Міністар замежных спраў Вугоршчыны Пэтэр Сіярта 13 лютага прыляцеў у Менск. У беларускай сталіцы ён сустракаўся з новым міністрам замежных спраў Беларусі Сяргеем Алейнікам.
Адразу пасьля выхаду з самалёта ў Менску вугорскі дыплямат зрабіў кароткае паведамленьне.
«Вугоршчына чакае ад усіх членаў міжнароднай супольнасьці як мага хутчэйшых дзеяньняў дзеля міру і пазьбяганьня дзеяньняў, якія нясуць рызыку падаўжэньня або эскаляцыі вайны».
Паглядзелі, што зьвязвае Беларусь і Вугоршчыну.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Ад дэманстрацыйнай падтрымкі Расеі да сьвініны і АЭС: вугорскія экспэрты пра візыт міністра Сіярта ў БеларусьГандаль
У 2021 годзе Беларусь прадала ў Вугоршчыну тавараў на 90,5 мільёна даляраў, паводле зьвестак Белстату. Гэта ў 23 разы менш, чым экспарт у Польшчу, і ў 15 разоў менш, чым у Літву. У асноўным Вугоршчына купляла ў Беларусі трактары, калійныя ўгнаеньні, драўніну і матэрыялы зь яе. Вялікая частка з гэтай прадукцыі трапіла пад санкцыі.
У Вугоршчыне тады ж Беларусь набыла тавараў на 141,7 мільёна даляраў. Асноўныя тавары, якія Беларусь купляла там — лекі, шыны, электрычныя трансфарматары, хімічныя смолы.
За першае паўгодзьдзе мінулага году Беларусь прадала ў Вугоршчыну тавараў на 45 мільёнаў эўра. Найбольш Вугоршчына купляла ў Беларусі прадуктаў хімічнай вытворчасьці. Гэта вынікае з дадзеных эўрапейскай службы статыстыкі.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Дзьве тэмы: вайна і санкцыі. Навошта кіраўнік МЗС Вугоршчыны прыехаў у МенскСумесныя праекты
Эканамічнае супрацоўніцтва з Будапэштам меў беларускі «Штадлер». У Вугоршчыне таксама працуе свой «Штадлер» і заводы мелі каапэрацыю ў стварэньні двухпавярховых вагонаў KISS.
Да 2020 году Вугоршчына купляла да траціны трактароў, якія вырабляліся ў Беларусі. Цяпер гэтую статыстыку беларускія ўлады закрылі.
У 2020 годзе абедзьве краіны падпісалі Мэмарандум аб супрацоўніцтве ў энэргетычнай галіне. Абмяркоўвалася магчымасьць працы беларускіх будаўнікоў на аб’ектах інфраструктуры вугорскай атамнай станцыі «Пакш-2».
У 2021 годзе ў Беларусі працавала 8 кампаній з вугорскім капіталам.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: У Беларусь прыляцеў кіраўнік МЗС Вугоршчыны. Ён хоча прадставіць «пазыцыю міру»Вугоршчына супраць санкцый
У чэрвені 2020 году ў Беларусь прыехаў прэм’ер-міністар Вугоршчыны Віктар Орбан. Тады ў Беларусі ўжо былі палітвязьні, за кратамі знаходзіўся Сяргей Ціханоўскі, Павал Севярынец, Мікалай Статкевіч. У Менску Орбан выказаўся за зьняцьце санкцый з Беларусі.
«Беларусь зьяўляецца сябрам „Усходняга партнэрства“, але партнэрства ня можа быць пабудавана на санкцыях», — сказаў тады Віктар Орбан і дадаў, што эканамічнае і гандлёвае супрацоўніцтва паміж ЭЗ і Эўразійскай эканамічнай супольнасьцю — «пытаньне эўрапейскага інтарэсу».
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Орхуская канвэнцыя ААН, «Усходняе партнэрства»: Зь якіх арганізацый і пагадненьняў беларускія ўлады выйшлі пасьля жніўня 2020 годуПасьля пачатку вайны ва Ўкраіне ўлады Вугоршчыны выказваліся супраць увядзеньня санкцый у дачыненьні да Расеі.
Прэм’ера Віктара Орбана лічаць адным з самых лаяльных да Пуціна эўрапейскіх палітыкаў. Ён прыяжджаў у Маскву за тры тыдні да пачатку вайны.
Візыт кіраўніка МЗС Пэтэра Сіярты — гэта першы візыт эўрапейскага чыноўніка такога ўзроўню ў Беларусь з пачатку палітычнага крызісу.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Зь якой місіяй прыехаў у Менск вугорскі міністар і пры чым тут Крэмль і Кіпр