявіў, што пачынае рыхтаваць беларусаў да старту пляну «Перамога».

Аб’яднаны пераходны кабінэт патрабуе і будзе дабівацца безумоўнага вываду ўзброеных сіл Расейскай Фэдэрацыі з тэрыторыі Беларусі.

Аб’яднаны пераходны кабінэт заснаваў Місію дэмакратычнай Беларусі ў Брусэлі і накіраваў свайго прадстаўніка ў Кіеў.